“Кожнаму паэту не павінна быць роўных”. Гутарка з Віктарам Жыбулем

— Віктар, ці памятаеш ты свае першыя спробы ў вершаскладанні і на якой мове яны былі? Цікава, у якім часопісе ці газеце была першая публікацыя?
— Пісаць вершы я пачаў у 5 гадоў на рускай мове – іншай у дзіцячым садку я тады, на жаль, не чуў. Па-беларуску мы спявалі на музычных занятках толькі адну песню – “Купалінку”. Дык я не разумеў, што такое “ружы збірае”, і думаў, што гэта песня пра партызанку, якая на полі бою “ружья собирает”. Калі цікава, то першы мой верш гучаў прыкладна так:

Шнурок развязал,
Носок потерял.
Грязные ушки
На подушке.
Кто это такой?
Мальчик плохой.


Ну, а на беларускую мову канчаткова перайшоў у 16 гадоў. Мае першыя публікацыі з’явіліся ў 1995 годзе ў часопісе “Першацвет”, літаб’яднанне пры якім я наведваў.


— Ці паспрыяла твайму літаратурнаму развіццю філалагічная адукацыя? 
— Так, безумоўна, паспрыяла. Спачатку я збіраўся паступаць на гістарычны факультэт, але потым перадумаў і пайшоў на філалагічны. Пра што не шкадую. Вучыўся я на ангельска-беларускім аддзяленні, і гэта давала магчымасць у вялікім аб’ёме знаёміцца з літаратурамі розных краінаў. Менавіта на філфакаўскіх лекцыях я адкрыў для сябе многія творы сусветнага прыгожага пісьменства. Адзіны мінус тут – тое, што гэты аб’ём часам звальваўся на нас такой лавінай, што прачытаць за кароткі тэрмін агромністыя стосы кніг (па ўсіх прадметах адразу) было праблематычна.


— Ты з’яўляешся чальцом авангарднага літаратурнага руху “Бум-Бам-Літ”. Як ты мяркуеш, гэтае аб’яднанне прыўнесла ў беларускую літаратуру нешта кардынальна новае? І ўвогуле, што пасадзейнічала стварэнню такога “нестандартнага” аб’яднання?
— “Бум-Бам-Літ” утварыўся ў сярэдзіне 1990-х, калі беларускія літаратары-авангардысты адчулі патрэбу аб’яднацца для сумесных выступаў у друку і на сцэне. Захацелася неяк ускалыхнуць, разварушыць, ажывіць літаратурную сітуацыю. Дзякуючы ў тым ліку і нам шмат хто з маладога пакалення зразумеў, што беларуская літаратура – гэта не толькі нешта загнанае ў рэзервацыю школьных падручнікаў, што гэта такая самая жывая і арганічная з’ява, як, скажам, рок-музыка. На нашых імпрэзах мы чаргавалі паэтычныя выступы з музычнымі, актыўна супрацоўнічалі з мастакамі, самі займаліся сінтэзам мастацтваў, паэтычную дэкламацыю часта спалучалі з элементамі тэатралізацыі, перформансу, выкарыстоўвалі нетрадыцыйнае гукавое аздабленне, розны рэквізіт. Апошнія гады на Беларусі атрымала пэўнае развіццё такая з’ява, як слэм – спаборніцтвы па артыстычным выкананні вершаў. Дык вось, мы ў падобнай манеры пачыналі выступаць яшчэ ў 1990-х, хіба што спаборнічаць адзін з адным не думалі. Можна сказаць, што мы вывелі беларускую літаратуру за межы ўласна літаратуры, бо ёй даўно ўжо стала зацесна ў межах самой сябе. Я кажу тут найперш пра беларускамоўны кантэкст, бо на рускай мове Дзмітры Строцаў разам з асацыяцыяй “Беларускі клімат” рабіў штосьці такое яшчэ ў канцы 1980-х.
Ну і, вядома ж, кожны з нас стварыў нейкі свой адметны індывідуальны стыль, а часам нават – літаратурна-мастацкі метад. У Сержа Мінскевіча і Алеся Туровіча гэта транслагізм, у Арцёма Кавалеўскага – логафармізм. Але галоўным тэарэтыкам “Бум-Бам-Літу” і беларускага авангардызму ўвогуле быў і застаецца Юрась Барысевіч – аўтар “рэвалюцыйных” тэарэтычных распрацовак у галіне сучаснага мастацтвазнаўства. У Змітра Вішнёва на пэўным этапе дамінавала афрыканская тэма (ён нават называў свой кірунак афрыканізмам), у Дзяніса Хвастоўскага – шатландская. Цыкламі сцёбных соц-артаўскіх вершаў пра Леніна, рабочых і Дзедаву Нагу адзначыўся ў свой час Усевалад Гарачка, якому паспяхова ўдаецца пісаць і філасофскую лірыку. Атрымалі прызнанне ў свеце і актыўна перакладаюцца на замежныя мовы проза Альгерда Бахарэвіча і паэзія Вальжыны Морт. Застаецца верным кірунку трансгрэсіўнай прозы Ілля Сін. А Віктар Лупасін, які далучыўся да “Бум-Бам-Літу” апошнім, – яскравы прадстаўнік канцэптуалізму, стваральнік шматлікіх літаратурных іміджаў і масак. Ёсць цікавыя знаходкі і ў творах Ганны Ціханавай, Міхася Башуры, Алены Кіені. Нават такі, здавалася б, традыцыйны паэт як Сяргей Патаранскі, падчас свайго перабывання ў “Бум-Бам-Ліце” апублікаваў некалькі “завумных” вершаў, стылізаваных пад шаманскія мантры. Але, напэўна, лепей пра нашыя дасягненні вырашаць даследчыкам. Вунь, скажам, некалькі гадоў таму ў Польшчы выйшла кніга Катажыны Бартноўскай “Лірыка пакалення Бум-Бам-Літу” – там сёе-тое пра нас напісана.
Нейкі час нас называлі ледзьве не першымі беларускімі постмадэрністамі, а цяпер ужо – поставангардыстамі. На маю думку, другое вызначэнне больш карэктнае. Постмадэрністамі на Беларусі ўпершыню абвясцілі сябе не мы, а «Верш-гурт “Дыяген”» з Горадні. А ў нашай творчасці постмадэрнізм выявіўся ўсё ж не ў выглядзе цэласнай сістэмы, а ў выглядзе нейкіх асобных дэталяў і элементаў. 


