Кніга сораму і адказнасці: Падручнік для беларускага журналіста

Сваім часам Дэйл Карнэгі напісаў кнігу "Як перастаць непакоіцца і пачаць жыць". Мы не Карнэгі — мы ведаем, што чалавек застаецца чалавекам, пакуль ён турбуецца, клапоціцца і непакоіцца. Прынамсі, у Беларусі гэта працуе менавіта так. 

Калі б мяне папрасілі ахарактарызаваць кнігу Кацярыны Оаро "Сарочае радыё" ў двух словах, я б сказаў, што гэта кніга сораму і няёмкасці. Менавіта гэтыя два словы найлепш характарызуюць галоўную гераіню: сорам і няёмкасць — уласцівасці сумленнага чалавека. Сорам — ад таго, што не можаш дапамагчы перамозе добрай справы. Няёмкасць — ад таго, што вымушаны працаваць у падполлі, пад псеўданімам і хаваць гэта ад большасці навакольных.

Сумленным журналістам быць няпроста паўсюль, нават у Штатах (ведаем — дзякуй Галівуду!). У Беларусі быць сумленным журналістам складаней удвая — у гэтым пераконваецца гераіня аповесці "Сарочае радыё" Таня Цыбулька. 

Увогуле, гэты твор можна было б рэкамендаваць для чытання абітурыентам журфаку — каб азнаёміліся з вялізнай колькасцю будучых праблемаў. Вы хочаце пісаць на тэмы культуры, як і большасць журналістаў-пачаткоўцаў? Не чакайце такой літасці ад рэдактара Ўлада — яе не будзе. Увесь асартымент, які вас чакае, — гэта пераважна сацыяльныя праблемы: барацьба ўладаў са спадарожнікавымі талеркамі, радыяцыйная плітка на галоўнай плошчы сталіцы. Бываюць і сустрэчы з цікавымі, неардынарнымі людзьмі, але зноў жа зусім не ў рамках культуры напрыклад, з хворай на рак Ірынай Казулінай. 

З культурай журналістка перасякаецца толькі на судовай лаве — на працэсе, на якім артыст Павел Харланчук адстойвае сваё права на акторскую прафесію. Ды яшчэ ў студэнцкай аўдыторыі, дзе выкладчык-перастрахоўшчык заніжае адзнаку за студэнцкую працу толькі таму, што яна прысвячаецца творам Васіля Быкава — пісьменніка, непрыемнага для ўлады. 

Аповесць насычаная і, можа, нават перанасычаная беларускімі актуаліямі — падзеямі і персанажамі. Зрэшты, мастацкасці твору гэта не шкодзіць: усе рэальныя асобы і падзеі паказаныя вачыма журналісткі Тані Цыбулькі. Паказаныя так, як рэпартажная журналістыка не малюе сваіх персанажаў. 

Аповесць "Сарочае радыё" магла б стаць добрай асновай для вострасюжэтнага (сацыяльнага!) кінабаевіка. Пры ўсім тым, што аўтарку больш цікавіць унутраны свет галоўнай гераіні, а не вонкавыя падзеі. Іначай перад намі ляжаў бы зборнік артыкулаў пра надзённае, а не мастацкая кніга. 

Падабенства да "трылера" — гэта не плюс і не мінус аўтара. Проста ў іншай стылістыцы апісваць журналісцкую працу ў цяперашняй беларускай рэчаіснасці складана.

Зміцер Дзядзенка

arshanski.livejournal.com