Кніга Барыса Пятровіча “Спакушэнне”: Ад мрояў да прапановаў

Сёння думаеш, што ў дзевяностыя наогул не было лета, і нават спёка тады была халоднай і ледзяной. Безумоўна, гэта ўплыў літаратуры. Калі дастаю з шафы тагачасныя (вось цікавае слова – тагачасныя) кніжачкі – рататарныя і друкаваныя, з чорна-бела-шэрымі вокладкамі, мяне заўсёды агортвае нейкі містычны холад, як быццам нешта было ў тым часе метафізічнае і густа-чорнае, графічнае. Было і сплыло.

Бог яго ведае, як эстэтыка суадносіцца з часам, але з’яўляецца адчуванне, што ў безынтэрнэтную пару літаратура пісалася неяк інакш і крыху па-іншаму ўспрымалася. Канец не вельмі цудоўнай эпохі запрасіў новых інжынераў даследаваць новыя душы, канструяваць якія ўжо нікому б не прыйшло да галавы.

Прыкладна ў той час разгортваецца проза Барыса Пятровіча, і апавяданні, якія ўвайшлі ў кніжку “Спакушэнне”, пераважна тагачасныя.

Я бы нават сказаў, што Пятровіч сёння адзін з нешматлікіх аскабалкаў дзевяностых, якія працягваюць трансляваць тую эстэтыку. Маю на ўвазе тых, хто ўсё яшчэ піша і друкуе прозу, канечне, а не маўчыць. Можна назваць усяго некалькі імёнаў: Ігар Бабкоў, Анатоль Казлоў, Віктар Казько, Франц Сіўко, Юры Станкевіч, Уладзімір Сцяпан, Андрэй Федарэнка. Астатнія моцна змяніліся (у граматычным значэнні – “змянілі сябе”). З пазнейшай генерацыі ў поле прыцягнення метафізікі траплялі і трапляюць Ілля Сін і Альгерд Бахарэвіч, што натуральна, бо яны ў сваім пакаленні празаікі найважнейшыя.

Барыс Пятровіч, як вядома, ішоў па разанаўскай лініі стварэння аўтарскіх жанраў. На гэта ў 1990-я грашыў шмат хто, але Пятровіч, мусіць, быў найбольш паслядоўным. Таму і апавяданне як жанр прымыкала ў яго да фрэсак і мрояў, і часам даволі цяжка адасобіць іх адно ад аднаго. Тут трэба ўспомніць такую добрую літаратуразнаўчую затычку, як магічны рэалізм, у нацыянальным яго варыянце, канечне (ужо мне гэтыя вядзьмаркі, русалкі, загадкавыя старыя, закінутыя дамы і векавыя дуплістыя дрэвы – дзе  іх толькі не было, каго яны толькі не адпраўлялі богведама куды!). У прозе Барыса Пятровіча беларускі магічны рэалізм якраз найбольш праяўляецца ў малафарматных жанрах, у іх, прынамсі, ён дасягае квінтэсэнцыі. У апавяданнях, калі можна так сказаць, ён крыху адступае перад жанравым канонам рэалістычнага апавядання. Аўтар ужо не так рашуча занураецца ў эмпірэі-“мроі”, спрабуе захаваць сюжэтную канву. У той жа час кніга як цэлае таксама раіць аўтару не раскідацца і захоўваць раўнавагу.

Ведама, апавяданні з розных кніжак крыху адрозніваюцца. У першых зборніках Барыса Пятровіча ішло яўнае змаганне з савецкай празаічнай эстэтыкай. Той жа “вясковай прозай”, напрыклад. Рамантызацыя вёскі, сюжэт “сустрэча аднакласнікаў”, замілаванне “паганскімі традыцыямі” – усё гэта ў апавяданнях Пятровіча 1980-х – пачатку 1990-х жорстка высмеяна. Традыцыйная тэматыка перакульваецца ім дагары нагамі, прычым гэтыя брудныя ногі выглядаюць даволі натуралістычна: алкашы, ашалелыя ад гарэлкі, распад асобы – замест рамантызацыі. Пятровіч нярэдка гуляе з часавымі пластамі (“паралельнасць” у прозе таксама з 1990-х прыходзіць), ягоны асноўны “лірычны герой” становіцца “трапленцам” то ў мінулае, то ў будучыню.

Зрэшты, усё гэта не так важна, як сам настрой, інтанацыя. Яна ў прозе Барыса  Пятровіча і вабіць (чытаеш тэкст аортай, скажам так; не люблю набокаўскага “пазваночніка”), праз яе амаль не заўважаеш у першых апавяданнях крыху каструбаватую мову, не вельмі выразныя канцоўкі, запінкі (сказы робяцца кароткімі, эліптычнымі – таксама, магчыма, рэакцыя на “складаназалежнасць” савецкай беларускай прозы). Калі адгарнуць канец кніжкі, то такіх запінак там ужо не знойдзеш, хоць, не ведаю, па-мойму і інтанацыя змянілася.

Што праўда, яно непазбежна. Тая самотнасць і шукшынская дзівакаватасць-танкаскурасць, якая была характэрна для герояў прозы Пятровіча 1990-х гадоў,  не магла не развівацца. Я бы сказаў, што цяпер з тагачаснай эстэтыкі (прынамсі, у апавяданнях апошніх гадоў) Пятровіч плаўна дрэйфуе ў бок эсэістыкі. І ранейшая яго проза давала для гэтага падставы, бо апавяданне ці фрэска часта перарастала ў маналог апавядальніка. Цяпер жа, у 2000-я, гэтая нетаропкая і спакойная плынь свядомасці, якая добра ведае, куды плыве (а раней, дарэчы, не ведала), прыводзіць герояў да пэўных філасофскіх абагульненняў. Так, напрыклад, збудавана апавяданне (ці, хутчэй, аповесць) “Каханне ў краіне, дзе не было сэксу”, аснову якога складае знойдзены ў букіністычнай кнізе ліст – разважанне, ледзь не трактат пра лёс, пра стасункі мужчыны і жанчыны, на чым яны грунтуюцца і якімі законамі кіруюцца.

Увогуле, кніга вартая. Яна, канечне, наўрад ці “парве фэйсбук” і гэтак далей, але чытаць яе цікава, водгалас у сэрцы застаецца. А як інакш, калі ўсё пра каханне, дзяцінства і самоту? Тут і чытаючы не схлусіш. І пішучы, пэўна ж, таксама.

 

Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ

budzma.org