— 5 красавіка адбылася прэзентацыя тваёй новай кнігі “Стапеліі”, чым абумоўлены выбар такой назвы? 
— “Стапеліі” – гэта рэінкарнацыя маёй ранейшай кнігі “Finita la tragedia”, якая была падрыхтавана яшчэ ў канцы 1990-х гг., але так і не выйшла. Але калі з’явілася магчымасць выдаць яе цяпер, давялося падумаць пра змену назвы. Бо, па-першае, за гэты час акурат такую самую назву паспелі выбраць для сваіх твораў яшчэ некаторыя паэты і музыканты, і я выглядаў бы тут ужо не арыгінальным, а па-другое, частку вершаў я замяніў на новыя, і гэта атрымалася ўжо іншая кніга, якая патрабавала і нейкага новага “імя”.
Стылістыка зборніка вытрымана часткова ў рэчышчы готыкі і постдэкадансу, часткова – філасофска-іранічнай лірыкі з экзістэнцыйным падтэкстам, часткова – адлюстроўвае атмасферу сноў, падсвядомых чалавечых комплексаў і дзіцячых страхаў. Я падумаў, што да такой стылістыкі ідэальна пасавала б назва якіх-небудзь прыгожых, але атрутных кветак. Распавёў пра гэта Веры Бурлак, а яна сказала: “Навошта абавязкова атрутных? Можна проста з рэзкім пахам. Вось, напрыклад, стапеліі – прыгожыя, але пахнуць, як гнілое мяса”. Гэтае слова мне спадабалася ўжо нават самім гучаннем, і я вырашыў спыніцца менавіта на назве “Стапеліі”.
Цяпер жа, карыстаючыся выпадкам, хацеў бы распавесці ўжо не пра назву, а пра вокладку, бо з ёй сапраўды адбыўся казус. Думаючы, што б такое паставіць на вокладку, я спыніўся на фотаздымках, зробленых летась у будынках закінутай дзіцячай бальніцы, што месціцца на вуліцы Петруся Броўкі. Фатаграфаваць старыя дамы і індустрыяльныя аб’екты – маё даўняе захапленне. Часам гэта проста фіксацыя аблічча горада, які ўвесь час змяняецца: сёння гэты дом стаіць, а заўтра яго ўжо зруйнуюць або радыкальна перабудуюць. А часам я адмыслова ці выпадкова знаходжу такія ракурсы, у якіх знаёмыя гарадскія краявіды паўстаюць у нязвыклым выглядзе. Ці здымаю такія куткі Менска, якія тыповы Менск мала і нагадваюць. Фатаграфую пераважна звонку, але часам прабіраюся і ўнутр. Падчас вандровак з фотаапаратам я не мінаю ўвагай і сляды чалавечай дзейнасці ў закінутых будынках, у якіх адбываецца, так бы мовіць, “жыццё пасля жыцця”. Дом на нейкі час можа стаць прытулкам для бамжоў, месцам тусоўкі панкаў, гульнёвай прасторай для ралевікоў альбо творчай пляцоўкай для мастакоў-графітчыкаў. Дом пачатку ці сярэдзіны ХХ стагоддзя з адзнакамі сённяшняй субкультуры як бы адначасова перадае настрой той эпохі, калі быў пабудаваны, і распавядае пра думкі, пачуцці, музычныя і мастацкія прыхільнасці сучаснікаў, галоўным чынам “нефармалаў”. Найбольш цікавыя “сучасныя адзнакі” трапляюць у мой аб’ектыў. Бо заўтра іх замажуць. Ці зруйнуюць разам са сценамі.
