Кулі не раняць, словы страляюць — Таццяна Беланогая прэзентавала “Святло і цені”

Гукарэжысёрам “Святла і ценяў” стаў Андрэй Старавойтаў, альбом выйшаў пры падтрымцы BMA-group і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На прэзентацыі Таццяна выступала разам з сола-гітарыстам Юрыем Хілаўцом, з якім, як распавяла спявачка, у яе склалася плённае творчае супрацоўніцтва.

Канцэрт праходзіў у перапоўненай залі, у вельмі цёплай сяброўскай атмасферы. І не толькі таму, што павіншаваць Таццяну Беланогую з выхадам новага альбома прыехалі яе родныя і блізкія, а таксама сябры і землякі-маладзечанцы.

Кранальнасцю, шчырасцю, нязмушанасцю кантактавання ў публічнай прасторы, і, безумоўна, харызматычнасцю і прыгажосцю дзяўчына па праве заслужыла народную любоў.

І тое не банальныя словы — любы можа пераканацца ў гэтым, пабываўшы на выступах Таццяны і пабачыўшы мноства яе адданых прыхільнікаў, якія ведаюць тэксты песень на памяць і задорваюць улюбёную спявачку кветкамі.

Альбом “Святло і цені” прысвечаны Вользе Рамановіч, якая заўчасна пайшла з жыцця ў 2011 годзе, калі ёй было ўсяго 33 гады. Вольга — настаўніца французскай мовы з Маладзечна, першая перакладніца мемуараў Міхала Клеафаса Агінскага на беларускую мову. Як распавяла на прэзентацыі Таццяна Беланогая, дзяўчаты пазнаёміліся на адным з выступленняў спявачкі — Вольга была прыхільніцай творчасці Таццяны — а пазней пасябравалі.

Канцэрт складаўся з трох сэтаў. У першым Таццяна выканала кампазіцыі з новага альбома. У другім прагучалі песні на вершы Яўгеніі Янішчыц, кружэлку на вершы якой выканаўца плануе выдаць у хуткім часе.

Матэрыялу сабралася шмат, у тым ліку балады, рамансы, — усяго некалькі дзясяткаў песень на творы “палескай ластаўкі”. У трэцім аддзяленні Таццяна парадавала слухачоў добра вядомымі і ўлюбёнымі трэкамі “Метро”, “Дзеці неба”, “Балюча”, “Да цябе”. Тройчы Таццяна Беланогая выходзіла на біс.

Канцэрт завяршыўся аўтограф-сесіяй. Пра новыя выступы і іншыя творчыя навіны Таццяны Беланогай можна дазнацца на афіцыйным сайце http://bielanohaja.by/. Рэцэнзію музычнага крытыка Сяргея Будкіна на "Святло і цені" чытайце тут.

Віка Трэнас, для lit-bel.org

Фота аўтара