Кнігі Юрыя Станкевіча "Шал" і Зміцера Баяровіча "Шалі" — 12 снежня

12 снежня 2012 года а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13) запрашае на прэзентацыю кніг Юрыя Станкевіча “Шал” і Зміцера Баяровіча “Шалі”. 

Гармонія нараджаецца з неспакою. Раўнаважныя “Шалі” ўзнікаюць праз пераасэнсаванне “Шалу”. Час – навальніца. Яго працяг – здавальненне. Словы мэтра ствараюць гісторыю. Словы юнацтва – сучаснасць.

Юры Станкевіч прынёс на старонкі беларускай літаратуры новую манеру пісьма і новы светапогляд. Дзіўны космас яго твораў вымагае ад кожнага чытача саўдзелу і напружанага, часам спусташальнага “суаўтарства”, а праблемы, пастаўленыя ў творах пісьменніка, тычацца лёсу ўсёй еўрапейскай цывілізацыі.

Першую кнігу Зміцера Баяровіча “Шалі” склалі лірычна-побытавыя мініяцюры. Кніга разлічана на чытача, які шукае новых уражанняў і прыгод. 

Парадаксальны Юры Станкевіч і маляўнічы Зміцер Баяровіч. Дзве імпрэзы за адзін вечар. Адзін вечар двух сучаснікаў.

У вечарыне прымуць удзел маладыя паэты Алесь Емяльянаў і Ганна Дусь, спецыяльны госць – Мікіта Найдзёнаў (гурт HURMA).

Уваход вольны

Прэсавая служба СБП