І якое ж здзіўленне мяне ахапіла, калі я, увайшоўшы ў адну з будынін закінутай бальніцы (падобна, што гэта было нейкае падсобнае памяшканне ці, магчыма, пральня), пабачыў на сцяне ля акна наклееную на паперы ці плёнцы вялікафарматную рэпрадукцыю выявы часоў галандскага рэнесансу. Як я даведаўся пазней, тут быў скарыстаны фрагмент карціны Яна Вермеера “Жанчына з вагамі”. Вагі жанчына трымае маленькія – як я тады вырашыў, аптэкарскія. І падумаў, што, відаць, яна тут захавалася яшчэ з часу функцыянавання бальніцы і была калісьці часткай афармлення. А афармленне з нестандартным, творчым падыходам мяне таксама заўсёды вабіла. Не сфатаграваваць пабачанае я, зразумела ж, не мог. І праз некалькі дзён вывесіў гэтае фота разам з іншымі здымкамі з “бальнічнай” серыі ў сваім фотаальбоме “Ў кантакце” – яны сапраўды аказаліся аб’яднанымі нейкім агульным настроем, такім сумнавата-настальгічным, з лёгкім адценнем містычнай тагабочнасці. Шмат хто паглядзеў фоткі, некаторыя сябры выказалі захапленне альбомам… Некалькі здымкаў я прапанаваў дызайнерцы, якая рабіла вокладку маёй кнігі. І яна выбрала менавіта той самы, што, зрэшты, супала і з маім уласным густам.
І вось толькі літаральна ў дзень прэзентацыі кнігі я даведаўся, што аўтар рэпрадукцыі на сцяне – мастак Андрэй Бусел, вядомы сваімі працамі ў галіне стрыт-арту, асабліва праектам “Aeternus et momentum”, у рамках якога на сцяне будыніны і з’явілася “Жанчына з вагамі”. Гэты праект акурат і заснаваны на пераасэнсаванні шэдэўраў Рэнесансу і размяшчэнні іх на сценах сучасных, пераважна занядбаных, будынкаў. Улетку 2011 г. у Галерэі “Ў” у Андрэя Бусла адбылася выстава, якая, на жаль, неяк абмінула мяне. Я, праўда, рабіў свае “бальнічныя” здымкі яшчэ да выставы і ні ў якім разе не думаў займацца плагіятам. Тым болей, што подпісу, манаграмы ці яшчэ нейкіх апазнавальных аўтарскіх пазнакаў я на “Жанчыне з вагамі” не пабачыў. Увогуле, стрыт-арт – мастацтва незалежнае і збольшага ананімнае, але творчасць Андрэя Бусла, як я пераканаўся, – у сваім родзе ўнікальная: такімі рэчамі ніхто ў нас больш, напэўна, і не займаецца, а яго леташняя выстава – першая на Беларусі персанальная выстава мастака, які спецыялізуецца на стрыт-арце. Узнікла вельмі няёмкая сітуацыя, у якой пацярпеў ні ў чым не вінаваты выдавец кнігі Зміцер Вішнёў: ад некаторых прадстаўнікоў мастацкага асяродку на яго пасыпаліся паспешлівыя абвінавачанні ў тым, што гэта ён, маўляў, сцягнуў здымак з сайту Галерэі “Ў” і без дазволу мастака паставіў на маю вокладку. Асабліва незадаволеныя былі куратары галерэі. З самім Андрэем Буслом я нядаўна пагутарыў – ён мяне зразумеў, і мы прыйшлі да агульнага кампрамісу. У чымсьці ўся гэтая гісторыя стала для мяне ўрокам: буду цяпер сачыць за мастацкім жыццём больш уважліва. І пры кожнай нагодзе згадваць імя мастака, чыя творчасць так вось нечакана для яго самога перакрыжавалася з маёй. 


