Кнігу пра зброю нашых продкаў прэзентуе гісторык Мікалай Плавінскі — 15 сакавіка

15 сакавіка ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (К. Маркса, 12) адбудзецца прэзентацыя навукова-папулярнай кнігі Мікалая Плавінскага “Узбраенне беларускіх земляў Х–ХIII стагоддзяў”. У межах вечара — прадстаўленне новай кніжнай серыі па ваеннай гісторыі Беларусі.


 Кніга прысвечана гісторыі ўзбраення насельніцтва беларускіх земляў у Х–ХІІІ стст. У навукова-папулярнай форме апісваюцца асноўныя катэгорыі старажытнарускага ўзбраення, паходжанне, час і асаблівасці выкарыстання пэўных відаў наступальнай зброі і засцерагальнага ўзбраення. Тэкст суправаджаецца шматлікімі ілюстрацыямі, высакаякаснымі прамалёўкамі, каляровымі фотаздымкамі найцікавейшых знаходак з тэрыторыі Беларусі. 

У межах вечара будзе прэзентавана новая ўнікальная кніжная серыя па ваеннай гісторыі Беларусі. Першая ў серыі -- кніга Зміцера Матвейчыка, прысвечаная паўстанню 1863 года на Беларусі.

Мікалай Плавінскі – беларускі археолаг і гісторык, кандыдат гістарычных навук. Займаецца вывучэннем пытанняў гісторыі старажытнарускай зброі, матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X –XIII стст., археалогіяй Полацкай зямлі і сумежных рэгіёнаў. Аўтар и сааўтар больш як 90 навуковых артыкулаў і 6 манаграфій.

Пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі"

Уваход вольны


Прэсавая служба СБП