Лаўрэатаў конкурсу імя Рыгора Барадуліна ўганаравалі ў Мінску (ФОТА, ВІДЭА)

Цягам паўгода, з 24 лютага, на пошту ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” маладыя літаратары дасылалі свае паэтычныя творы. Тэксты на ўмовах ананімнасці разглядала кампетэнтнае журы ў складзе Раісы Баравіковай, Леаніда Дранько-Майсюка, Вольгі Іпатавай, Наталкі Кучмель і Уладзіміра Някляева. 31 жніўня журы падвяло вынікі і абвясціла фіналістаў і пераможцаў.

Вечарына пачалася з прывітальнага слова Старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў", празаіка Барыса Пятровіча.

Сябры журы Наталля Кучмель і Раіса Баравікова

Барыс Пятровіч (на заднім плане вядучая Аляксандра Дварэцкая)

Барыс Пятровіч: “Сёлетні чарговы, ужо сёмы, конкурс маладых літаратараў Саюз беларускіх пісьменнікаў прысвяціў памяці народнага паэта Рыгора Барадуліна. З усіх жанраў, у якіх працаваў Рыгор Іванавіч і дасягнуў найбольшых вышыняў, мы выбралі два: паэзія і пераклад. Пра паэта Рыгора Барадуліна добра ведаюць усе, а пра перакладчыка значна менш. Вось жа, Рыгор Іванавіч перакладаў з 37 моў свету і ўсе пераклады былі зробленыя надзвычай па-майстэрску. Вядома, ён не валодаў усімі гэтымі мовамі дасканала, некаторыя кнігі перакладаліся ім з падрадкоўнікаў. Але нават і ў гэтым выпадку, як сцвярджаюць мовазнаўцы, Барадуліну ўдавалася зрабіць так, каб пераклад загучаў нават лепш за арыгінал. Што здараецца вельмі рэдка”.

Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” распавёў пра ўмовы працы журы, а таксама прадставіў яго публіцы. Ён павіншаваў усіх удзельнікаў, фіналістаў і пераможцаў: “Дзякуй, што вы наважыліся прыняць удзел у гэтым саперніцтве. Жадаем вам поспехаў і плёну. Надалей заставайцеся ў літаратуры!”

Выступае Барыс Пятровіч

Сябар журы Леанід Дранько-Майсюк

Уверсе: Раіса Баравікова і Яна Мацюшава, унізе: Ганна Комар

Першых дыпламантаў назвала сябра журы, паэтка, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі па літаратуры Раіса Баравікова:

“Праца была няпростая, праца была вельмі цікавая. І сапраўды выключна ананімная. Як ні дзіва, думкі ў журы збольшага супалі. Сёмы конкурс. У лічбе “7” ёсць штосьці боскае, боскі пачатак: сем дзён тварэння. Было прыемна, што мне даверылі такую адказную справу, бо журы – гэта заўсёды вялікая адказнасць. І яшчэ прыемна кансультаваць конкурс маладых літаратараў таму, што гэта ўводзіны новых людзей у вялікую хату, вялікую сям’ю беларускай літаратуры”.

Раіса Андрэеўна ўручыла дыплом і падарункі ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” фіналістцы конкурсу Яне Мацюшавай, якая прачытала верш “Беларусам”:

Не ўсім лёс дае зразумець

(Не кожнаму гэта і трэба)

Як доўга мы можам цярпець,

Як трэба блакітнае неба!

Як можам мы шчыра любіць,

Як можам пяшчотай дзяліцца,

Як смагу сваю наталіць

Халоднай крынічнай вадзіцай.

Рукамі як можам сагрэць,

Да сэрца прыціснуць абдымкам.

Прывучаны рана сталець

Ды ведаць цану скарынкі.

Мы ёсць. Мы адолеем сцюжу,

Бо раны павінны гаіцца.

Мае беларускія людзі,

Я буду за вас маліцца!..

