Колькі словаў аб заходнепалескай гаворцы

 

З уласнага досведу

 

Бадай, мала хто наважыцца аспрэчваць той факт, што погляды на Палессе і ягонае месца ў беларускай культурнай і моўнай прасторах даволі неадназначныя і часам вельмі суб'ектыўныя. І калі з усходнімі палешукамі праблемаў звычайна не ўзнікае: і дзекаюць яны, і цекаюць, і “ў” вымаўляюць (свае, карацей, беларусы), — то з палешукамі заходнімі спрэс пытанні. Мала таго што дзекаць-цекаць не прывучаныя, дык яшчэ і не акаюць, зычныя не змякчаюць, “ў” не вымаўляюць. Словам, усё не як у людзей. Найвялікшы, аднак, іх грэх заключаецца хіба ў тым, што на месцы колішняга “яця” яны вымаўляюць [і/ы] — “хліб”, “білы”, “ліс”, “вріж”, “прынысы”. Акурат апошні аргумент для значнай колькасці беларусаў робіцца ці не самым важкім доказам таго, што заходнепалеская гаворка належыць да дыялекту ўкраінскай мовы. Часам здараецца, што і самі палешукі сваю гаворку ідэнтыфікуюць як разнавіднасць украінскай. Варта, аднак, больш пільна засяродзіцца на супастаўленні фанетычных, граматычных і ў першую чаргу сінтаксічных асаблівасцяў заходнепалескай гаворкі і ўкраінскай мовы, каб знайсці паміж імі не такую ўжо і малую розніцу. Ды і самога беларуса-палешука можна моцна абразіць, вызначыўшы ягоную гаворку як украінскую. Да мовы ў палешукоў стаўленне асаблівае. Тое, як чалавек гаворыць (нярэдка побач з ягоным веравызнаннем), з'яўляецца найгалоўнейшым фактарам вызначэння яго як свайго альбо чужога, а нават і больш — роўнага ці няроўнага сабе.

 

“Як люды ны возьмуть, то былянэ возьмуць”, — пакепліваюць навасёлкаўцы з бялянаў — жыхароў суседняй вёскі Бельск (словамі гэтымі падбадзёрваюць дзяўчыну, якую ніхто не бярэ замуж). І адна справа спрадвечнае і паўсюднае супрацьстаянне суседніх вёсак (ну дзе гэтым не грашаць), і зусім іншая — тое, што “людям”-навасёлкаўцам бяляне проціпастаўляюцца найперш праз асаблівасці іхнай гаворкі — бяляне не окаюць. Там дзе ў навасёлкаўцаў “ходыты”, у бялян — “худыты”, заместа “вода” яны гавораць “вуда”, а заместа “конь” — “кунь”. Дакладней, “хоудыты”, “воуда”, “коунь” — старонняе вуха лёгка вылучае дыфтангічнае [оу]. Не прапусцяць навасёлкаўцы пажартаваць і з лелікаўскага “таба-мана” (заместа звыклага “тэбэ-мэнэ”). “Я на жебу наступыв — жеба чевкнула”, — ахарактарызуюць хабовіцкую вымову. Што і казаць, любяць у Навасёлках паразважаць над моўнымі з'явамі, так не падобнымі да мясцовай гаворкі.

 

“Ну й смыялыся мы з того цякання, — расказвае дзед пра тое, як пасля вайны беларусы з усходу прыходзілі ў іхную мясцовасць, каб набыць цялушку. — Прыйшлы й пытають, в кого тут е “цялушка”. А нам смішно, в нас жэ ж так ны кажуть — “цялушка”. В нас — корова, тэлушка. А то — цялушка”. Расказваючы, дзед смачна пасмейваецца, але па-добраму так, незласліва, з асаблівай смакатой акцэнтуючы гэтае нетутэйшае слова “цялушка”. “Дык там на Могылёвшчыні всё “палядзела” й “палядзела”. То так вжэ “г” ны выговорвають, шо почті шо “паляцела” получаецця. Куды “паляцела”, шо “паляцела”. В нас гэть іначэй говорать — “подывылася”, — дзеліцца лінгвістычнымі назіраннямі, здабытымі падчас побыту на Магілёўшчыне, цётка Наташа.

 

Адмоўным, аднак, стаўленне палешукоў да беларускай мовы ніяк не назавеш. Больш за тое, думаю, не памылюся, зазначыўшы, што для немалой часткі палешукоў (асабліва тых, якія па тэрыторыі Беларусі ніколі не ездзілі далей за Баранавічы) беларуская мова ўспрымаецца як мова паўсядзённых зносінаў, якой, уласна, там, за Баранавічамі, і карыстаюцца. “Прывыкла ты вжэ там по-білоруску говорыты, в Мінску ж всі по-білоруску говорать, то вжэ і в нас ты ны можэш пэрэстроітыся”, — неаднойчы тлумачылі-каментавалі маё карыстанне беларускай мовай знаёмыя палешукі. Я, прызнацца, актыўна ківала галавой, згаджаючыся з такім тлумачэннем: не надта хацелася разбураць гэты даволі аптымістычны для беларускай мовы міф.

 

Незнаёмыя ж палешукі, чуючы з маіх вуснаў беларускую мову і не ведаючы, што перад імі такая ж паляшучка, як і яны, адразу вызначалі мяне як чужую, прыезджую, нярэдка пры гэтым акрэсліваючы маё паходжанне Пружаншчынай. “То ты до нашых Новосілок йідэш? — пытаецца ў мяне незнаёмая жанчына, з якой я папярэдне перакінулася некалькімі словамі па-беларуску. — У гості?” — “Да бацькоў еду”. — “До батьків? То ты шэ мо одсіля, з нашых Новосілок?” — “Ну. А што такое?” — “Говорыш ты ны по-нашому. Я одразу подумала, шо ты дэся з-за Пружан прыйіхала... Точно з нашых Новосілок? Отыхово — шо за Кобрынем?” — на ўсялякі выпадак ўдакладняе старая, ніяк не могучы паверыць, што яе суразмоўца родам з Кобрыншчыны.

 

Палессе — ці не адзіны беларускі рэгіён, дзе беларускамоўнасць — прыкмета не “апазіцыйнасці”, “свядомасці”, “інтэлігентнасці”, “адукаванасці” (што даволі характэрна для Мінска), але найперш прыналежнасці тэрытарыяльнай: там, дзесьці за Баранавічамі альбо за Пружанамі, гавораць ужо іначай — па-беларуску. Сваю ж гаворку палешукі акрэсліваюць як “месная” (“говорыты по-месному”), “нашая” (“говорыты по-нашому”), “своя” (“говорыты по-своёму”).

 

“Сама пошчытай, — хваліцца дзед, — я знаю ажно пьять мов”. Памалу загібаючы пальцы, паважным голасам дадае: “Наша, месная — то раз, білоруска — два, руска — тры. А шчэ польска (то ж і под полякамы жыв, і до польскыйі школы ходыв) — штыры, ну і украіньска — пьять (шо тут тая Украіна — блызынько)”. Маё філалагічнае вуха хуценька адзначае, што мясцовая гаворка ў дзедавай свядомасці стаіць адасоблена і ад украінскай, і ад беларускай, і ад польскай.

 

Чытаць артыкул цалкам на prajdzisvet.org

 

Ганна Міхальчук