Конкурс "Экслібрыс": цырымонія ўзнагароджання (ФОТА)

14 чэрвеня былі ўганараваныя дыпламанты, фіналісты і пераможцы літаратурнага конкурса для маладых пісьменнікаў “Экслібрыс”, які ладзіла ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Удзел у конкурсе ўзяло больш за сто аўтараў, пяць з якіх былі названыя пераможцамі: Алеся Башарымава, Алесь Замкоўскі, Антон Рудак, Вера Стромава, яна ж Юлія Цімафеева, ды Ганна Янкута. Журы таксама вылучыла пятнадцаць фіналістаў. Яшчэ пятнаццаць удзельнікаў атрымалі заахвочвальны дыплом.


Барыс Пятровіч уручае дыплом аднаму з пераможцаў - Алесю Замкоўскаму

 

Урачыстасць прайшла ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, вядоўцамі вечарыны былі кіраўнікі двух літаратурных аб’яднанняў Беларусі: старшыня Рады СБП Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч, які ўзначальвае беларускі ПЭН-цэнтр. Калі для ПЭНа правядзенне конкурсаў маладых літаратараў - ужо традыцыя, то для СБП гэты быў першы досьвед. Удзел у імпрэзе таксама ўзялі сябры журы Віктар Жыбуль і Людміла Рублеўская і, натуральна, дыпламанты “Экслібрыса”.

Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч


Адкрываючы вечарыну, Барыс Пятровіч расказаў, што конкурс быў задуманы як стартавая пляцоўка для Школы маладых літаратараў, якую плануе адкрыць СБП неўзабаве. Лекцыі ў школе будуць чытаць адмыслоўцы ў літаратуразнаўстве, філалогіі, журналістыцы, майстар-класы для навучэнцаў правядуць літаратары старэйшага пакалення. Барыс Пятровіч выказаў спадзеў, што конкурс “Экслібрыс” станецца традыцыйным,  і крыху расказаў пра тое, як вялася праца журы. На падрыхтоўчым этапе кожная творчая праца, якая ўдзельнічала ў конкурсе, атрымала свой шыфр, такім чынам сябры журы Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч ацэньвалі тэксты, не ведаючы, які аўтар стаіць за імі. Імёны былі названыя аргкамітэтам конкурса толькі пасля таго, як суддзі аддалі свае галасы за тыя ці іншыя працы.

Аксана Данільчык і юны наведнік імпрэзы

 

Не абыйшлося і без містыфікацый, пра гэта расказаў Андрэй Хадановіч. Некаторыя ўдзельнікі ўзялі ўдзел у конкурсе пад псеўданімамі, знайшліся і такія, што не пажадалі іх раскрыць.

Дыплом атрымлівае Алеся Башарымава


Былі для сябраў журы і неспадзяванкі: так пад псеўданімам Вера Стромава ў пераможцы конкурса выйшла Юлія Цімафеева, больш вядомая як перакладчык. Перамогу ёй прынесла апавяданне, якое, паводле яе прызнання, было яе першым досьведам у прозе. Абсалютным пераможцам конкурса “Эклібрыс” стала перакладчыца і паэтка Алеся Башарымава, якая набрала максімальную колькасць галасоў за ўрывак з перакладу са шведскай мовы першых раздзелаў кнігі “Белы каменьчык” Гунэль Ліндэ. За пераклад Алесі свае галасы аддалі ўсе сябры журы.

Апавяданне пра фею чытае Павел Капанскі

Алёна Беланожка


Андрэй Хадановіч і Антон Рудак


Сярод пераможцаў і фіналістаў конкурса былі як ужо вядомыя ў літаратурных колах імёны, напрыклад, Антон Рудак, Ганна Янкута, Алёна Беланожка, Павел Капанскі ды інш., так і новыя для сяброў журы імёны такія як Антось Уласенка ці Алесь Яшчанка.

Паліна Рэспубліка


Напрыканцы вечарыны адбыўся канцэрт спявачкі Паліны Рэспублікі.

 

Яшчэ раз нагадаем імёны канкурсантаў, адзначаных журы:

Пераможцы:

Алеся Башарымава (пераклад)

Алесь Замкоўскі (вершы)

Антон Рудак (вершы)

Вера Стромава (проза)

Ганна Янкута (пераклад)

 

Фіналісты:

Алена Беланожка (проза, вершы)

Андрэй Вылінскі (пераклад)

Наста Грышчук (вершы)

Аляксандра Дварэцкая (проза)

Алесь Емяльянаў (вершы)

Сяргей Календа (проза)

Сяржук Камель (вершы)

Павел Капанскі (проза)

Андрэй Касцюкевіч (пераклад)

Віктар Мельнікаў (вершы)

Павел Надольскі (вершы)

Аня Рудак (вершы)

Антось Уласенка (проза)

Алена Хрышчановіч (вершы)

Алесь Яшчанка (проза, вершы, пераклад)

 

Заахвочвальны дыплом:

Раман Абрамчук (вершы)

Аляксандр Апон (проза)

Зміцер Баяровіч (проза, вершы)

Сяргей Белаяр (проза)

Наталля Бойка (пераклад)

Валярына (вершы)

Марына Варабей (вершы)

Дар’я Вашкевіч (проза, пераклад)

Сандра Вецер (вершы)

Ганна Воранава (вершы)

Ганна Гараніна (вершы, пераклад)

Марыя Лапо (проза)

Дар’я Латышава (вершы)

Воля Чайкоўская (вершы)

Наталля Ярмольчык (проза)

 

Конкурс "Экслібрыс" арганізатары прысвяцілі класікам беларускай літаратуры, юбілеі якіх адзначаюць сёлета: Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову.

 

Болей фота неўзабаве ў нашых FB i VK экаўнтах.

Прэсавая служба СБП