Кірыла Анохін: «У некаторых выпадках у мяне сапраўды няма словаў»

Кароткія парадаксальныя радкі Кірылы Анохіна лёгка запамінаюцца. Здаецца, кожны верш — нязмушаная занатоўка, трапная і вельмі паэтычная думка, спехам запісаная ў нататнік. Мы пагутарылі з аўтарам, у якога нядаўна выйшла кніга лаканічных верлібраў «Асцярожна, дрэвы зачыняюцца».

— Як вы прыйшлі да гэтай кнігі? Як адбіраліся творы ў яе?

— Усё пачалося з розных тэкставых эксперыментаў у LiveJournal недзе ў 2007 годзе. З назапашваннем эстэтычнага вопыту яны пачалі афармляцца ў нешта стылістычна больш аднастайнае. Недзе ў той час я знаёміўся з рускай «неафіцыйнай паэзіяй», прадстаўленай на сайце rvb.ru, і менавіта там сустрэў тое, што перавярнула мой погляд на паэзію і вершаскладанне. Гэта былі вольныя вершы, верлібры, Уладзіміра Бурыча, Генадзя Аляксеева, Івана Ахмецьева, Карэна Джангірава, Вячаслава Купрыянава, Руслана Элініна і іншых. Не тое каб я раней не ведаў пра верлібры, проста я і падумаць не мог, што яны могуць быць такімі! Вось тады я і зразумеў, што гэта маё, што толькі гэта і можа даць мне тое, што мусіць даваць паэзія. Таму ў гэтую кнігу ўвайшла частка твораў, якія я пісаў з 2007 года. А творы адбіраліся паводле якасці, я думаю. Таму і хапіла іх усяго на 55 старонак — па вершы на кожную.

— Зразумела, што некаторыя аўтары серыі «Пункт адліку» так у гэтым пункце і застануцца. Бо ў першых кнігах збіраюць усе творы, назапашаныя з юнацтва, і такім чынам закрываюць гештальт. Ці шмат вы пішаце? І што вы думаеце наконт крызіснага ўзросту? Кажуць, што для маладых паэтаў гэта якраз 25 гадоў. Што адчуваеце з выхадам кнігі? Ці натхняе яна на працяг?

— Напэўна, гэта і мая сітуацыя, бо самы «свежы» верш у кнізе датуецца канцом 2010 года… Зрэшты, вершы не піражкі — іх гарачыня не абумоўленая часам, а што да маіх твораў, то яны ў перыёдыцы ці яшчэ недзе асабліва не былі зашмальцаваныя, таму не паспелі адрахлець, спадзяюся. А яшчэ я спадзяюся, што такое закрыццё гештальту сапраўды зможа даць імпульс да новых творчых подзвігаў, бо ўжо колькі гадоў яны мяне абміналі. А калі гэты крызісны ўзрост заканчваецца? Бо мне ўжо 26…

— Вашыя вершы выклікаюць адчуванне лёгкасці, звонкасці думкі. Быццам за імі няма творчых пакутаў, проста ў вас такі паэтычны лад мыслення. Напэўна, гэта памылковае ўражанне, усё нашмат складаней…

— Самае складанае — гэта злавіць такую думку, а шлях да яе можа быць як абсалютна нечаканы і хуткі, так і вельмі цярністы, калі нешта інтуітыўна схопліваецца, а ў словах выказацца не можа.

У вершах я заўсёды цаніў менавіта тое, што мы тут назвалі “думкай”, і гэта для мяне адназначна нешта большае, чым прыгожа зарыфмаваныя радкі, чым нешта дасціпнае і забаўнае, чым чарада прыгожых словаў, вобразаў і да т.п. Калі ў “канвенцыйных” вершах, як правіла, гэта ўсё разбаўляе “думку”, то ў верлібрах яна можа быць прадстаўленая ў чыстым выглядзе. Безумоўна, гэта здараецца не ва ўсіх верлібрах, а таксама не ўсе традыцыйныя вершы пазбаўленыя гэтай здольнасці. Але чыста статыстычна дасягаць катарсісу, саторы, ці як гэты стан можна назваць, мне даводзілася ў абсалютнай большасці выпадкаў менавіта праз верлібры, прычым лаканічныя. Не выключаю, што людзі з іншай псіхалагічнай і эстэтычнай канстытуцыяй дасягаюць гэтага стану па-іншаму. Некаторыя наогул на гэта не здольныя.

— Каб словы гучалі звонка, навокал патрэбная цішыня альбо, наадварот, шум, жыццё, колазварот шчасця і няшчасця?

— Вершы нараджаюцца падчас зацішша пасля буры, калі неабходна перажыць траўматычны вопыт (зусім не абавязкова негатыўны). Для гэтага неабходна прыслухацца да плыні сваёй свядомасці, узброіўшыся паэтычным невадам, і лавіць нейкія вербальныя і візуальныя асацыяцыі, якія ўзніклі на глебе перажытага. Калі невад правільны, адпаведны сітуацыі, і калі ёсць пэўнае майстэрства, то вылавіцца тое, на чым можна пабудаваць верш і што дапаможа асіміляваць вопыт, які так непакоіў. Але рэцэпту прыгатавання вершаў тут як такога няма, бо часцей за ўсё гэта больш падобна да цуду, чым да рацыянальна пабудаванай паслядоўнасці аперацыяў. І гэты цуд можа здарыцца ў любым настроі і любой сітуацыі. Які настрой, такі і верш. Але дзеля большай шчырасці заўважу, што часта гэта не вельмі ўзнёслы настрой і не вельмі радасныя сітуацыі.

