Кнігарня "логвінаЎ" абвясціла антыалкагольны конкурс

Каляды — не толькі час святочных бяседаў і пачостак, але і паравіна цяжкіх пахмелляў ды сезон падточанага здароўя. Каб хоць крыху запабегнуць гэтаму, кнігарня логвінаЎ абвяшчае конкурс на антыалкагольнае чатырохрадкоўе.

1-ая прэмія — шыкоўны набор кніжак выдавецтва "Логвінаў", выдадзеных сёлета (далібог, выдатны набор!)

2-ая прэмія — удзел у карпаратыўнай вечарынцы кнігарні "логвінаЎ", на якой лаўрэат зможа пераканацца, што стол будзе абсалютна безалкагольны.

Суцяшальная прэмія —  кніга "Сіняя кніга беларускага алкаголіка" ў падарунак.

Чатырохрадкоўі прымаюцца на наступных мовах:

беларускай, палескай, трасянцы, украінскай, польскай, расійскай і ангельскай  (перапрашаем носьбітаў іншых моваў — але гэта тыя мовы, якія вядомыя супрацоўнікам Ў).

Пакідайце вашы чатырохрадкоўі проста тут у каментах з пазнакай вашага імені (мянушкі). Антынаркатычныя, антыгламурныя і антынародныя вершы просьба не прапанаваць.

Паніжай градус!

Навіны кнігарні "логвінаЎ"