Кніга пра літаратуру — "Асьвечаныя беларушчынай" Алеся Бяляцкага

500-старонкавае выданне "Асвечаныя беларушчынай" уклала Паліна Сцепаненка. Гэтую кнігу Алесь Бяляцкі задумаў выдаць да свайго 50-годдзя, 25 верасня 2012. Загадзя пачаў збіраць тэксты, аднак у жніўні 2011 быў арыштаваны.

Праваабаронца Таццяна Равяка паведаміла: "Літаральна на днях выйшла кніжка Алеся Бяляцкага. Называецца "Асвечаныя беларушчынай". Гэта кніга яго літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ, якую ён планаваў выдаць да свайго 50-годззя. Але, як ведаеце, 50-годдзе і год да гэтага юбілею Алесь правёў за кратамі. І таму яго калегі вырашылі, што гэтая кніга ўсё ж павінна выйсці"

Маладзейшыя мо і не чулі, што да таго, як у Беларусі з’явілася пільная патрэба ў абароне правоў чалавека, сённяшні палітвязень, беларускі кандыдат на Нобелеўскую прэмію міру займаўся літаратурнымі даследаваннямі, быў дырэктарам Музея Багдановіча... Кніга Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай», прысвечаная постацям і творам беларускай літаратуры, нядаўна была надрукаваная ў Вільні.

Адкрываюць кнігу свежыя артыкулы. Першы з іх, «Пра беларускую турэмную літаратуру», быў перасланы ў сямі лістах з Бабруйскай калоніі. Бяляцкі аналізуе зборнік Уладзіміра Някляева «Лісты да Волі» з паэмай «Турма», параўноўваючы яго паэзію з Купалавай.

«Някляеў-палітык не знішчыў Някляева-паэта», — адзначае Бяляцкі. А зборнік «Амеріканскіх стіхов» Аляксандра Фядуты і кніга Васілія Гросмана, прачытаныя ў турме, навялі на думкі, «наколькі ўсё ж розная чалавечая істота» ў памежнай сітуацыі, кшталту турмы, ва ўмовах экзістэнцыйнага выбару. Там, дзе адны бачаць «жахі КДБ», іншыя — веліч чалавечага духу і магчымасць выбару нават у безнадзейнай сітуацыі. «Калі раней платай за захаванне чалавечай годнасці часта было само жыццё, то цяпер кошт непараўнальна меншы, але ўсё ж такі вельмі істотны: кар’ера, дабрабыт, матэрыяльныя выгоды, сямейны спакой... І як вытрымаць?»

Бяляцкі прапануе мець арыенцірам творы Быкава і Гросмана, Геніюш і Шаламава.

Кніга «Апошні рэйс» Хвядоса Шынклера, адна з нешматлікіх беларускіх кніг з бібліятэкі Жодзінскай турмы №8, стала для аўтара нагодай скласці нарыс пра гэтага забытага пісьменніка 1920—1940-х. Паказаць праз лёс інтэлігента гісторыю запрыгоньвання літаратуры, маральнага, а пасля і фізічнага знішчэння асобы ў сталінскія часы.

Яшчэ адно турэмнае эсэ, складзенае ў Бабруйску, прысвечанае даўняму сябру, паэту і праваабаронцу Сержуку Сысу. Пачаўшы ад адзінай пакуль кнігі паэта «Стрэмка», Бяляцкі расказвае гісторыю трыццацігадовага сяброўства, дзе досыць і смешнага, і трагічнага.

Рэшта твораў, змешчаных пад вокладкай з Пегасам, друкаваліся раней у «Дзеяслове», «ЛіМе», «Беларусі», «Маладосці»...

З сабраных ра-зам тэкстаў розных гадоў складаецца цэласны літаратурны канон: Купала і Юхнавец, Арсеннева і Аляхновіч, Каганец і Золак, Адамовіч і Глобус.

Кніга выйшла накладам 1000 асобнікаў. Дарэчы, сам аўтар ужо атрымаў асобнік.

У лютым плануецца правесці прэзентацыю выдання.

 

Андрэй Скурко, nn.by, а таксама euroradio.fm