Ксенія Шталенкова распавяла пра свае творчыя прынцыпы

Ксенія Шталенкова, 22 гады.

Пісьменніца. Друкавалася ў выданнях «Маладосць», «Дзеяслоў», «Наша Ніва». Першая частка яе фантастычна-прыгодніцкага рамана «Адваротны бок люстра» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». Другая і трэцяя часткі рыхтуюцца да друку. Ксенія вучыцца ў ЕГУ на графічнага дызайнера.

У мяне няма якіх-небудзь прынцыпаў, якія я б хацела аформіць у рамачку. 

Больш за ўсё ў творчасці хочацца дыялогу з іншымі людзьмі. Не замыкацца на сабе, а суадносіцца з асяроддзем, чымсьці дзяліцца.

Фантастыка ўзнікла як падлеткавы сыход ад рэальнасці – хацелася чагосьці чароўнага і незразумелага.

На новы паварот сюжэта можа натхніць нават няўлоўны пах.

Калі я працую над тэкстам, дык вельмі не люблю адцягвацца. Не люблю, калі ў гэты момант нехта ўрываецца з размовамі і перапыняе мяне. 

Да працы я стараюся падыходзіць з халоднай галавой, але гэта не заўсёды ў мяне атрымліваецца.

Звычайна з крызісамі, якія ў мяне здараюцца, змагаюся нават не я, а хто-небудзь з блізкіх – яны даюць мне, вобразна кажучы, па карку.

Дэманстрацыя вантроб ва ўласнай творчасці – гэта не самы добры сродак, і не заўсёды гэта знаходзіць належны водгук.

Мяне хвалюе меркаванне іншых людзей. Я прыхільнік канструктыўнай крытыкі. Зразумела, ніхто не можа рэагаваць на яе адэкватна. Але мне важна, што скажуць і як ацэняць маю творчасць.

Самыя жорсткія крытыкі – гэта мае бацькі. Яны заўсёды ўсё раскладаюць па палічках і кажуць: «Лепш ты пачуеш гэта ад нас, чым ад кагосьці іншага».

Універсальны спосаб не ныць – гэта цяжкая праца. Калі на ныццё проста не застанецца часу.

Я вельмі люблю падарожнічаць, заўсёды натхняюся новымі месцамі і новымі ўбачанымі рэчамі. 

Падарожжа на мора – гэта тое, што дазваляе прыйсці ў сябе. 

Асабіста для мяне Менск не такі зручны горад, як Берлін. Таму што там зусім элементарна паехаць на іншы канец горада, можна практычна бегаць. Але і ў нас усё рухаецца ў бок паляпшэння.

Фармулёўка «людзі з абмежаванымі магчымасцямі», напэўна, усё-такі павінна існаваць, каб вылучыць нейкую катэгорыю людзей, якая мае патрэбу ў дадатковых умовах для камфортнага ладу жыцця.

Ад такіх словаў мне самой неяк няёмка, нязручна. Трэба, напэўна, да гэтага прывыкнуць, як да юрыдычнага або сацыяльнага тэрміна.

Я, напэўна, не зусім нармальная – у тым сэнсе, што я не вельмі асацыюю сябе з такой катэгорыяй грамадзян, я не бачу гэтай праблемы ў сабе і спадзяюся, што іншыя таксама не бачаць.

Нядаўна я чула, што калі ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, гэта значыць ёсць і з неабмежаванымі магчымасцямі. Але гэта ўжо падобна да «Людзей Х».

Часам я думаю: «Ух, абы не быць горш за ўсіх».

Класна – гэта на сцэне з гуртом выступаць і спяваць хрыплым голасам. Гэта тое, чаго мне заўсёды хацелася.

Я вельмі не люблю самалюбаванне. Не люблю, калі аўтар што-небудзь піша і пачынае тлумачыць, падазраючы, што чытач не зразумее і трэба яму паказаць, што аўтар вельмі разумны.

Самаіронія – гэта вельмі важна.

Вельмі выдатна выдумаць гісторыю, нахлусіць і так усё расставіць па месцах, каб усе падумалі, што яно так і было насамрэч. Вось як у раманах Умберта Эка, напрыклад.

Кнігі – гэта пошук сябе. Кніга – гэта прыгода.

 

Фота by Таня Капітонава, 34mag.net