 

Потым Раіса Баравікова паклікала на сцэну за ўзнагародай паэтку і перакладчыцу Ганну Комар, якая дасылала на конкурс перастварэнні з амерыканскага паэта Чарлза Букоўскі. Яна зачытала верш Букоўскі “Святло, і паветра, і месца, і час”:

“…дзетка, святло, і паветра, і месца, і час

не змяняюць нічога

і не ствараюць нічога

магчыма проста даюць табе шанец

для новых

адмазак”.

Уверсе: Леанід Дранько-Майсюк і Аліса Мініна; Аліса Мініна; унізе: Арцём Сітнікаў, Наталля Кучмель

Сябра журы, паэт Леанід Дранько-Майсюк успомніў гады вучобы ў маскоўскім Літінстытуце імя Горкага на пачатку 1980-х гадоў і размовы рускіх літаратараў пра талент Рыгора Барадуліна, “які носіць на плячы каляровы мех, поўны нечаканых рыфмаў”:

“Калі я чытаю пераклады Рыгора Барадуліна, мне хочацца танцаваць і плакаць. Я хацеў бы звярнуць увагу маладых на паэтычны сінтаксіс. Я, чытаючы тэксты намінантаў конкурсу, не раз успамінаў пра тое, што сінтаксіс у кожнай мовы свой. І каб добра пісаць, трэба пастаянна думаць пра беларускую нацыянальную сувязь слоў у сказе, кожны дзень чытаць беларускія слоўнікі”.

Леанід Дранько-Майсюк уручыў дыплом фіналісткі ў намінацыі “Паэзія” Алісе Мінінай. Яна прызналася, што пяць гадоў таму ўпершыню наведала кнігарню “ЛогвінаЎ” і, ўразіўшыся колькасці невядомых прозвішчаў на карэньчыках кніг, паабяцала сабе даведацца пра сучасную беларускую літаратуру больш: “І вось, прайшло пяць гадоў, я стаю на сцэне і маю дыплом за свае творы. Гэты вельмі прыемна”.

У намінацыі “Пераклад” сябра журы ўручыў дыплом Арцёму Сітнікаву. Апошні, з увагі на тое, што перакладае рок-паэзію, выйшаў на сцэну з гітарай і праспяваў пераствораныя ім па-беларуску песні Барыса Грабеншчыкова і Боба Дылана:

Ці зможа гара доўга звацца гарой,

Пакуль не патоне ў вадзе?

Ці зможа пазбаўлены рабства народ

Стаць вольным дазволіць сабе?

Колькі ж ты зможаш круціць галавой,

Глядзець і не бачыць людзей?

 

Адказы, мой сусед, вецер прынясе

Адказы ўсе вецер прынясе.

Паэтка і кніжны рэдактар з шматгадовым стажам Наталка Кучмель у цёплай і таварыскай форме моцна пакрытыкавала дасланыя на конкурс творы, працягнуўшы лінію Леаніда Дранько-Майсюка: “Грамадзяне-маляты, я асабіста для сябе адзначыла: а) беднасць мовы, б) нервовасць і торганасць. Сінтаксісам нельга пагарджаць. Перакладчыкі, гонячыся за дакладнасцю ў рыфме і сэнсе, забываюцца на мілагучнасць. Не павінен чытацца пераклад так, нібыта асцюкі жуеш”.

Атрымаўшы ад Наталкі Кучмель дыплом, фіналістка Ганна Станіславенка прызналася, што ўсё сказанае журы адносілася нібыта да яе і яна ў далейшым будзе звяртаць на мову большую ўвагу. Ганна Станіславенка прачытала верш, прысвечаны Рыгору Барадуліну:

…дзядзька Рыгор –

рупар Бога жывога,

Што кліча маліцца

І пацяшае нас

Гукамі міласцівай мовы.

Дыпломам фіналіста і падарункамі быў адзначаны і перакладчык Аляксей Лабоцкі, які зачытаў па-беларуску ўрывак з перакладу “Скіфаў” Аляксандра Блока, адзначыўшы надзённае гучанне твора ў час, калі ідзе баявое супрацьстаянне ў нашага паўднёвага суседа.

