«Кнігазбор» выдаў «Выбраныя творы» Міколы Ермаловіча

У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Беларускі кнігазбор» выйшлі выбраныя творы лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэта Васіля Зуёнка і гісторыка Міколы Ермаловіча, паведаміў дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі.

Паводле яго слоў, у 512-старонкавую ілюстраваную кнігу Зуёнка ўвайшлі паэма «Маўчанне травы», а таксама празаічныя элегіі, эсэ, эцюды і літаратурна-крытычныя артыкулы.

Ва ўступе да выдання літаратуразнаўца Наталля Заяц адзначае, што за амаль паўвека працы ў літаратуры Васіль Зуёнак стварыў свой непаўторны мастацкі свет, па-гаспадарску рупліва збіраючы словы ва ўласную паэтычную сялібу. «Эмацыйны цэнтр яго жыцця знаходзіцца, напэўна, недзе побач з Мачулішчам — на малой радзіме пісьменніка ў Крупскім раёне. Адтуль сілкуецца яго шматфарбная разнастайная праблемная ў тэматычных і жанравых адметнасцях творчасць».

У 640-старонкавую ілюстраваную кнігу Ермаловіча ўвайшлі яго найбольш грунтоўная даследчыцкая праца «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае», а таксама крытычныя, публіцыстычныя, літаратурна-мастацкія творы і эпісталярная спадчына. Прычым, амаль усе творы легендарнага гісторыка і літаратара, забароненага ў савецкія часы, друкуюцца ўпершыню.

Кнігі выйшлі накладам адпаведна ў 1 тыс. і 800 экземпляраў па кошце 20 і 30 тыс. рублёў.

nn.by