Кніга беларускіх казак прызнаная самай прыгожай у Расіі

Гісторыя стварэння гэтай кнігі беларускіх народных казак такая. Слонімскі празаік і драматург Уладзімір Ягоўдзік, які цяпер жыве ў Менску, выбраў з двухтомніка “Народных рускіх казак” Аляксандра Афанасьева беларускія народныя казкі, а потым іх пераапрацаваў, падрэдагаваў і падрыхтаваў спецыяльна для гэтага выдання. Праўда, зборнік беларускіх народных казак “Царэўна ў падземным царстве”, падрыхтаваны Уладзімірам Ягоўдзікам і аформлены Паўлам Татарнікавым, ужо выдаваўся на беларускай мове ў Менску ў 2000 годзе. І за яе афармленне Павел Татарнікаў на Міжнародным біенале ілюстрацыі ў Браціславе атрымаў “Залаты яблык”.

Цяпер мастак Павел Татарнікаў аформіў апрацаваныя Уладзімірам Ягоўдзікам беларускія народныя казкі па-новаму. Малюнкі мастака ў рускамоўным выданні атрымаліся зусім іншымі. Яны не з’яўляюцца ілюстрацыямі ў класічным сэнсе слова, а кожны графічны ліст уяўляе сабой хітра сканструяваны лабірынт вобразаў. Кніжка атрымалася проста шыкоўнай і яркай.

У мінулым годзе, як толькі выданне з’явілася ў кнігарнях Масквы, некалькі месяцаў запар беларускія казкі былі больш папулярнымі за Гары Потэра і хобітаў Толкіена. Згодна з рэйтынгамі вядучых кніжных крамаў Масквы, кожная трэцяя сям’я з расійскай сталіцы летась купіла сваім дзецям “Принцессу в подземном царстве”.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

racyja.eu