Круглы стол журналістаў і літаратараў прайшоў у Лунінцы

Алесь Белы не першы раз удзельнічае ў круглым стале

Гасцямі Лунінца сталі берасцейцы Сяргей Амяльчук (сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП), аўтар трох паэтычных зборнікаў) і Васіль Дэбіш (сябра СБП, аўтар трох кніг паэзіі), баранавіцкія творцы Аляксей Белы (сябра СБП і БАЖ, аўтар шасці паэтычных кніг) і малады паэт Яўген Карлюк, аўтар вершаў і тэкстаў рок-песень.

Госці з Брэста - Сяргей Амяльчук і Васіль Дэбіш

Сябар СБП і ГА “БАЖ” Вадзім Жылко (г. Лунінец), адкрываючы дыскусію, нагадаў, што ў наш час інфармацыйнага грамадства і прыкрых інфармацыйных войнаў вельмі актуальным робіцца пытанне пра сумленнасць творцы. Вядома, што журналістыка нярэдка паддаецца шкодным павевам, апускаецца да прапаганды альбо прамой хлусні, “апрацоўкі” чытачоў і гледачоў у патрэбным накірунку. Літаратурная творчасць нібыта больш застрахаваная ад гэтага, але і тут можна назіраць пэўную заангажаванасць, стварэнне міфаў ва ўгоду ўладнай ці палітычнай кан’юнктуры. Цікавай таксама з’яўляецца праблема суадносін мастацкага вымыслу і фактаграфічнага “падмурку” ў творах. Хаця, вядома ж, да лірычнага верша і публіцыстычнага памфлета трэба падыходзіць з рознымі крытэрамі…

Як лічыць Аляксей Белы, у творчасці галоўную ролю адыгрывае маральны фактар. Інакш кажучы – наяўнасць у творцы сумлення. Усе іншыя чыннікі – другасныя. Падтрымаў калегу і Яўген Карлюк. Сяргей Амяльчук спыніўся на суадносінах “праўды і фантазіі” ў розных галінах і жанрах мастацтва.

Васіль Дэбіш адзначыў, што ў сучасным творчым асяродку прысутнічае не толькі фантазія, але, на жаль, і махлярства з прыстасаванствам, а між тым, сапраўдная творчасць павінна грунтавацца на трох “кітах”: надзеі, веры і чысціні. У Беларусі, нагадаў паэт, існуюць па два пісьменніцкія і журналісцкія аб’яднанні, і падзел вельмі часта палягае якраз у маральнай сферы…

Людміла Хмялеўская, Віктар Пінігін, Сцяпан Нефідовіч

Пра адказнасць творцы за свае словы, пра памкненні да праўды разважалі і прадстаўнікі Лунінеччыны: паэт, празаік і краязнавец, сябра ГА “БАЖ” Сцяпан Нефідовіч, аўтар 15-і краязнаўчых кніг Іван Панасюк, журналістка, сябра ГА “БАЖ” Людміла Хмялеўская, паэты Віктар Пінігін і Аляксандр Хаўдзееў.

Вядомы краязнавец Васіль Туміловіч нагадаў, што скажэнне праўды мы можам назіраць і ў глыбокай старажытнасці, у летапісах ды хроніках. Але, на яго думку, такая з’ява – ганебная. У сучасным краязнаўстве таксама могуць сустракацца “непрывабныя” для кагосьці тэмы, але аб’ектыўнасць павінна заўсёды быць на першым месцы.

У час сустрэчы гучалі не толькі разважанні, але і творы ўдзельнікаў: вершы, проза, эсэ. Завіталі на вечарыну сябры гуртка “Юны карэспандэнт” Лунінецкай гімназіі. А прадстаўнікі Язвінскага СДК (Лунінецкі раён) Галіна Абрамчук і Таццяна Цяльпук уручылі гасцям Лунінца прыгожыя сувеніры, вырабленыя ўласнымі рукамі.

Кіраўнік Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” Святлана Гарда падкрэсліла, што, калі ў літаратуры ёсць мастацкі вымысел, то ў журналістыцы на першым месцы – факты з каментарамі. “На жаль, – адзначыла спн. Гарда, – сёння ўсё больш негатыўных прыкладаў, калі журналістыка становіцца зброяй прпаганды, што дыскрыдытуе прафесію”.

Падсумоўваючы вынікі, старшыня Лунінецкай філіі нагадала пра цікавасць і важнасць гэткага абмену думкамі і выказала ўпэўненасць, што падобныя мерапрыемствы будуць ладзіцца ў Лунінцы і надалей.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"