Кніга «Прошча» як мастацкае цэлае: да 70-годдзя Уладзіміра Някляева

“Прошча” – пятая паэтычная кніга Уладзіміра Някляева, якая выйшла ў 1996 годзе. Гэта выключны зборнік у многіх адносінах. Сам Уладзімір Някляеў у гутарцы з аўтарам кнігі адзначыў, што “Прошча” – першая кніга, якая была складзена і старанна прадумана ім самім ад пачатку да канца і выйшла без усялякіх цэнзурных перашкод. Усё ў ёй – размяшчэнне вершаў і паэм, тэматычнае адзінства – адлюстроўвае першапачатковую творчую задуму. Скажэнняў не адбылося.

Чатыры часткі кнігі – цыклы лірычных вершаў і аднайменныя паэмы “Прошча”, “Індыя”, “Зона”, “Саракавіны” – аўтаномныя і ў той жа час адзін ад аднаго неадлучныя. Дакладней: разам яны адкрываюць шырэйшыя магчымасці для інтэрпрэтацыі.

Цыклы не супярэчаць адзін аднаму; кожны з іх, у пэўным сэнсе, працягвае папярэдні; гэта чатыры часткі аднаго шляху. У той жа час тэматыка вершаў, змешчаных у адзін з цыклаў, можа істотна адрознівацца ад характару іншага цыкла.

Такім чынам, “Прошча” ўяўляе сабой структурнае адзінства ў вялікай жанравай форме – кнізе вершаў. Традыцыя падобнай цвёрдай арганізацыі вершаванага зборніка сыходзіць каранямі ў эпоху сімвалізму. У беларускай паэзіі прыклад формы кнігі вершаў даў Максім Багдановіч (“Вянок”), пазней яна карысталася попытам у паэтаў 1920-х і 1960-х.

У кароткіх характарыстыках акрэсліць асаблівасці кожнага цыкла нялёгка, таму лепш звярнуцца да аналізу кожнай часткі кнігі паасобку.

Першы аддзел зборніка – “Прошча” – дае імя ўсёй кнізе. Справядліва меркаваць, што гэтым аўтар падкрэслівае першачарговую важнасць менавіта гэтай часткі. Разгледзім яе падрабязней.

Першы верш “Радок” хоць і не вынесены эпіграфам да ўсёй кнігі, па сутнасці, ім і з’яўляецца. У ім ужо закладзена думка, што ўсё напісанае – ёсць мітусня, і пераадолець адлегласць паміж зямным і нябесным у словах немагчыма.

Наступныя тры вершы цыкла – “Дым”, “Агонь”, “Камень” – злучаны тэмай першародных стыхій. Іх зменлівасць і ў той жа час нязменнасць “нараджае” лірычнага героя. У чатырохрадкоўі “Камень” усе тры станы з’яднаныя ў адной замкнёнай прасторы, якае нагадвае матчына ўлонне: “У камень увайсці – і ў камяні // Агонь раскласці, сесці пры агні, // Да дыму прываліўшыся спіной, – // І жыць, як за каменнаю сцяной”.

“Насцеж” (твор, які ідзе следам за гэтым чатырохрадкоўем) паказвае нараджэнне героя. Гэта адзіны пазітыўны верш у цыкле, што прызывае цешыцца і не баяцца смерці. У ім захаваны воплеск эмоцый, метафізічная цеплыня, якая змяняецца холадам у вершы “Брытва”. Тут канцэпцыя, толькі што заяўленая ў “Насцеж”, разбураецца. Замест “не страшна памерці” – “Баюся. Прад люстрам стаю”. Акрамя простага вобразу люстэрка, верш у цэлым з’яўляецца люстраным (зваротным) вобразам карціны свету, дадзенай у вершы “Насцеж”. Тут адкрываецца змрочны бок свету, увасоблены ў вобразах болю, жарсці, вайны. Выйсце з негатыўнай карціны пастулюецца ў пасланні “Звер”. Верш пабудаваны як зварот апавядальніка да адрасата: чуецца заклік да індывідуальнай дзеі; рацыянальныя веды дэкларуюцца як амбівалентнае – адначасова няправільнае і правільнае, існае і няіснае. У гэтай амбівалентнасці і індывідуальным дзеянні бачыцца перамога над “зверам”, у вобразе якога ўгадваецца дэманічны д’ябальскі пачатак.

