Кацярына Оаро: “Калі я вучылася на журфаку…”

Аўтограф-сесія аўтаркі "Сарочага радыё"

Прэзентацыя прайшла пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Кацярына прыехала на прэзентацыю адмыслова з Францыі. Бо цяпер жыве там разам з сваім мужам, ад якога і мае такое мілагучнае прозвішча.

Кацярына Оаро

Многія, хто пісаў пра маю кнігу, называлі мяне францужанкай беларускага паходжання, – распавядае Кацярына, – Бо ў маім прозвішчы два “о”. Але ўсё не зусім так. Оаро – прозвішча майго мужа, з якім мы цяпер жывем на поўдні Францыі. А сама я з Івацэвічаў.

Уступнае слова падчас прэзентацыі сказала паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева. Менавіта ёй Кацярына даслала свой твор і менавіта яна паведаміла аўтарцы, што Саюз беларускіх пісьменнікаў выдасць кнігу ў серыі “Пункт адліку”.

Кацярына Оаро і Юля Цімафеева

Пісаць аповесць “Сарочае радыё” Кацярына Оаро пачала, вучачыся на першым курсе. Але ўжо не журфаку. На чацвёртым курсе пісьменніца кінула журфак і паехала паступаць у Літаратурны інстытут у Маскву. І паступіла.

У Літаратурным інстытуце вельмі лёгка быць раздаўленай аўтарытэтам, – мяркуе Кацярына, – Там выкладаюць такія “зоркі”, што ў галаве ўвесь час круцяцца думкі “А хто я такі?”, “А што я напісаў?”.

Сама аўтарка вучылася ў таго ж майстра, у якога ў свой час, даўным-даўно, вучыўся і вядомы беларускі пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч.

Але Акудовіч яго, відаць, не любіў. Калі я перадала прывітанне, то па выразе твару зразумела гэта, – распавядае пісьменніца.

Прэзентацыя кнігі “Сарочае радыё” праходзіла ў сяброўскай атмасферы і цягнулася амаль дзве гадзіны. На ёй прысутнічала хоць і не шмат людзей, затое ўсе неабыякавыя: родныя і сябры аўтаркі, аднакурснікі ды сённяшнія журфакаўцы. Словам, усе, за каго Каця хвалявалася, калі пісала кнігу і баялася яе выдаваць:

Спачатку я баялася пісаць гэтую гісторыю, баялася выдаваць кнігу. У Літаратурным інстытуце выкладчык сказаў мне: чаго ты баішся? Ты ж ужо не ў Беларусі. Затое ў Беларусі мае родныя, адказвала я. Пісьменнікі не баяцца! Або пішы, або ты не пісьменнік – настойваў выкладчык. І я стала пісаць. І сапраўды – цяпер кніга выйшла, і я ўжо не баюся.

Аповесць “Сарочае радыё” часткова базуецца на рэальных падзеях. У ёй апісваецца шмат сітуацый, якія цалкам маглі б адбывацца ў нашай рэчаіснасці, але яны ўсё-ткі маюць рэальны пачатак і “нерэальнае”, мастацкае развіццё. Напрыклад, гісторыя пра немагчымасць абараніць навуковую працу па творчасці Быкава.

Адным з галоўных герояў кнігі з’яўляецца горад Мінск. Кацярына мяркуе, што гэта яе ўнёсак у стварэнне так званага мінскага тэксту:

Я не мінчанка. У мінчан, напэўна, гэта атрымліваецца лепш. Але я пісала пра свой журфакаўскі Мінск. Некалі, я памятаю, Артур Клінаў казаў, што мінскага тэксту не існуе. Але я вельмі радая, што сёння ўсё больш і больш аўтараў робяць свой унёсак у стварэнне мінскага тэксту. Бо раней былі маскоўскі тэкст, пецярбургскі. А нашага не было. Цяпер ён спакваля ствараецца. І гэта вельмі добра.

Кацярына раздае аўтографы

Сярод пытанняў, якія задавалі Кацярыне, было і пытанне пра мову: усё-ткі на якой мове мусіць пісаць беларускі пісьменнік? Для Кацярыны Оаро такога пытання не існуе:

Я закахалася ў беларускую мову, калі ў дзясятым класе закахалася ў беларускамоўнага хлопца з гістфаку. Потым быў журфак. Канечне, цяпер у Францыі, мне вельмі не хапае беларускамоўных людзей вакол… Я працую ў кампаніі, дзе мушу рабіць вельмі шмат тэлефанаванняў па ўсім свеце. І калі я тэлефаную у Беларусь, то заўжды пытаюся ў абанента, на якой мове ён хоча, каб я з ім размаўляла. І яшчэ ніводны чалавек не сказаў, што па-беларуску… 

Наступны твор, над якім Кацярына Оаро працуе ўжо цяпер, будзе прысвечаны тэме кахання.

За “Сарочае радыё” мне ўсе робяць заўвагу, што там нават няма любоўнай лініі. Вось я і вырашыла напісаць нешта пра каханне, – напаўжартам распавядае Каця.

А каб выказаць сваю прыязнасць усім, хто прыйшоў на прэзентацыю, Кацярына падрыхтавала падарунак: знакамітыя пірожныя макароны акурат з Францыі і капэрты з урыўкамі літаратурных твораў, якія асабліва любіць аўтарка. Сярод іншага былі заўважаныя Нобелеўская прамова Уільяма Фолкнэра і вершы Рыгора Барадуліна.   

Тэкст і фота – Воля Чайкоўская, для lit-bel.org