Кнігарню «Галіяфы» зачынілі паэтычнай вечарынай

Фактычна кніжная крама тут зачынілася яшчэ ўлетку, але памяшканне дагэтуль працавала як культурная прастора. У ім сустракаліся беларускія паэты і пісьменнікі. 

Зміцер Вішнёў і Аляксей Харужка на развітанні. Хутка кнігарня "Галіяфы" пакіне будынак на Валгаградскай.


- Адразу скажу: у нас сёння не пахаванне, у нас - развітанне з гэтай прасторай. Мы вельмі спадзяемся, што здолеем у бліжэйшы час, месяцы праз два-тры, адшукаць новае памяшканне і адчыніць новую культурную пляцоўку на базе выдавецтва. А сёння мы хочам правесці літаратурную імпрэзу, маленькае развітальнае свята, - растлумачыў у пачатку мерапрыемства дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў 

Яго калега, Аляксей Харужка, узгадаў, што прыехала выдавецтва "Галіяфы" ў гэтае памяшканне ў снежні 2013 году, кнігарня адчынілася ў сакавіку 2014, зачынілі яе 28 ліпеня 2014 году.

- Астатнія месяцы мы вельмі спадзяваліся, што кнігарня зноў адчыніцца, але, на жаль, яна не адчынілася. Цяпер мы вымушаны з'ехаць, таму што плаціць за два памяшканні арэнду нам дарагавата. Калі ў снежні мы падпісалі дамову аб тым, што гэта памяшканне бярэм у арэнду, амаль што тры месяцы мы ўласнымі сіламі рабілі рамонт, на гэтым з'елі не аднаго сабаку...Калі адчыніліся - для нас гэта было важнае мерапрыемства. Такі вялікі натоўп быў, што запускалі сюды людзей партыямі. Мы пачалі працаваць, і кожны дзень вучыліся на сваіх памылках, арганізацыйных. Спачатку ў нас было мала кніжак, потым іх стала больш, яшчэ больш - нават канцэлярскія тавары дадалі. Мы чакалі, што надыдзе восень, кніжны сезон - і мы будзем працаваць з новай сілай... 

Паэт Віктар Жыбуль выступае перад гасцямі




Справа ў тым, што 22 ліпеня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закона "Аб гандлі". Паводле яе, будынкі, у якіх вядзецца гандаль, павінны быць аформлены дакументальна, а потым заносіцца ў спецыяльны рэестр.  

- Атрымалася, што будынак не зарэгістраваны ў гэтым рэестры, таму гандаль тут спынілі. Мы доўга чакалі, што ён будзе адноўлены і таму атрымалася, што закрыліся мы летам, а развітальную імпрэзу робім толькі зараз.

Пасля закрыцця кнігарні памяшканне працавала як культурніцкая пляцоўка. Прадстаўнікі выдавецства зазначылі, што кантракт з гаспадаром будынка ў іх быў на тры гады, і там было пазначана, што памяшканне здаецца менавіта пад гандаль. 

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч распавеў пра дух, які быў у кнігарні "Галіяфы", праз успаміны: 

- Мы не так даўно былі ў Парыжы. Схадзілі там у кнігарню "Шэкспір энд компані". Ёсць там такая славутая кнігарня, існуе яна з 50-х гадоў яшчэ. Там прадаецца літаратура толькі па-ангельску. Кнігарня вельмі стылёвая, усё з дрэва, з душой. На другім паверсе сядзіць вялікі белы кот на крэсле, наведнікі кнігарні прыходзяць, з усяго свету - і кожнаму трэба пагладзіць яго. Кату ўжо за столькі гадоў гэта надакучыла, ён ужо проста сядзіць і не звяртае ўвагі. Сёння я падумаў: у Менску ёсць кнігарні "з катамі", ёсць "без катоў". Мне здаецца, што кнігарняў "з катамі" ў нас да гэтага часу было толькі дзве. Гэта "Галіяфы" і "Логвінаў". Катоў у іх, як бы, не пабачыш, але нейкі ментальны, нейкі ўнутраны "кот" у кожнай ёсць. 

На імпрэзе выступілі, акрамя Альгерда Бахарэвіча, паэты, якія працуюць з выдавецтвам (Андрэй Хадановіч, Сяргей Сыс, Віктар Жыбуль, Адам Шостак і іншыя). Усе госці жадалі "Галіяфам" ісці наперад і аднавіць краму ў новым месцы. 

Анатоль Кудласевіч зачытаў урывак са сваёй новай кнігі "13 дзён"

Адам Шостак прачытаў некалькі сваіх вершаў


Прыйшлі на мерапрыемства падтрымаць калегаў і прадстаўнікі кнігарні "Логвінаў", стан якога зараз значна горшы. Чорная паласа для выдавецтва "Логвінаў" пачалася ў 2013 годзе, калі дзеянне яго ліцэнзіі прыпынілі за выданне альбома "Прэс-фота Беларусі-2011 (Ашмянскі суд прызнаў яго экстрэмісцкім).

Дырэктар выдавецтва "Логвінаў" Ігар Логвінаў


Зараз рашэнне абскарджваецца, але з таго часу у адрас выдавецтва быў яшчэ іск ад падатковай інспекцыі. Эканамічны суд Мінску вырашыў спагнаць з мінулага ўласніка кніжнай крамы "Логвінаў", аднайменнага выдаўца, штраф ў памеры 5,4 мільёна рублёў і канфіскаваць прыбытак прадпрыемства за 2014 год (у памеры 961 мільён рублёў). Грамадскасць спрычынілася да збору сродкаў на аплату штрафаў. 

Сняжана Інанец, tut.by