Але знойдзенае выйсце аказваецца пасткай. З набыццём свабоды ад межаў, ад ведаў, з набыццём веры ў амбівалентнасць існага ўзнікае ўстойлівы матыў невыноснай адзіноты: і “гэта ўсё, бадай, што я займеў ад волі”. Верш “Лебедзь” адсылае да старажытнага топасу. У одзе Гарацыя паэт і яго лёс уяўляецца ў выглядзе Лебедзя. Быў пашыраны гэты вобраз ў паэзіі еўрапейскіх дэкадэнтаў. У вершы Уладзіміра Някляева з крыкам лебедзя параўноўваюцца кароткія гудкі ў тэлефоннай трубцы. “Драцяны” голас адзіноты ўзмацняецца.

У наступных двух вершах разлад з рэчаіснасцю яшчэ больш выразны: “Як прывіды, як сны пра сны, як здані // Душу маю пакінулі жаданні”. Узнікае вобраз спаленай хаты, папялішча. У творы “Зімовыя мроі (надпіс на карціне А. Марачкіна)” паказана супрацьпастаўленне навакольнай рэчаіснасці (“злога і крывога” жыцця, у якім “быццам жыць я не ўмею”) – рэчаіснасці мастацкай, “якая сніцца”.

Урэшце герой прыходзіць да часовага замірэння з рэчаіснасцю. Тут люстэркавасць (прааналізавана на прыкладзе вершаў “Насцеж” і “Брытва”) ужо назіраецца ў адваротны бок – ад адмаўлення да прыняцця. Вобраз “мары” і “сну” ў вершы “Зімовыя мроі (надпіс на карціне)” супрацьпастаўлены рэчаіснасці, ён рэзкі. У вершы “Праз каліну” мара і сон знаходзяцца ў гармоніі з навакольным светам, самі гэтыя вобразы ўзнікаюць у выніку злучэння знешняга – чырвонай каліны і неба. Такім чынам згладжваецца выключна негатыўная карціна навакольнага свету, старая рамантычная супярэчнасць.

Цыкл “Прошча” замыкаецца двухрадкоўем “Самаэпітафія”, у якім гаворыцца пра смерць як збавенне ад цяжару спазнання. Але гэта хутчэй своеасаблівы эпілог да цыкла, а вось тры вершы, якія па-сапраўднаму завяршаюць цыкл, – “Знічка”, “Змеі” і “Косць” – уносяць галоўны матыў, на якім будзе засноўвацца паэма “Прошча”. Матыў лёсу, фатуму, дэтэрмінаванасці. Лёс – гэта “адно і ёсць, што лёс. А што бывае болей?”. Адзіная сутнасць – чалавечы лёс у свеце, які не змяняецца, “не дабрэе і не злее”. У чатырохрадкоўі “Косць” лёс вызначаецца як “недасягальнасць перамогі”.

Трыптых пра лёс і “Самаэпітафія” падводзяць чытача да ўспрымання паэмы “Прошча”, якая замыкае аднайменны цыкл.

У паэмным цыкле Уладзіміра Някляева “Прошча” займае адметнае месца. Тут найлепей праглядаецца лучнасць паэта з літаратурнай традыцыяй – як еўрапейскай, так і нацыянальнай беларускай.

Адна з магчымых крыніц сюжэта паэмы “Прошча” – верш Янкі Купалы “Песня Званара” (1909):

Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,

Помніць звон, а сястрыца – званіцу.

Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,

Казкі-байкі ліюцца крыніцай.

 

Як у прошчу па лек стане йсці чалавек

К мохам высланай крушні камення, –

Ад звана чарапок, цэглы – муру кусок –

Будуць несці падмогу ў цярпенні.

