Кнігарня «Галіяфы» пераедзе з Траецкага прадмесця

Фота Мікіты Недаверкава

Ад 13 чэрвеня кнігарня «Галіяфы», што працавала ў мінскім Траецкім прадмесці, зачыненая.

Але, як распавёў дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў, кнігарня неўзабаве адкрыецца ў новым памяшканні, таксама цягам месяца запрацуе анлайн-кнігарня.

«Гэта з аб’ектыўных прычынаў — была «непад’ёмная» арэндная плата, — кажа Вішнёў. — Калі б рабілі платныя мерапрыемствы — гэта адно, але ж мы намагаліся быць гэткім сацыяльным праектам, таму выходзіла цяжка. Але ж выдавецтва працуе, новыя кнігі выходзяць».

Як кажа дырэктар «Галіяфаў», выдавецтва спадзявалася на «адэкватны кошт» арэнды памяшкання для кнігарні і магчымыя зніжкі, але цана засталася завялікай. Тым не менш, кампанія ўжо «на стадыі заключэньня дамоваў» па новым памяшканні для кнігарні, адрас якога Вішнёў пакуль не называе.