Кніга брытанскага прафесара пра сучасную айчынную літаратуру выйшла па-беларуску

Кнігу Арнольда Макміліна, прафесара Школы славістыкі і ўсходне-еўрапейскіх даследаванняў Лонданскага ўніверсітэта, спецыяліста па беларускай культуры ў Вялікабрытаніі, “Пісьменства ў халодным клімаце: Беларуская літаратура ад 70-х гг. ХХ ст. да нашых дзён” пераклалі на беларускую мову. Выданне 910-старонкавага тома ажыццявіла беластоцкае выдавецтва Orthdruk (Польшча).

Арыгінальнае англамоўнае выданне “Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day” пабачыла свет напачатку 2010 года.  Яго прэзентацыя прайшла падчас V Міжнароднага кангрэсу беларусістаў, куды брытанскі прафесар наведаўся разам са сваёй ёмістай працай.

Паводле прызнання самога Арнольда Макміліна, праца над гэтай кнігай заняла ў яго не менш за шэсць гадоў. Яе структуру сам аўтар у інтэрв’ю Радыё Свабода ахарактарызаваў наступным чынам: “Я пачынаю са Стральцова, потым ідзе раздзел пра Барадуліна — гэта самыя выбітныя пісьменнікі старэйшага пакалення. Потым — “Тутэйшыя”, іх сучаснікі і асобна — Анатоль Сыс, Уладзімір Някляеў, Адам Глобус і Уладзімір Арлоў. Во, я забыўся пра самага важнага — Алеся Разанава. Я хацеў бы напісаць сур’ёзную кнігу пра Васіля Быкава, але ёсць праца Зінаіды Гімпелевіч. <…> Потым у маёй кнізе ідуць сучаснікі Бумбамліту, потым — яшчэ драматургі і правінцыйная літаратура. І заканчваю я Андрэем Хадановічам, бо хацеў закончыць на вясёлай ноце”.

Старшыня СБП Алесь Пашкевіч адзначыў, што вельмі спадзяецца на хуткую прэзентацыю кнігі ў Беларусі пры асабістай прысутнасці прафесара Макміліна.

Пра Арнольда Макміліна.

Арнольд Макмілін нарадзіўся 21.06.1941 у горадзе Нью-Касл-Элен-Тайн (Вялікабрытанія). З 1987 года — прафесар Школы славістыкі і ўсходне-еўрапейскіх даследаванняў Лонданскага ўніверсітэта. У 1991 годзе пачаў выкладаць там курс лекцый “Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя”. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра дзеячаў беларускай культуры і літаратуры, а таксама кніг “Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX стагодздзя”, “Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да нашых дзён” і інш. Пераклаў на ангельскую мову (разам з Верай Рыч) паэму “Тарас на Парнасе” і іншыя творы беларускай літаратуры.

прэсавая служба СБП