— Славамір Адамовіч сцвярджае, што ён паэт нумар адзін у Беларусі і што яму няма роўных, ці можаш тое самае сказаць пра сябе? Назаві колькі прозвішчаў улюбёных аўтараў, якія, магчыма, паўплывалі на твой светапогляд і творчасць?
— Паэты “пад нумарамі”? Мне здаецца, што першым можна быць у нейкім канкрэтным, асобна ўзятым конкурсе, спаборніцтве, слэме. Але вось так каб “ува ўсёй Беларусі”… Я гэтага не разумею. Усё ж такі паэзія – не спорт, і ў ідэале кожнаму паэту не павінна быць роўных. Бо калі ён сапраўды паэт, ён мусіць выказваць штосьці такое, што акрамя яго выказаць, напэўна, ніхто не здолеў бы. Мы часта неахайна і недастаткова адчувальна ставімся да таго месца, якое адведзена нам Богам у гэтым свеце і пачынаем альбо займацца не сваёй справай, альбо ўвогуле бяздзейнічаць. І гэта датычыць не толькі паэзіі. У савецкія часы грамадства жыло паводле прынцыпу “незамяняльных людзей няма”. Гэта таму што да людзей ставіліся як да нейкай біямасы, як да сродку ў дасягненні нейкай эфемернай мэты кшталту пабудовы камунізму. А я лічу наадварот – што кожны чалавек незамяняльны і павінен адчуць і выбраць для сябе аптымальную прастору для самарэалізацыі. Непараўнальнасць, унікальнасць і адметнасць кожнай асобы павінна быць нормай, а не выключэннем. 
Але для Славаміра Адамовіча, магчыма, такая ўстаноўка (“я паэт нумар адзін”) з’яўляецца нейкім псіхалагічна неабходным стрыжнем, за які ён трымаецца, каб не ўпасці, – у такім разе я нічога супраць не маю. Дарэчы, яго ранняя творчасць мне падабаецца. Увогуле, прозвішчаў улюбёных аўтараў я магу назваць даволі шмат. Спынюся толькі на некаторых: Змітрок Бядуля, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Лукаш Калюга, Мікола Бацюшкоў, Янка Юхнавец, Алесь Наўроцкі, Алесь Разанаў, Мікола Купрэеў… З сусветнай літаратуры – Льюіс Кэрал, Франц Кафка, Гіём Апалінэр, Альфрэд Жары, Раймон Кено, Барыс Віян, Сэмюэль Бекет, Джуліян Барнс, Том Стопард, Самусь Тале, Данііл Хармс, Уладзімір Сарокін, Аляксандр Ірванец… Не магу сказаць, хто з іх і ў якой ступені паўплываў на мой творчы светапогляд, але кожны чымсьці па-добраму ўразіў – гэта так. 
Творчасць некаторых беларускіх аўтараў я адкрыў для сябе, працуючы ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэта найперш наш выдатны крытык, празаік і філосаф, адзін з найвыбітнейшых інтэлектуалаў 1920-х гг. Адам Бабарэка, збор твораў якога я ўкладаў і рыхтаваў да выдання разам з дырэктаркай архіва-музея Ганнай Запартыкай. Шмат уражанняў на мяне зрабілі неапублікаваныя пры жыцці творы паэтаў, якія ў 1920-1930-х гг. мусілі выступаць у друку з тыповымі для таго часу рэвалюцыйнымі і агітацыйнымі вершамі, а “ў стол” пісалі творы зусім інакшыя – поўныя драматызму, адчаю, нявызначанасці, расчараванасці ў жыцці. Маю на ўвазе Віктара Казлоўскага і Алеся Пруднікава. Пра Казлоўскага я хацеў бы нават зрабіць матэрыял для “Дзеяслова”. На маю думку, гэта быў досыць яркі паэт дэкадэнцкага кшталту, які ў 2-й палове 1930-х пасля допытаў у НКУС апынуўся ў псіхлякарні, а потым жыў у зямлянцы і так і не здолеў вярнуцца да паўнавартаснага жыцця.


