Кнігі з Беларусі ў Франкфурце-на-Майне

Праект Books From Belarus прапануе еўрапейскаму кніжнаму рынку выбарку з 8 кніг 8 беларускіх аўтараў. Гэтакая эсэнцыя сучаснага айчыннага літпрацэсу, пададзеная ў мінімалістычнай форме – каб у патэнцыйнага замежнага выдаўца абудзілася цікавасць і не разбегліся вочы.

BOOKS FROM BELARUS – ініцыятыва незалежных беларускіх выдавецтваў і Шведскага Інстытута (Swedish Institute), які вядомы не толькі прамоцыяй шведскай культуры за мяжой, але і падтрымкай культурных ініцыятываў з іншых краін.

Нарэшце ўсвядоміўшы, што «калі мы разам, нас не зламаць нікому», беларускія выдаўцы сабраліся, каб выбраць з усяго бязмежжа сучаснай айчыннай літаратуры спіс з імёнаў і назваў, якія маглі б зацікавіць чытачоў, а перш за ўсё – выдаўцоў і перакладчыкаў з іншых краінаў. У выніку быў сфарміраваны шорт-ліст з 8 аўтараў (па кнізе з пісьменніка), якія ўвайшлі ў каталог.

Хто трапіў у праект Books From Belarus?

«Мы імкнуліся падаць беларускую літаратуру максімальна адэкватна і разнастайна – жанрава, гендэрна, стылістычна, – кажа Дар’я Вашкевіч, адна з беларускіх куратараў праекту. – Вядома ж, шмат добрых тэкстаў і цікавых аўтараў не трапіла ў першы каталог, але трэба было з кагосьці пачынаць».

Дар’я дадае, што яна асабіста будзе лічыць поспехам канкрэтныя дамоўленасці і кантракты на выданне нашых аўтараў у іншых краінах: «Важна ўсведамляць, што гэты праект – камандная гульня. Калі ў Еўропе стрэліць адзін наш аўтар, гэта аўтаматычна павялічыць шанцы на пераклады і выданні іншых удзельнікаў каманды».

 

«Беларуская літаратура, як мне бачыцца, цяпер перажывае час пад’ёму, і гэтым патрэбна скарыстацца, – адзначае перакладчык і куратар праекту Нільс Хакансан– Можна сказаць, што яна мае ўсе шанцы заняць тое месца, якое адваявала сабе ўкраінская літаратура, але я бы ставіў за мэту стрэліць вышэй. Адзінае, чаго нам усім не хапае – гэта перакладчыкаў на вялікія мовы – англійскую, нямецкую, французскую. Але падкрэслю, што разам з тымі перашкодамі, якія маюць цяпер усе еўрапейскія пісьменнікі, у беларускіх літаратараў ёсць і добрыя магчымасці».

 

 Frankfurt Book Fair – самы вялікі і стары кніжны форум свету. Адбываецца штогод у сярэдзіне кастрычніка. Апошнія гады збірае каля 7000 удзельнікаў са 100 краінаў свету і больш як 250 тыс. наведвальнікаў. У гэтым годзе пройдзе з 9 па 13 кастрычніка. Галоўнай тэмай кірмаша сёлета абралі Бразілію і бразільскую літаратуру. Беларусь будзе прадстаўленая ў Франкфурце ўпершыню.

 

Kasia SyramalotЗа афармленне стэнду і ўвесь дызайнерскі фарш адказвае каманда 34mag.net. «Падчас распрацоўкі дызайну мы прынцыпова адмовіліся ад выкарыстання тых стэрэатыпаў, якія ёсць у Еўропе пра Беларусь, – кажа дызайнер Кася Сырамалот.– Нашай мэтай было зрабіць мінімалістычны і сучасны дызайн без заляцанняў да спажыўца, ён павінен падкрэсліваць – у нас усё добра з літаратурай, ёсць годныя аўтары, ёсць моцныя тэксты, ты можаш да нас далучыцца. Акцэнт зроблены на аўтараў – іх партрэты, выкананыя нашай мастачкай Ганнай Крук, стануць адным з галоўных візуальных рашэнняў стэнду».

Па цэнтры стэнду будзе размяшчацца лагатып праекту – двухметровая лацінская літара «B», што будзе выкарыстоўвацца як кніжная паліца, да якой кожны наведвальнік зможа падысці па каталог. Сам каталог будзе выкананы ў яскравым колеры electric turquoise.

На Франкфурце праект не скончыцца – у наступным годзе Books From Belarus чакаюць «гастролі» па шэрагу іншых кніжных кірмашоў.

34mag.net