 

Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном

Спіць мая галава маладая.

Эх, бо ведае свет, што вялікіх дум цвет

Адно толькі на зломе ўзрастае!

Тое, што сканцэнтравана ў Купалы ў кароткім лірычным азарэнні, Някляеў бярэ за аснову для шырокафарматнага твора. Ён пераасэнсоўвае гэты сюжэт як бы дадумваючы за Купалу. Бо і сама структура і вобразнасць паэмы выходзяць з купалаўскай традыцыі рамантычнай паэмы (гл. яго творы “Бандароўна”, “На Куццю”, “Магіла льва”).

Па форме “Прошча” – тыповая неарамантычная паэма. Яна сюжэтная, аснова – старажытная легенда пра горад, што некалі праваліўся пад зямлю і цяпер спачывае на дне возера. Возера і ёсць “прошча” – святыня, месца паломніцтва, надзеленае незвычайнай сілай. Так злучаецца паняцце святыні з паняццем часу: святое возера з’яўляецца адначасова і крыніцай сілы, і крыніцай праўды пра свет. Святыня адмаўляе самыя паняцці часу і прасторы як такія. У глыбіні возера хаваецца высокая званіца. Час у легендзе можа застываць, ён падпадае пад знешні ўплыў.

Класічны сюжэт пра няроўны шлюб, смерць прыгажуні, кахання да яе калекі-званара ў паэме нечакана змяняецца ўсенародным бунтам, у якім праўда і няпраўда, улада князя і ўлада народа патанаюць у крыві. Жыццё на званіцы (г.зн. жыццё ў музыцы, у творчасці) параўноўваецца аўтарам з жыццём на небе – змяняць неба на зямлю нельга ні пры якіх умовах, гэта лёс і пакліканне званара: “усё тваё там, тут нічога твайго”.

Другая частка кнігі “Індыя” першым сваім вершам “Сузор’е Рыб” працягвае тэму паэмы “Прошча” і такім чынам злучае абедзве часткі разам. Тэзе “з нябёс не спускайся” тут супрацьпастаўлена пытанне “што нам да неба – і яму да нас?”. Аналіз уласнага існавання працягваецца, змяняецца толькі вектар, аб’ект. Новы этап – усведамленне і спазнанне нябеснай рэальнасці, той, што знаходзіцца па-над званіцаю. Гэтая рэальнасць увасоблена ў Някляева ў жаночым пачатку, які злучаецца з нябесным, што няўхільна прыводзіць да аналогіі з філасофіяй Вечнай Жаноцкасці Уладзіміра Салаўёва. Нябеснае роўна каханню, а ўвасабленне найвышэйшага Кахання – Жанчына. Лірычны суб’ект у цыкле “Індыя” падвойваецца, аўтарская свядомасць раскрываецца праз множны лік “мы”, “у нас”: герой нібы неаддзельны ад жаночага пачатку. Тут ужо выразныя іншыя аналогіі – з усходнім дуалізмам мужчынскага і жаночага.

Як і ў папярэднім цыкле, у “Індыі” таксама можна прасачыць пэўную ўнутраную дынаміку развіцця. Тут гэта развіццё пачуццяў: узнікненне – росквіт – прадчуванне расколу ў адносінах – астыванне – успаміны пра росквіт пачуцця – разрыў – туга па недасяжным. Вершы з цыкла “Індыя” з’яўляюцца аднымі з самых пранізлівых у някляеўскай любоўнай лірыцы.  Аўтар не шукае тут рэалістычнасці і аўтабіяграфічнасці: паказаны рух эмоцый у своеасаблівым замкнёным коле, з якога немагчыма выйсці – увесь час знаходзішся ў адной са стадый шляху. Гэты шлях абагульнены паэтам у эпічным творы “Індыя”.