— Твае вершатворы перакладаліся на розныя мовы свету, перакладам на якую мову ганарышся найбольш? 
— Так сталася, што больш за ўсё мае творы перакладаліся на нямецкую мову. Пры жаданні з іх можна было б скласці цэлую кніжку. Дзякуючы гэтым перакладам (іх рабілі Андрэ Бём, Хендрык Джэксан, Томас Вайлер) мае вершы друкаваліся ў выданнях не толькі Нямеччыны, але і Швейцарыі і Аўстрыі. У Швейцарыі, дарэчы, некалькі гадоў таму я выступаў разам з Верай Бурлак і Андрэем Хадановічам у рамках культурніцкага праекта “Араў – Беларусь”. На жаль, сам я нямецкай мовы не ведаю, але дэманстраванне тэксту перакладу на экране – сёння звычайная практыка. 
А летась у Францыі выйшаў зборнік з дзевяці п’ес беларускіх аўтараў, якія, на думку ўкладальнікаў, яскрава рэпрэзентуюць сучасную беларускую драматургію. Дзіўна, але і я нейкім чынам трапіў у гэтую дзявятку, хоць сістэматычна драмутургіяй і не займаюся.


— Назаві ўзнагароду, якой сапраўды ганарышся больш за ўсе астатнія?
— У мяне яшчэ не астылі ўражанні ад атрымання “Залатога апострафа”. Іншых падобных літаратурных прэмій (менавіта прэмій) я пакуль, здаецца, і не атрымліваў. Хоць, вядома ж, адчуваць сябе пераможцам Першага беларускага слэму таксама прыемна.


— Якую сваю кнігу лічыш найбольш удалай і чаму?
— Думаю, што найбольш удалая кніга ў мяне яшчэ не напісана. Ці, у скрайнім выпадку, яна атрымаецца тады, калі я паадбіраю найбольш удалае з усіх іншых кніг і выдам пад адной вокладкай. Выбраныя творы, карацей. Ну а з тых кніг, што ўжо выйшлі, мог бы адзначыць апошнюю – усё ж, да свайго выхаду ў свет яна праляжала доўга, за гэты час я яе некалькі разоў перарабіў – удасканаліў, як мне падаецца. У ёй прадстаўлены як старыя, так і новыя вершы, і ў той самы час ёсць нейкая агульная канцэпцыя, якая іх аб’ядноўвае, – пра гэта я ўжо трохі распавёў. Карацей, усё б нічога, калі б не гэтае непаразуменне з вокладкай…


— Віктар Жыбуль вядомы яшчэ як паэт-эксперыментатар, аўтар некаль­кіх паліндромных паэм, шмат часу займаюць такія шэдэўры?
— Калі я пісаў сваю першую паліндромную паэму “Рогі гор”, я яшчэ вельмі цьмяна ўяўляў сабе, што з гэтага атрымаецца. Проста збіраў словы, выразы і кароткія сказы, якія чытаюцца аднолькава злева направа і справа налева. Калі іх заўважна паболела, яны ў мяне пачалі складацца ў асобныя паэтычныя мініяцюркі, а тыя потым нарэшце – у паэму. Паэма, зноў жа, не адразу набыла свой канчатковы выгляд – перыядычна дапаўнялася новымі радкамі. Калі казаць пра час ад першай сабранай жменькі словаў-паліндромаў да апошняй пастаўленай кропкі ў паэме – дык гэта прайшло недзе каля васьмі месяцаў. На наступныя паэмы – “Кацёл клёцак” і “Палігон ног і лап” пайшло больш часу, таму што я рабіў большыя перапынкі паміж іх напісаннем. Але, нягледзячы на складанасць формы, сам творчы працэс прыносіў мне вялікую асалоду.


