Кніга вершаў і перакладаў Аксаны Данільчык выйшла ў “Кнігарні пісьменніка”

Новая кніга беларускай паэтыкі і перакладчыцы Аксаны Данільчык выйшла ў выдавецкай серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў. Зборнік твораў “Сон, які немагчыма забараніць” увабраў у сабе вершы апошніх гадоў, а таксама шматлікія пераклады з італьянскай мовы.

З анатацыі да кнігі:

Новая кніга Аксаны Данільчык – гэта актуальная еўрапейская паэзія з глыбока асабістымі, але зразумелымі і блізкімі кожнаму, хто спрабуе адказаць на вечныя пытанні, вобразамі, думкамі і ідэямі, якія складаюцца ў ланцужок рэфлексій, знакавы для арыгінальнай эстэтыкі паэткі. Змешчаныя ў кнізе пераклады з італьянскай мовы сведчаць пра шматграннасць творчага жыцця аўтара.

Пра аўтарку:

Аксана Данільчык нарадзілася ў 1970 г. у Мінску. Закончыла філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук (беларуская, італьянская літаратура).

Аўтар паэтычных зборнікаў “Абрыс Скарпіёна” (1996), “IL MEZZOGIORNO” (2006), кнігі вершаў для дзяцей “Павуцінка на агрэсце” (2005). Перакладае з італьянскай мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Прэсавая служба СБП