— Мне здаецца, вашыя вершы маглі б удала сумяшчацца з візуальнымі вобразамі, і гэта не выглядала б пошла. Ці ўяўляеце сабе нешта такое? І калі б вы абіралі мастака, хто б гэта мог быць?

— Сапраўды, некаторыя з вершаў маглі б стаць паўнавартаснай часткай такой сінтэтычнай кампазіцыі, нават калі і ў якасці подпісу да яе. З мастакоў я б выбраў, напэўна, Ван Гога. А калі сур’ёзна, то, да свайго сораму, я не асабліва абазнаны ў сучасным выяўленчым мастацтве.

— У жыцці вы шматслоўны чалавек? Ці сцісласць — ваш натуральны стан?

— Можна гаварыць і многа, але па сутнасці. Я проста не люблю пустаслоўя, а таксама словаў, выразаў, рытарычных фігур і ладу думак, якія выкарыстоўваюцца наколькі паўсюдна, настолькі ж і неабдумана, некрытычна. Я стараюся гаварыць ад свайго імені і толькі за сябе, штораз творачы маўленне (у шырокім сэнсе), а не паўтараючы чужыя памылкі. Таму мая шматслоўнасць залежыць хутчэй ад суразмоўцы і абставінаў: у некаторых выпадках у мяне сапраўды няма словаў.

— Ці многія вершы раскручваюць у вашай памяці нітачку нейкага асабістага ўспаміну?

— Ды амаль усе яны з звязаныя з нечым асабістым, бо, як я ўжо казаў, вершы мелі для мяне хутчэй тэрапеўтычную функцыю. Жыццё складаецца з мноства значных момантаў, якія ўплываюць на далейшае развіццё асобы. У людзей утвараюцца асаблівыя рысы характару, нейкія ўстойлівыя рэакцыі на канкрэтны збег абставін, фармуюцца адпаведныя комплексы, звычкі, каштоўнасныя перавагі. А ў мяне складаліся ў такіх сітуацыях яшчэ і вершы. Безумоўна, у іх адбіліся і гэтыя перавагі, і звычкі, і комплексы. Па ідэі і падабацца гэтыя вершы павінныя тым, хто мае падобныя рысы характару, то бок не проста перажыў такі вопыт (а яго перажылі амаль усе — каханне, расстанне, адзінота, зноў каханне, неспасціжнасць прыроды, загадка шчасця, няўхільнасць часу і г.д.), але і справіўся з ім нейкім асаблівым чынам.

— Паэту цяжка расказваць пра свае вершы, іх варта проста чытаць. Што мы павінныя альбо не павінныя ведаць асабіста пра вас для лепшага разумення? Кім вы працуеце? Ці біліся вы ў дзяцінстве? Ці часта закохваецеся? Ці любіце вандроўкі? І чаго баіцеся? Раскажыце нам пра сябе.

— Чаго я баюся? Нічога. Таму што да асабістых і сямейных праблем, сацыяльных катаклізмаў і пытанняў смерці, то бок да ўсяго таго, што, як лічыцца, людзі мусяць баяцца, у мяне іншае стаўленне, але не боязь.

Вандраваць я не люблю, гэта не мая рамантыка. Наогул я да гэтага стаўлюся насцярожана, як і да рознага кшталту калекцыянераў і носьбітаў іншых маніяў.

Што да кахання, то я капітальна закахаўся амаль тры гады таму і вельмі спадзяюся, што больш гэтага рабіць не давядзецца.

У дзяцінстве, бывала, і біўся. Наколькі я помню, мне не падабалася несправядлівасць і розныя самаабвешчаныя лідары, якіх паважалі (то бок баяліся) адно за іх мышцы.

Наогул мне хацелася б, каб гэтыя вершы ўспрымаліся чытачамі без асацыяцыі з маёй асобай. Так, гэта прадукт майго вопыту, але паэзія не ведае аўтараў, імёнаў і капірайту, і мне хацелася б, каб чытач знаходзіў у гэтых вершах рэзананс, каб яны дапамагалі яму зацыраваць дзіркі, якія я ў свой час заканапаціў гэтымі вершамі і вершамі маіх улюбёных аўтараў. Гэтыя вершы прызначаныя для таго, каб рабілася святлей і ў розуме, і на душы, нават калі некаторыя з іх гавораць пра нешта змрочнае. Гэтае святло спрыяе змяншэнню злосці, тужлівага неспакою, нянавісці і іншых чарвякоў, якія выядаюць не толькі нутро іх уладальніка, але і імкнуцца паглынуць іншых. Як казаў Уладзімір Бурыч у сваім вершы “Чорнае і белае”,

чорнае

шукае белае

каб забіць у ім светлае

і ператварыць яго ў шэрае

ці паласатае.

З анатацыі да кнігі:

Аўтар гэтай кнігі нешматслоўны — ён піша не толькі вершы, але і маўчанне, у якім яны гучаць. Кірыла Анохін ведае, чым і як трэба пацерці старое, пакрытае іржой слова, каб яно ажыло і само здзівілася свайму новаму існаванню. «Асцярожна, дрэвы зачыняюцца» — гэта хутчэй заклік да ўваходу, чым перасцярога, бо нават сезонныя змены надвор’я тут робяцца цудам, які варта перажыць разам з аўтарам.

 

Гутарыла Аляксандра Дорская, budzma.org