— Вельмі шмат вядзецца дыскусій на тэму значнасці беларускай літаратуры ў Еўропе, як лічыш, у нас ёсць аўтары еўрапейскага або (не пабаюся гэтага слова) сусветнага маштабу?
— Калі казаць пра сусветны маштаб, дык тут лепей зірнуць на беларускую літаратуру вачыма нават не еўрапейца, а прадстаўніка больш далёкай культурнай цывілізацыі. Аднойчы мне давялося сустракацца з японцам, які вельмі цікавіцца беларускай культурай і ведае беларускую мову. Я спытаў у яго, каго з беларускіх пісьменнікаў у Японіі больш за ўсё ведаюць і перакладаюць на японскую мову. Ён адказаў: “Святлану Алексіевіч”. Цяжка патлумачыць, чым больш абумоўлены такі выбар: тым, што японцы любяць вострую дакументалістыку, альбо тым, што ў іх бракуе знаўцаў беларускай мовы, у адрозненне ад рускай, на якой піша С. Алексіевіч. Але не ўсё так адназначна: папулярнасць у Японіі набываюць і раманы Уладзіміра Караткевіча – ён другі найбольш чытаны ў гэтай краіне беларускі пісьменнік. У сваю чаргу швейцарскія беларусісты, напрыклад, цэняць творчасць Яна Баршчэўскага. У многіх краінах беларускую літаратуру па-ранейшаму ведаюць дзякуючы Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу. А яшчэ – Васілю Быкаву. Расейцы нават спрабавалі скрасці ў нас Быкава, па-імперску прысвоіць яго сабе, выдаўшы яго перакладзеныя творы ў серыі “Современная русская проза”. Факт непрыемны, але паказальны: каб не быў гэта аўтар еўрапейскага (а мо’ і сусветнага маштабу) – дык, пэўна, не чапалі б. 
Вядома ж, каб казаць пра месца беларускай літаратуры ў Еўропе, – трэба каб яна была годна прадстаўлена перакладамі на іншыя мовы. Але насамрэч гэтага мала. Твор можа быць добра перакладзены, але пры гэтым не кранаць, успрымацца як нешта такое занадта экзатычнае ці ўвогуле перыферыйна-маргінальнае. Акрамя зразумелай еўрапейскаму чытачу мовы твор павінен утрымліваць і нейкі адмысловы код, агульны для людзей з рознай этнічна-культурнай свядомасцю. Калі пісьменнік здолее “патрапіць” у гэты код, то і робіцца цікавым і нават запатрабаваным сярод прадстаўнікоў іншых краін. Чаму з сотні беларускіх пісьменнікаў, якія пісалі пра вайну, замежныя перакладчыкі і чытачы выбіраюць менавіта Васіля Быкава? Таму што ў яго творах прыцягвае ўвагу не толькі канкрэтная Другая сусветная вайна, але і складаныя ўніверсальныя сітуацыі маральнага выбару – пра гэта ўжо шмат казалася і пісалася. З сучасных аўтараў, у якіх “ёсць за што зачапіцца” замежніку, назаву Алеся Разанава, Уладзіміра Арлова, Ігара Бабкова, Андрэя Хадановіча, Адама Глобуса... 


