Красавіцкае паседжанне Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

12 красавіка прайшло чарговае паседжанне Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Паседжанне пачалося з хвіліны маўчання, якой сябры Рады ўшанавалі памяць тэатразнаўцы, доктара мастацтвазнаўства, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў  Анатоля Сабалеўскага, журналісткі, колішняй намесніцы старшыні ТБМ Ірыны Марачкінай і грамадскай і культурнай дзяячкі Арыны Вячоркі.

Затым адбылося абмеркаванне кандыдатаў на ўступленне ў сябры ГА “СБП”. У выніку рашэннем Рады ГА “СБП” шэрагі  Саюза папоўнілі:

Аўсянікава Тамара Пятроўна нар. 24.05.1949 г. у в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл., скончыла філфак БДУ, працавала настаўніцай, бібліятэкарка               й, інжынерам, метадыстам, загадчыкам крамы, атрымала другую вышэйшую адукацыю эканаміста. Аўтар лекцый для настаўнікаў-філолагаў па тэорыі вершаскладання і аналізе паэтычных твораў, артыкулаў па творчасці Н. Гілевіча і Я. Яншчыц. Піша паэзію і прозу. Аўтар кніг вершаў “Ноты сэрца” (2009), “Лістапад гадоў” (2010),  кнігі прозы “Любачка” (2011).

Булавацкі  Міхась Пятровіч нар. 11.10.1947 г. у в. Восы Глускага р-на Магілёўскай вобл. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, працаваў настаўнікам, выкладчыкам,  з 1977 г. выступае як журналіст. У 1988 г. стаў адным з заснавальнікаў магілёўскай філіі аб’яднання “Мартыралог Беларусі”, кіраўнік магілёўскай суполкі Беларускага ПЭН-цэнтру. З пачатку 90-х займаецца літаратурнай дзейнасцю, рэдактурай, піша вершы, перакладае з рускай. У 1999 г. выйшла кніга В. Высоцкага “Я не падману” ў перакладзе М. Булавацкага. Эсэ “Ноч свабоды” заняло прызавое месца ў літаратурным конкурсе “Мая свабода”, праведзеным радыё “Свабода”.

Варонік Святлана Аркадзьеўна нар. 12.06.1969 г. у в. Кастровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., скончыла філфак Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, аспірантуру, працуе выкладчыкам. Аўтар шматлікіх навуковых прац, артыкулаў у перыядычным друку, апавяданяў, вершаў, перакладае з украінскай і польскай моў.

Грыб Ян (Грыб Іван Іванавіч) нар. 21.11.1936 г. у в. Пагарэльцы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Скончыў пагарэльскую сямігодку, рамесную вучэльню г. Чалябінска, БДУ.  У 1956-57 гг.— курсант, пілот вучэбна-трэніровачнага авіяцыйнага палка.  Працаваў на аб’яднанні “Інтэграл”, ПТВ “Электроніка”, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. З дня утварэння ТБМ — старшыня Рады ТБМ Кастрычніцкага р-на г. Мінск. Друкаваўся ў перыёдыцы, у 2005 г. выдаў зборнік вершаў “На сваёй зямлі”.

Колас Зміцер Георгіевіч нар. 1.01.1957 г. у Мінску. Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага інстытута замежных моў, абараніў дыплом па мастацкім перакладзе – тэма “Пераклад п’есы Жана Ануйя “Падарожнік без багажу” і яго тэарэтычнае абгрунтаванне”. Працаваў перакладчыкам, выкладчыкам МДЛУ, рэдактарам, журналістам. З пачатку 1980-х стала займаецца мастацкім перакладам. З 2004 г. прыватны выдавец. Сябра БАЖу і Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар блізу 150 мастацкіх перакладаў з розных моў, у тым ліку твораў Альбэра Камю, Жана-Поля Сартра, Гі дэ Мапасана, Луі Арагона, Франсуа Рабле, Шарля Бадлера, Рэнэ Дэкарта і шматлікіх іншых. замежных аўтараў.

Украінка Сяргей Сяргеевіч нар. 25.01.1961 г. у в. Ніканавічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Скончыў філфак БДУ, аспірантуру ў МДУ імя А.А. Куляшова. Працаваў настаўнікам, выкладчыкам на кафедры беларускай літаратуры і журналістыкі ў МДУ імя А.А. Куляшова, будаўніком, цяпер працуе ахоўнікам. Друкуецца з 1977 г., аўтар шматлікіх публікацый вершаў у перыёдыцы, зборніка паэзіі “Маё Купела” (2001 г.).

Янкута Ганна Валер’еўна нар. 04.09.1984 г. у Гародні. Скончыла філфак БДУ, абараніла магістарскую дысертацыю па творчасці Айн Рэнд. З 2008 г. наведвае перакладчыцкую майстэрню пры Беларускім Калегіюме. Сябра рады інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”. Перакладае прозу і паэзію з ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс, скотс ды інш. моваў. Адзін з перакладчыкаў, рэдактараў і складальнікаў каментароў да тома выбраных твораў Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці”. Лаўрэатка конкурсаў маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009) і Чэслава Мілаша (2011), арганізаваных Беларускім ПЭН-цэнтрам. Лаўрэатка прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” у намінацыі “Публікацыя ў часопісе “ПрайдзіСвет” за 2009 г.

Былі разгледжаны таксама некаторыя арганізацыйныя пытанні.