Красавік польскай літаратуры ў кнігарні “логвінаЎ”

Цэлы красавік у цэнтры Мінску ў кнігарні “логвінаЎ” (Незалежнасці, 37А)
будзе стаяць вялікая паліца з польскімі кніжкамі. Набыткі польскай
літаратуры: сучасныя і класічныя, перакладзеныя і ў арыгінале, —
падыходзь і набывай ці проста чытай.
Акрамя гэтага ў кнігарні можна будзе азнаёміцца з польскімі газетамі
і мастацкімі альбомамі польскіх мастакоў, а таксама атрымаць у
падарунак кнігі беларускіх аўтараў па-польску.
Акрамя таго цэлы красавік раз на тыдзень у кнігарні можна будзе ўбачыць і
паразмаўляць з літаратурнымі зоркамі Польшчы першай велічыні.
Расклад імпрэзаў месяца польскай літаратуры ў кнігарні “логвінаЎ”:
31 сакавіка (чацвер). Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе
выступяць ганаровыя госці, адбудзецца сустрэча з польскім пісьменнікам
беларускага паходжання Міхасём Андрасюком і прэзентацыя ягонай кнігі
Wagon drugiej klasy (“Вагон другога класу”). Пачатак а 18-й, галерэя
“Ў”.
6 красавіка (серада). Сустрэча з польскім пісьменнікам
Ігнацыем Карповічам і прэзентацыя яго новага рамана Balladynа i romance
(“Баладына і рамансы”). З удзелам перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Пачатак
а 19-й, кнігарня “логвінаЎ”.
13 красавіка (серада). Сустрэча з публіцыстам,
пісьменнікам, даследчыкам літаратуры і еўрапейскіх культурных сувязяў
Міхалам Ягелам і прэзентацыя ягонай кнігі Narody i narodowości.
Przewodnik po lekturach (“Народы і нацыянальнасці. Вандроўка па
кнігах”). Пачатак а 19-й, кнігарня “логвінаЎ”.
20 красавіка (серада). Творчая лекцыя і сустрэча з
вядомым паэтам і польскім перакладчыкам Набокава Лешакам Энгелькінгам.
Кнігарня “логвінаЎ”, пачатак а 19-й.
Вядоўца ўсіх сустрэч — Андрэй Хадановіч.
Пра аўтараў:
Міхась Адрасюк (Michał Androsiuk). Нарадзіўся на
Падляшшы. Піша па-беларуску і па-польску. Апошнія кнігі: па-беларуску —
зборнік апавяданняў “Вуліца добрай надзеі”, па-польску — зборнік Wagon
drugiej klasy. Асноўная тэма — прыгоды местачковых жыхароў. Падчас
публічных чытанняў уласных твораў Міхась не расстаецца з бейсболкай.
Ігнацы Карповіч (Ignacy Karpowicz). Нарадзіўся і жыве
на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, афрыканіст і
іспаніст. Аўтар шэрагу раманаў, адзначаных прэстыжнымі літаратурнымі
ўзнагародамі Польшчы. Тэма большасці з іх — лёсы і светаадчуванне
людзей, якім наканавана жыць на беларуска-польскім памежжы. А яшчэ
Ігнацы размаўляе па-амхарску (на мове эфіопаў).
Міхал Ягела (Michał Jagiełło). Нарадзіўся ў 1941 годзе ў
вёсцы Янковіцы пад Кракавам. У 1964 годзе скончыў Ягелонскі
ўніверсітэт. Празаік, эсэіст, публіцыст і паэт. Аўтар манаграфіяў па
гісторыі літаратуры. Сфера інтарэсаў — шматкультурнасць Польшчы, а
таксама супрацоўніцтва ў сферы культуры з Беларуссю, Літвой, Славакіяй і
Украінай. У 1989—2006 займаў пасады намесніка міністра культуры
Польшчы, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Заўзяты альпініст.
Лешак Энгелькінг (Leszek Engelking). Адзін з
найвядомейшых польскіх паэтаў, перакладнік, мастацтвазнаўца. Скончыў
Варшаўскі ўніверсітэт. Выкладаў літаратуру і кіназнаўства. Перакладае з
ангельскай, рускай, чэшскай, украінскай і беларускай. Аўтар кніг “Хайку
ўласныя і чужыя” (1991), “Пяты дом” (1997), “І іншыя вершы”. Жыць не
можа без чэшскага піва.
Кнігарня “логвінаЎ” знаходзіцца на пр. Незалежнасці, 37а, у адным
будынку з Галерэяй сучаснага мастацтва “Ў” і барам “Малако” (гэта ў
дварах за домам “Подзвіг народа”, што на плошчы Перамогі).