— Акрамя літаратуры ты яшчэ займаешся і музыкай (гурты “За...ралі казарму”, “Князь Мышкін”, “Левае зазямленне” еtc. Музыка дапамагае раскрыцца яшчэ больш? Ці творчы чалавек павінен быць майстрам ва ўсім?
— Паэзія і музыка існуюць ува мне амаль неадлучна адна ад адной, і часам цяжка вызначыць, дзе заканчваецца паэзія і пачынаецца музыка. Я магу яшчэ не адчуваць, пра што ў мяне нараджаецца верш, але ўжо чуць яго інтанацыю, рытм, мелодыку – я нават ужо ведаю, на якіх галосных гуках будзе трымацца гэты верш. І толькі потым гэта трансфармуецца ў нейкія асэнсаваныя ці напаўасэнсаваныя словы. А часам і не трансфармуецца. Часам у маёй галаве пачынае граць мелодыя без словаў, мною самім і прыдуманая. Прычым ужо ва “ўдасканаленым” варыянце – я нават выразна чую партыю кожнага інструмента. На жаль, сам я музычнай адукацыі не маю, таму не магу ніяк увасобіць свае музычныя фантазіі ў жыццё. Так што я музыкант у душы, але не на практыцы. Такі вось майстар-ламайстар.
“Засралі казарму” быў гурт, які шмат у чым “выязджаў” за кошт панкаўскага драйву і канцэртнага шоу. Мы стваралі на сцэне атмасферу вясёлага нязмушанага музычна-тэатралізаванага вэрхалу, і вядома ж, мне падабалася рабіць і свой унёсак у гэты вэрхал – адным словам, эксперыментаваць. Цікава было здабываць гукі, напрыклад, з прэпараванай магнітолы, гітары з адмыслова спушчанымі струнамі альбо розных свісцёлак з, так бы мовіць, нетрадыцыйным гучаннем. Музыку і тэксты для гурта ў нас пісалі як мінімум чатыры чалавекі, у тым ліку з маім удзелам створаны песні “Маньякі”, “Аналіз”, “Інсектыцыд”, “Рукапіс з гары”, “Наша брудучыня” і яшчэ некаторыя. Шкада, што гурт спыніў існаванне, так і не запісаўшы ў нармальнай якасці ніводнага альбома. Але я хацеў бы і надалей супрацоўнічаць з якім-небудзь рок-гуртом – у якасці аўтара тэкстаў. У гэтым сэнсе я адкрыты для супрацы.
Ансамбль “Рацыянальная дыета” – гэта іншае. Там граюць прафесійныя музыкі з вышэйшай музычнай адукацыяй. Ім блізкая мая паэзія, мне блізкая іхняя музыка, і, супрацоўнічаючы, мы вядзем такі вось паэтычна-музычны дыялог: яны граюць, а я дэкламую вершы. Музыканты падбіраюць мелодыю, арыентуючыся на мае тэксты, а мяне, у сваю чаргу, музыка настройвае на патрэбныя інтанацыі, дапамагае скарэктаваць выканальніцкі настрой, а часам падказвае і сцэнічныя рухі.
Дэкламую я не толькі свае вершы. Вось з Верай Бурлак і “Князем Мышкіным” мы выдалі сумесны дыск, у які ўвайшла даволі аб’ёмная літаратурна-музычная кампазіцыя “Ноч з днём пасярэдзіне”, створаная на словы аўтараў “рэпрэсаванага пакалення”. Тут нас аб’яднала агульная любоў да беларускай паэзіі 1920-х гг. – музыканты самі прапанавалі зрабіць супольную праграму, а я склаў сцэнар, адабраўшы вобразныя і адметныя па гучанні вершы Жылкі, Дубоўкі, Пушчы, Таўбіна і іншых паэтаў, а таксама філасофска-лірычныя празаічныя мініяцюры Адама Бабарэкі. Вядома ж, мы хацелі, каб нашыя слухачы звярнулі ўвагу на гэты прывабны і, на жаль, напаўзабыты пласт беларускай літаратуры.


— Ці дапамагае ў напісанні вершатвораў жонка, вядомая паэтэса і празаік Вера Бурлак (Джэці), напрыклад, рыфму падабраць? Ці можа, ты ёй дапамагаеш?
— …А яшчэ мы з Верай літаратуразнаўцы. І калі пішам артыкулы, то можам адно з адным кансультавацца, раіцца, як прыгажэй пабудаваць сказ ці які тэрмін лепей ужыць, каб гучала кампетэнтна ў навуковым плане. Але напісанне вершаў – справа больш інтымная, і тут мы абсалютна незалежныя адно ад аднаго. Хоць ува ўсім бываюць выключэнні, і прыклад нашага паэтычнага ўзаемадзеяння – сумесны зборнік “Забі ў сабе Сакрата!” (2008). Назву кнігі і яе раздзелаў мы з Верай прыдумлялі разам, пры адборы вершаў раіліся адно з адным, паставілі творы ў кнізе так, каб яны крыху паміж сабой перагукаліся. Ёсць там і Верын верш “Няма вушэй у птушак…”, які заканчваецца словамі “Я больш не буду ежу лопаць, / Я буду лётаць”. Дык вось, гэтыя радкі мне прысніліся. Я пра гэта сказаў Веры – ёй спадабалася, і яна зрабіла іх фіналам свайго верша. 


