Купала і Багдановіч як рэклама "Мілавіцы"?

Цяпер партрэты класікаў можна пабачыць не толькі ў школьных
кабінетах беларускай мовы і літаратуры, але і на вітрынах фірменных крам
вядомага беларускага вытворцы жаночай бялізны?
Крама на
вуліцы Маскоўскай. Два манекены, апранутыя ў какетлівыя споднія
камплекты, стаяць на фоне плаката з Янкам Купалам і яго вершам пра
каханне:Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, —
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!
Столькі песень над песнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, —
Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё...
А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..
У
вітрыне побач — Максім Багдановіч, радкі з "Зоркі Венеры" і сімпатычная
піжама ў кветачкі. Заходжу, намагаюся даведацца ў пакупнікоў, як ім
такая рэклама:
— Ну, бялізну я тут заўжды купляла і купляць буду,
а вось пра паэтаў гэтых ведаю толькі тое, што ў школе казалі. Я ўвогуле
сама з Расіі, у Беларусь толькі ў 15 год з бацькамі пераехала, —
расказвае жанчына гадоў сарака, якая прадставілася Наталляй.
Побач перабіралі вешалкі дзве дзяўчыны — студэнткі. Што прыемна, Карына і Маша падтрымалі размову па-беларуску:—
З аднаго боку, ідэя зрабіць такую рэкламу — гэта вельмі неардынарна.
Звычайна да таго, што прызнана класікай, ставяцца як да чагосьці
недатыкальнага і бездакорнага. Але часам такое стаўленне можа зрабіць
верш ці пісьменніка "закасцянелым" і зусім не цікавым для маладога
пакалення. Думаю, Багдановіч і Купала ўсё роўна не пакрыўдзяцца. Але
калі з першым аўтарам усё зразумела (назва "Зорка Венера" выклікае
асацыяцыю з назвай маркі бялізны), наконт другога яшчэ трэба падумаць.
Ды і ідэя, верагодна, падабаецца не ўсім. Усё ж нязвыкла бачыць партрэты
класікаў побач са станікамі і начнымі кашулямі.
Каб атрымаць
адказ на пытанне, чаму Купала і Багдановіч цяпер рэкламуюць жаночую
бялізну, карэспандэнт "Звязды" звярнуўся ў кампанію "Мілавіца". Як
патлумачылі там, "ідэйная сутнасць канцэпцыі такога афармлення вітрын у
тым, што восень — гэта пара натхнення. Жанчына і яе прыгажосць заўжды
былі музай для паэтаў і пісьменнікаў. Натхнёныя аўтары-класікі
прысвячаюць свае радкі жанчыне ў вітрынах крам жаночай бялізны".
Прыдумалі
канцэпцыю афармлення ў адным з вядучых беларускіх рэкламных агенцтваў. А
паколькі крамы вытворца бялізны мае не толькі ў Беларусі, то,
напрыклад, ва Украіне ў афармленні вітрын выкарыстоўваюцца цытаты з
твораў украінскіх класікаў.