Штуршком да напісання паэмы паслужыла захапленне Уладзіміра Някляева ўсходняй філасофіяй, падарожжа ў самую Індыю, вывучэнне індыйскай культуры. Аснова паэмы – міф пра вечнае вяртанне, што некалі аналізаваўся Мірчэ Эліядэ. Па сутнасці, паэма Някляева, можна сказаць, уяўляе сабой творчае пераасэнсаванне ідэй Эліядэ. У паэме сустракаюцца два тыпы герой-еўрапеец і жанчына-індуска. У Эліядэ адрозніваюцца два тыпы светапогляду: 1) “архаічны”, “усходні” (які базіруецца на ідэі цыклічнасці часу) і 2) “сучасны”, “заходні” (які базіруецца на іўдзея-хрысціянскай парадыгме “пра паступальнае развіццё гісторыі да пэўнай мэты”). У паэме Някляева гэтыя два светапогляды не спрачаюцца і не ваююць паміж сабой. Паміж імі ідзе дыялог, а ў выніку дыялогу – узаемапранікненне і ўзаемаадштурхоўванне, якое пераадольваецца ў каханні.

Паэма – ядро кнігі, яе кульмінацыя. Герой, падаючы ў бездань, перажывае метафарычную смерць, уваскрасае і атрымлівае новае прызначэнне – вярнуцца, знайсці “сваё” ў сваім народзе.

У паэме “Індыя” чытач зноў сутыкаецца з матывамі, знаёмымі яму па паэме “Маланка”: рытуальная ініцыяцыя лірычнага героя, матыў сну, “трэцяя асоба дыялогу” – носьбіт найвышэйшай праўды. Пасля Уладзімір Някляеў не аднойчы будзе вар’іраваць гэтыя матывы ў паэмах “Паланэз”, “Ложак для пчалы”, “Турма”. Галоўным адрозненнем ад іншых паэм у “Індыі” з’яўляецца выразная ідэалагема Дарогі і Вяртання. Міфалагема злучана тут і з унутранай логікай паэмы і біяграфіяй аўтара: Індыя не прымае ахвяры лірычнага героя і ставіць яго на “зваротны шлях” – шлях да сваёй краіны. Нябеснае, дэклараванае напачатку цыкла (верш “Сузор’е Рыб”), прыводзіць героя да ўсведамлення каштоўнасці зямнога: вярнуўшыся з вышынь духу, ён пускаецца ў зваротны шлях да “родных берагоў”.

Сімвалічным вынікам “зваротнага шляху” з’яўляецца прыход у Беларусь, да яе наканаваня. Нацыя, перш адлучаная ад паэтычнай свядомасці, узнікае ў кнізе ў цыкле “Зона”. Тут няма строгай унутранай логікі развіцця – тэматыка, праблематыка, матывы пераплятаюцца. Грамадзянская лірыка стала лірыкай par excellence. Перадусім тут выяўляецца асабістая ацэнка і характарыстыка, прычым (упершыню) даволі непрыемная для самой краіны.