— На тваю думку, чаго не хапае беларускай літаратуры? Каго б ты вылучыў з беларускіх літаратараў на Нобелеўскую ўзнагароду?
— А вось тут я буду надзіва канкрэтным. На маю думку, беларускай літаратуры не хапае:
1) рамана, у якім ні разу не сустракаецца літара “а” – няхай гэта быў бы нават пераклад рамана Жоржа Перэка “Знікненне”, у якім адсутнічае лацінская літара “е” – самая распаўсюджаная ў французскай мове;
2) фантастычна-філасофскага дэтэктыўнага рамана, у якім забойцам урэшце аказваецца чытач;
3) дэтэктыўнай аповесці, у якой следчы, ахвяра і злачынец аказваюцца адной асобай;
4) рамана, усе дзеянні якога адбываюцца цягам 10 хвілін – але адначасова ў розных кропках планеты; героі рамана – людзі, звязаныя паміж сабою сваяцкімі, сяброўскімі, працоўнымі і проста містычнымі сувязямі, а сюжэт разгортваецца не ў дыяхраніі, а ў сінхраніі і ад гэтага не перастае быць сюжэтам;
5) рамана, пабудаванага паводле прынцыпу “матрошкі”: галоўны герой трапляе ў паралельную рэальнасць, а з яе – яшчэ ў адну, а адтуль – яшчэ і яшчэ, і вось, апынуўшыся ў самай аддаленай рэальнасці, ён вырашае, што пара б ужо вярнуцца дадому, але гэта магчыма зрабіць толькі правандраваўшы праз усе пройдзеныя рэальнасці яшчэ раз;
6) рамана, галоўны герой якога мае адну незвычайную псіхічную асаблівасць: ён цягам усяго твора, ува ўсіх абставінах прамаўляе толькі адну і тую фразу, але ўсе, хто трапляецца яму навокал, у залежнасці ад кантэксту, разумеюць шторазу гэтую фразу па-новаму;
7) рамана (а можа, хопіць і апавядання), дзе кожны наступны сказ аспрэчвае папярэдні і надае яму новае сэнсавае адценне.
Вядома ж, акрамя фармальнага “каркаса” кожны з гэтых твораў у ідэале павінен быць аб’яднаны і якой-небудзь філасофскай ідэяй ці псіхалагічным назіраннем. Усё гэта я мог бы напісаць і сам, аднак вось, на жаль, мяне на ўсё не хапае – таму хай маёй падказкай скарыстаецца хто-небудзь іншы.
Ну а цяпер адкажу на другую частку твайго пытання. З беларусаў вылучаліся на Нобелеўскую прэмію Рыгор Барадулін і Уладзімір Някляеў. У прынцыпе, я згодны, чаму б і не. Таленавітыя, паважаныя паэты, працуюць на літаратурнай ніве ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Яшчэ дадаў бы да гэтага спісу Алеся Разанава. 


— Як вядома, сям’я ў Вас творчая. Ці бачыш у бучыні сына Кастуся ў шэрагу беларускіх класікаў?
— Класікам чаго? Так, Кастусь складае вершы і даволі цікава малюе – нядаўна ягоныя малюнкі экспанаваліся на выставе. Але найбольшыя здольнасці ў яго, як мне здаецца, у матэматыцы. Таму, магчыма, калі-небудзь з яго атрымаецца неблагі праграміст. А ўвогуле, хай стане тым, кім атрымаецца – галоўнае, каб знайшоў у гэтым жыцці сабе арыенцір і каб абраны занятак падабаўся яму самому.

Гутарыў Валер Прычынец,

Дзеяслоў № 58