Кніга Сяргея Дубаўца "Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду" прэзентаваная ў Магілёве

У магілёўскім грамадскім цэнтры "Кола" 26 лютага адбылася прэзентацыя кнігі пісьменніка і журналіста Сяргея Дубаўца "Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду", пiша БелаПАН.

У кнізе сабраны ўспаміны 50 чалавек, якія ў 1980—1985 гадах удзельнічалі ў дзейнасці "Беларускай майстроўні", займаліся адраджэннем беларускай мовы, духоўнасці, культуры, прыцягваючы ў свае рады ўсё новых і новых прыхільнікаў. 

На думку аўтара, у Беларусі "ніхто не даследуе, не вывучае, не фармулюе для будучых пакаленняў" зусім нядаўнюю гісторыю — 30-гадовай даўніны. 

"Гісторыя не пішацца па той прычыне, што людзі жывуць сённяшнім днём, і нават у адрэзку адведзенага ім часу не думаюць, што было з імі 20—30 гадоў таму. З пратэсту супраць такой сітуацыі і ўзнікла ідэя стварыць кнігу аб першым беларускім публічным аб'яднанні моладзі, якое ўзнікла ў Мінску ў 1980 годзе, — "Беларускай майстроўні", — лічыць Дубавец. 

Паводле яго слоў, нідзе зразумела не тлумачыцца, якім чынам у Беларусі адбылася трансфармацыя — спачатку яна была часткай Савецкага Саюза, а потым стала незалежнай дзяржавай. 

Паводле слоў культуролага Сяргея Харэўскага, сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі з часоў "Беларускай майстроўні" змянілася ў лепшы бок, хоць, канешне, далёкая ад здавальняючай. "Напярэдадні перабудовы ў Беларусі пачуць беларускае слова было практычна немагчыма", — заявіў ён, адзначыўшы, што цяпер сітуацыя ўсё ж іншая, і ён часта чуе беларускую мову з вуснаў незнаёмых яму людзей. 

Выступоўцы былі адзіныя ў меркаванні, што ў цяперашніх рэаліях узнікненне грамадскіх рухаў накшталт "Беларускай майстроўні" немагчымае. 

Кніга Сяргея Дубаўца выйшла ў серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе" ў 2012 годзе аб'ёмам каля 460 старонак.

naviny.by