Уверсе: Ганна Станіславенка, Аляксей Лабоцкі; унізе: Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч

Апрача жывых выступаў, гледачоў чакалі сюрпрызы ў выглядзе відэапрывітання фіналісткі Анхелы Эспіносы Руіз, падарункі для якой пераняў прысутны ў залі ейны прыяцель і прамоўтар Кірыла Камароўскі.

 

Геаграфію вечарыны пашырыў і гукавы зварот з Італіі ад Яўгеніі Асколкавай, якая была адзначана журы за пераклады з італьянскага паэта Джузэпэ Джардзіна. Свае прывітанні на словах перадалі сябры журы Вольга Іпатава (з Канады) і Уладзімір Някляеў, які знаходзіўся ў гэты час на літаратурным фестывалі ў Румыніі.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч

Урэшце, вядоўцы вечарыны Аляксандра Дварэцкая і Віка Трэнас запрасілі на сцэну кіраўніцтва ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – Барыса Пятровіча і Алеся Пашкевіча, якія ўручылі прызы пераможцам: Валярыне Куставай за паэзію і Алесю Емяльянаву-Шыловічу за пераклады з польскай літаратуры: Эвы Ліпскай, Адама Загаеўскага і Галіны Пасвятоўскай:

мы кахаліся жарсна тры месяцы

як чалавек і ягоны цень

мае пальцы ўраслі ў мяса ягонай далоні

мае грудзі спяваюць ягоным дыханнем

я ўзбівала белай рукою валасы на ягоным ілбе

а ўночы яго галава субтрапічнаю кветкай

зацвітала каля маёй

ён казаў пра лагодныя ночы Нігерыі

акіян які ліжа залатыя пяскі ўзбярэжжаў

і пра зоры што валяцца ў рукі

і пра пальмы з разгорнутымі як далоні лістамі

я слухаю не адрываючы вусны ад ягонай рукі

(Галіна Пасвятоўска)

Валярына Кустава

Валярына Кустава, працягнуўшы гаворку пра геаграфічную разнастайнасць вечарыны, адзначыла, што цудам паспела, бо яшчэ ўдзень знаходзілася ў Варшаве. Вершы яна адбірала, паводле яе словаў, “разам з Музам”, які з 40 тэкстаў крытычна адклаў у бок амаль палову. Для яе конкурс быў у навіну, бо ў падобных спаборніцтвах яна не прымала ўдзел ужо вельмі даўно, “таму гэты быў своеасаблівы эксперымент”. Пераможца таксама прачытала некалькі сваіх вершаў пра каханне.

* * *
Ведаеш,
я сёння бачыла любоў.
Яму было пад дзевяноста,
а ёй – пад восемдзесят.
Розніца ў адзінаццаць, 
дванаццаць,
трынаццаць гадоў
толькі раней здавалася розніцай.
Ён прамовіў ёй:

“Мілая,
асцярожна...” –
і падхапіў пад руку,
каб не зачапілася аб парожку.
Ён прамовіў гэта моўчкі,
бо ўсе словы ўжо толькі доўжыліся.
І даўно былі на слыху.
Потым ён купіў марожку –
адзін калачык на дваіх –
і яны прыселі 
і з'елі яго 
на дарожку.
А пасля – зляцелі,
крохкімі 
віцінкамі
адштурхнуўшыся 
ад зямлі.

Тлустай кропкай у вечарыне стаў выступ гурта Сяржука Доўгушава і гурта Harmonic Style Project, які выступіў з праграмай на вершы Рыгора Барадуліна “Песні матчыны з Вушаччыны” і прывёў залу ў поўнае захапленне, заахвоціўшы да спеваў нават старэйшае пакаленне беларускіх літаратараў.

Тэкст: ЦЧ, фота: ВТ, lit-bel.org

Больш фота глядзіце ТУТ

Дзякуем Анатолю Івашчанку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу