Кніга ў інтэрнэт-эпоху

28 студзеня ў Мінску пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў прайшоў міжнародны семінар, прысвечаны будучыні кнігі ў электронную эпоху. У семінары ўзялі ўдзел беларускія выдаўцы, рэдактары, пісьменнікі, перакладчыкі: Аляксандра Дынько, Анатоль Івашчанка, Зміцер Колас, Барыс Пятровіч, Уладзімір Сіўчыкаў, Анка Упала, Юля Цімафеева, Ганна Янкута, а таксама шведскія спецыялісты ў сферы развіцця электроннай кнігі Эрык Энгрэн і Даніэль Урэй.
Удзельнікі семінара
Уплыў кампутарных і інтэрнэт-тэхналогій з кожным годам усё мацней адбіваецца практычна на ўсіх сферах нашага жыцця. Безумоўна, літаратурна-выдавецкая справа таксама не ўстане яго ўнікнуць. Што стане з кнігай – яна знікне як перажытак старой культуры або, змяніўшы форму, застанецца запатрабаванай і надалей?
Хоць першае, песімістычнае, меркаванне ўсё яшчэ дзе ні дзе чуецца ў літаратурным свеце, спецыялісты схільныя аддаваць перавагу аптымістычнаму варыянту.
Эрык Энгрэн і Даніэль Урэй
Як глядзяць на праблему змены фармату кнігі ў Швецыі, сваім беларускім калегам распавялі прадстаўнікі Міжнароднага Медыя-Электроннага Сэрвісу (International Media Electronic Service – IMES) Эрык Энгрэн і Даніэль Урэй. Па іх словах, шведскі рынак электроннай кнігі яшчэ не такі развіты, як, прыкладам, у ЗША, дзе продажы выданняў у новым фармаце ўжо пераўзыходзяць продажы кніг на паперы. Аднак буйныя і дробныя шведскія выдавецтвы, прадчуваючы хуткія змены, ужо цяпер спрабуюць абазначыць свае пазіцыі і ў пэўнай ступені падзяліць будучы рынак электронных выданняў. І адна з асноўных праблемаў, з якой яны сутыкаюцца на гэтым шляху, -- вялікая колькасць кніжных фарматаў.
Калі раней практычна адзіным фарматам, прыгодным для чытання кніг з кампутара быў pdf, то цяпер са з’яўленнем разнастайных прыстасаванняў з падтрымкай тэкставых файлаў, яго выкарыстанне робіццца не дужа апраўданым. Сярод асноўных прычынаў гэтаму – Adobe Reader, праграма для чытання файлаў pdf, якая хоць і распаўсюджваецца бясплатна, аднак належыць прыватнай амерыканскай кампаніі Adobe.
Таксама практычна кожная буйная фірма, якая займаецца вытворчасцю смартфонаў, планшэтаў і электронных чыталак, стварае фармат, прыгодны толькі для свайго прыстасавання.
Менавіта таму, па словах прадстаўнікоў IMES, адным з найбольш перспектыўных электронных кніжных фарматаў можна стаць бясплатны і свабодны фармат EPUB. Яго выкарыстанне таксама плануецца ў беларускай інтэрнэт-кнігарні электронных кніг BYBOOKS, дапамогу ў запуску якой ажыццяўляюць шведскія спецыялісты. Запуск праекта плануецца ў хуткім часе.
Таксама на семінары абмяркоўваліся пытанні распаўсюду электронных кніг і аховы аўтарскага права, якія выклікалі жывую дыскусію сярод беларускіх выдаўцоў і рэдактараў, якія таксама падзяліліся сваім бачаннем вырашэння праблемы ў Беларусі.
Прэсавая служба СБП