У грамадзянскай лірыцы Беларусі заўсёды пераважала замілаванне народам і беларускай гісторыяй. Цыкл Някляева “Зона” – з’ява зусім іншага парадку. Гэта вельмі крытычны погляд на сам народ, на сам нацыянальны рух, на Беларусь увогуле. Паэт кажа пра каханне праз нянавісць. Беларускую песню ў аднайменным вершы ён заве “звар’яцелай жабрачкай”, “бадзяжніцай”, “старой ведзьмай”, “палюбоўніцай”, “сястрой” – кажучы і пра нацыю ў цэлым. Наступны твор “Ідал” метафарычна малюе выбар паміж дзвюма культурамі – ідал прапануе чалавеку службу ў замен на душу (забірае яе праз рытуал прымання атруты), але чалавек можа вярнуцца. Праўда, для гэтага яму зноў трэба прайсці праз метафарычную смерць. У гэтым вершы можна знайсці алюзіі і на біяграфію самога Уладзіміра Някляева – яму таксама давялося зрабіць выбар паміж прыналежнасцю да рускай або да беларускай культуры. Шлях мог быць толькі адзін. Трэці верш “Мутацыя” заклікае героя, які прайшоў праз “смерць” – “займей народ, каб паслужыць народу. Народы не здараюцца знарок”. Чацвёрты і пяты вершы шырока трактуюць праблему імя, называння – выразная алюзія на Кнігу Быцця. Называнне, прысваенне імя – гэта таксама старажытны рытуал, да якіх так схільны Някляеў у сваёй паэзіі. Назваўшыся народам, трэба знайсці прызначэнне і лёс. Але гэтая мэта натыкаецца на супраціў народа, што выклікае хвалю пратэсту, гневу, нянавісці ў лірычнага героя: “Нібы не мы, нібыта не яны – народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву”. Пастулюецца маўчанне пры наяўнасці імя, і гэта не можа быць прынята лірычным героем. Ён прымае толькі асабістую адказнасць. Цвёрдасць гэтай пазіцыі дэкларуецца ў вершы “Татальнасць”: “Аддаў загад – і выканаў загад. Сам капітан. Сам пры сабе салдат. Сам – строй. І сцяганосец сам. І сцяг. Сам – левы фланг і цэнтр, і правы фланг”. Татальнасць адзінкавага быцця штурхае да вар’яцтва і ў той жа час робіць героя ўразлівым. Ім лёгка кіраваць, чаму прысвечаны тры наступных вершы “Біяграфія”, “Барак”, “Рулетка”. Вытокі асабістага лёсу персанажаў у гэтых вершаваных навэлах штораз малююцца як выпадковыя, злучаныя з фатумам. Такім жа дэтэрмінаваным паўстае і сам ход гісторыі.

Кульмінацыяй эсхаталагічных прадчуванняў і настрояў аўтара становіцца апошні твор трэцяй часткі кнігі – паэма “Зона”. Яна ў пэўным сэнсе знаходзіцца ў супярэчнасці з часам 1990-х, бо была напісана Някляевым у 1986 годзе, пасля Чарнобыльскай катастрофы. Зона паўстае цяпер знакам Беларусі – замкнёнай прасторы, “счужэлай” нацыі, забруджанага месца. У паэме аўтар па свежым следзе перадае настрой пасля катастрофы, свае асабістыя ўражанні. Але ў кантэксце самой кнігі яны набываюць сімвалічнае гучанне. Трэба адзначыць, што і сама Зона, і радыяцыя, і ўся трагедыя ў паэме персаніфікаваны.

Цыкл “Саракавіны” завяршае кнігу. Назва яго паходзіць ад абраду памінання нябожчыка на саракавы дзень пасля смерці. Лічыцца, што сорак дзён душа развітваецца з тым, што ёй было люба на зямлі, а ў саракавы дзень назаўжды адлучаецца ад зямлі і сыходзіць на Боскі суд. У той жа час тут выяўляецца аўтабіяграфічная алюзія – на момант выхаду кнігі аўтару споўнілася 50 гадоў: узрост, у якім прынята падводзіць жыццёвыя вынікі. “Саракавіны” падсумоўваюць кнігу. Настрой вершаў – элегічны. Тут няма экспрэсіяністычных прыёмаў. Гэта абагульненне пройдзенага шляху.

У цыкле ўвесь час узнікае матыў асабістай віны і асабістай адказнасці за свой лёс. Гэты матыў найбольш моцны ў паэме “Саракавіны”, вельмі асабістым творы Някляева, бо аб’ектам тут з’яўляецца не суадносіны паэта і натоўпу, не трагедыя нацыі, а яго ўласны лёс, уласная душа, якой няма супакою. Душа развітваецца з зямлёй у старажытным звычаі гэтак жа, як і лірычны герой развітваецца з уласнай кнігай. Апошняе слова паэмы “Саракавіны” і кнігі вершаў “Прошча” наогул – “Судзіце”.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org

Ілюстрацыі Сяргея Чарановіча, з кнігі: У. Някляеў. Прошча. Мінск: "Крыніца", "Мастацкая літаратура", 1996.