Культурнае лета ў Літве пачынаецца актыўна!

Канец вясны - пачатак лета ў Літве традыцыйна адзначаецца цэлым шэрагам культурных мерапрыемстваў на любы густ. Сёлета сярод такіх - першае ўручэнне кінематаграфічных прэмій, Пленер кавальства, свята "Вясна паэзіі", фестывалі класічнай музыкі.

29 траўня ў памяшканні Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатру ўпершыню адорвалі дзеячаў літоўскага кінематографу. Літоўская прэмія за дасягненні цягам году называецца "Срэбны жораў", а за ўнёскі ў развіццё літоўскага кіно наогул - "Залаты жораў". Статуэткі створаныя скульптарам Аўдрусам Ляўданскасам. Узнагароджэнне ініцыяванае Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі і Асацыяцыяй аўтарскіх правоў аўдыёвізуальных твораў.
"Залатых жораваў" атрымалі актор і рэжысёр Данатас Банёніс, аператар Ёнас Грыцюс (яго называюць пачынальнікам літоўскай школы кінааператараў) і рэжысёр Марыёнас Гедрыс.
Найлепшым гульнёвым фільмам названы фільм "Калекцыянерка" (Kolekcionierė), найлепшым дакументальным - "Звон" (Varpas), найлепшым рэжысёрам - Аўдрус Стоніс (на фота), найлепшым акторам - Марус Ямпольскіс. На жаль, для беларускага гледача сучаснае літоўскае кінематаграфічнае мастацтва застаецца недасяжным.
Усяго "Срэбных жораваў" на цырымоніі было ўручана чатырнаццаць.

 

Адкрыўся Другі міжнародны пленер кавальства "Чатыры вятры - 2008", што ладзіць "Літоўскі саюз кавалёў". У першым пленеры бралі ўдзел 40 майстроў кавальства - 36 літоўцаў і 4 замежнікі. Сёння, 30 траўня, удзельнікі пленеру сабраліся ў "кузні Лінаса" (Лінас Ляшчаўскас - старшыня Саюзу), што ў вёсцы пад Клайпедай. Асноўная ж частка пленеру адбудзецца 31 траўня на Тэатральнай плошчы ў Клайпедзе, дзе пачнецца конкурснае каванне на тэму "Жывы метал", а перад тым кавалі маюць адкрыць выставу сваіх працаў у клайпедскім Музеі кавальства.
Для кавання маюць быць змантаваныя пяць накавадлаў. Кожны каваль будзе мець паўгадзіны часу, каб скаваць сегмент кампазіцыі "Жывы метал". У нядзелю ўсе сегменты будуць прымацаваныя да трохметровай драўлянай канструкцыі. Пленер будзе скончаны ўрачыстым кіданнем сімвалаў кавальства ў фантан на Тэатральнай плошчы - каб мерапрыемства ў Клайпеду вярнулася налета.

31 траўня віленскі Пілайцкі лес наведае ўселітоўскае свята "Вясна паэзіі". У віленскім раёне Пілайтэ гэты фестываль будзе адбывацца у шосты раз і будзе мець падназоў "Гучаць словы пры дубе старым". А сам фестываль адбываецца ў розных мясцовасцях Літвы ўжо ў 44 раз - і традыцыйна ў апошні дзень вясны. Сёлета Пілайцкая "Вясна паэзіі" прысвечаная памяці пачынальніка літоўскай спяванай паэзіі Вітаўтасу Кярнагісу. На пляцоўцы Пілайцкага лесу свае творы прачытаюць паэты Даля Саўкайтытэ, Марцэліюс Марцінайціс і Сігітас Гяда. Вершы гэтых і іншых паэтаў мае агучыць створаны В. Кярнагісам фальклёрны ансамбль з Буйвідзішак "Вярдзяне". Бясплатныя мерапрыемствы фестывалю адбудуцца таксама ў Кернаве, на Шатрыйскай гары ў Жамойці, у Клайпедзе, Паланзе і іншых гарадах і мясцінах.

А 1 чэрвеня ў ковенскім Пажайслісаўскім кляштары мае пачацца найвялікшы ў Літве фестываль класічнай музыкі. Гэты фестываль ужо трынаццаты і будзе цягнуцца тры месяцы, праз усё лета. У праграме музычнага свята - 40 канцэртаў, будуць удзельнічаць больш за 100 замежных выканаўцаў. Сустрэчы з музыкай прадугледжаныя на 27 сцэнах. Першы вечар фестывалю адкрые сцэнічная кантата Карла Орфа "Трыюмф Афрадыты".

У першы дзень чэрвеня пачнецца 5-ты міжнародны летні музычны фестываль у Цітувенах, цягам якога прадугледжана пятнаццаць канцэртаў. Фестываль традыцыйна адбываецца ў мурах Цітувенскага кляштара. У фестывалі прадугледжаная і прэм'ера літоўскага твору: Літоўскі камерны аркестр выканае "Канцэрт для габою з аркестрам" літоўскага кампазітара А. Мальціса. Адна з традыцый гэтага фестывалю - прадстаўляць адзін музычны інструмент. Сёлета фестываль будзе прысвечаны менавіта габою.

 

Паводле lrt.lt, elta.lt падрыхтаваў А.М.