Лаўрэатамі прэміі Быкава ў дзень народзінаў пісьменніка сталі Марачкін і Вайцюшкевіч

Фота: Радыё Свабода
Фота: Радыё Свабода

Сёлета журы вызначыла два лаўрэаты — мастака Аляксея Марачкіна і музыку Змітра Вайцюшкевіча.

Імёны лаўрэатаў абвясціў лідар руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч.

Прэмія была заснаваная 6 год таму на ўзор прэміі "За свабоду" імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны Аляксандар Мілінкевіч. Гэтай прэміяй узнагароджваюць тых, хто, на думку журы, найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадскай, прафесійнай альбо творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды.

Упершыню ў 2008 годзе прэмія была прысуджаная паэту Рыгору Барадуліну, пісьменніку Уладзімеру Арлову і палітыку Паўлу Севярынцу. У 2009 годзе прэмія "За свабоду думкі" была ўручаная Алесю Пушкіну. У 2010 годзе ганаровы дыплом і сімвалічную статуэтку аўтарства Віктара Копача атрымала Ада Райчонак, актывістка з Шаркоўшчынскага раёна, арганізатарка мастацкіх пленэраў, стваральніца некалькіх музеяў і заснавальніца Цэнтра імя Язэпа Драздовіча. У 2011 годзе лаўрэатам стаў экс-кандыдат на прэзідэнцкую пасаду паэт Уладзімер Някляеў. Летась прэміяй імя Васіля Быкава "За свабоду думкі" былі ўганараваныя Алесь Белакоз, настаўнік, краязнаўца, стваральнік і шматгадовы дырэктар краязнаўчага музея ў вёсцы Гудзевічы, што ў Мастоўскім раёне на Гарадзеншчыне, і музыка, лідар гурта "Крамбамбуля" Лявон Вольскі.

Імпрэзу ў Бычках некалькі гадоў запар ладзіць Віцебская абласная рада грамадскага аб’яднання "Таварыства беларускай мовы". Старшыня рады Ёсіф Навумчык падаваў заяўку ў Вушацкі райвыканкам, ён жа адказны за правядзенне святкавання ў Бычках, разам з загадчыцай ідэалагічнага аддзела райвыканкама Вольгай Карчэўскай.

Праўда, прадстаўнікі раённых уладаў ніколі не выказвалі жадання выступіць на быкаўскай імпрэзе. Але слова ім абавязкова б далі, кажа спадар Навумчык.

Святочная імпрэза распачалася а 14-й гадзіне. Выступалі літаратары.

На святкаванні ўгодкаў Васіля Быкава перад гасцямі выступіла сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна. Усе прысутныя наведалі мемарыяльны музей — хату, пастаўленую на ўзор той, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка. Аднавяскоўцы Васіля Быкава — збольшага ўжо нашчадкі ці сваякі тых, хто яго ведаў у маленстве — гасцінна сустракалі ўсіх, хто прыехаў 19 чэрвеня ў Бычкі.

svaboda.org