Культура? А навошта яна нам?

Навошта нешта рабіць, калі і так нармальна? Навошта вучыць мовы, калі ёсць ангельская? 

У адрозненне ад трох папярэдніх ролікаў, дзе расказваецца гісторыя аднаго героя, у гэтым роліку герояў шмат. Пытанне “навошта?” з праекцыяй на сваю прафесію ўздымаюць таленавітыя людзі: пісьменнік Уладзімір Арлоў, дызайнер Анатоль Лазар, мылавар Таша Міхайлоўская, валанцёр Дар’я Слабчанка, рэдактар беларускай Вікіпедыі Павел Селіцкас, юрыст Дар’я Каткоўская, архітэктар Алесь Трусаў і культуртрэгер Кацярына Раманчык. Разам з імі дзеляцца думкамі ўжо знаёмыя па ранейшых відэа рэкламіст Сяргей Скараход і спартовец Віталь Гуркоў.

“Культура паляпшае жыццё”, лозунг, ужо добра знаёмы наведнікам рэгіянальных ток-шоу і “кірмашоў праектаў”, якія ладзіць “Будзьма!” па ўсёй краіне, цяпер стаў канцэптам усёй дзейнасці кампаніі. За публікацыяй відэа нас чакаюць новыя падзеі, якія не толькі прадэманструюць, што менавіта культура паляпшае жыццё, але і дадуць канкрэтныя прыклады таго, як гэта адбываецца. Былі падведзеныя вынікі конкурсу культурніцкіх ідэй, што сабраў болей за паўсотні заявак, і праекты-пераможцы зусім хутка пабачаць свет. Ужо з’явілася палатно гісторыі ў стылі графіці ў Магілёве, дзе “Кірмаш праектаў” быў зладжаны разам з аблвыканкамам.

budzma.org