Кніга Віктара Марціновіча пабачыла свет у Амерыцы ў англійскім перакладзе

Кнігу "Параноя" пераклала на англійскую прафесар славістыкі Даен Немец-Ігнашава, атрымаўшы прэстыжны грант амерыканскага ПЭН-Цэнтра. У аздабленні кнігі выкарыстаны здымак мінскай Плошчы Перамогі. Прадмову да выдання напісаў Цім Снайдэр, аўтар New York Times Review of books.

— Вы спытаеце, што адчуваеш, калі твая кніга выходзіць у Амерыцы? — піша Віктар Марціновіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Не ведаю, сябры, я неяк па-іншаму сабе гэта ўяўляў, — і дадае жартам. — Нью-Йорк, джаз-бэнд, аўтограф-сесія. Сафіты, прыгажуні ў вячэрніх строях... Але ў жыцці ніколі не змяняецца ўсё і адразу.

Крытык Аляксей Номад у рэцэнзіі на раман "Параноя" адзначае:

"Гэтаму беларускаму раману ўдалося закрануць нейкі ўніверсальны, агульны для постсавецкай прасторы нерв. Нічога дзіўнага ў гэтым няма: імперыя абрынулася па ўсім перыметры. Іншая справа, што ў некаторых былых калоніях руінаў апынулася болей, чым здольная пераасэнсаваць культура. Здзіўляе іншае: "Параноя" — у першую чаргу раман пра каханне".

Кнігу можна набыць на amazon.com

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"