Лаўрэатамі прэміі "Дэбют" сталі Ганна Янкута, Юлія Шарова, Андрэй Адамовіч. Спецпрэмію атрымаў Глеб Лабадзенка

21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, у мінскай галерэі “Ў” адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Прэмія праводзіцца ўжо трэці год запар традыцыйна ў трох намінацыях: паэзія, проза, мастацкі пераклад. Арганізатарамі прэміі выступілі Беларускі ПЭН-Цэнтр і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.


Вядучы вечарыны, паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч паведаміў, што сёлета ў межах прэміі ёсць спецыяльныя адзнакі -- будуць уручаныя дзесяць узнагародаў і адзін медаль.

Пісьменнік, сябар журы Уладзімір Арлоў у сваім выступе заўважыў, што бурлівыя публічныя абмеркаванні прэмій – нядаўна ўручанай імя Гедройца і цяпер імя Багдановіча – абвастраюць падзеі літаратурнага працэсу.

Андрэй Хадановіч і Павел Бераговіч

Спадар Уладзімір запрасіў на сцэну заснавальніка прэміі “Дэбют” Паўла Бераговіча, які быў уганараваны медалём з партрэтам Максіма Багдановіча як фундатар прэміі.

Андрэй Хадановіч у алфавітным парадку прадставіў шорт-лістэраў у намінацыі “Мастацкі пераклад”. Святлана Богуш распавяла пра перакладзеную ёй са славацкай мовы кнігу Рудольфа Слобады “Розум” і агучыла фрагмент з кнігі. Павел Рааго расказаў пра сваю працу над перакладам Жо Лангерава “Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л”.

Пісьменнік, першы намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч, а таксама выдавец Зміцер Колас, дзякуючы якому пабачылі свет кнігі ўсіх намінантаў у галіне перакладу, абвесцілі пераможцу.

Лаўрэатам прэміі “Дэбют” стала Ганна Янкута за электронную кнігу перакладаў “Калядны харал” Чарльза Дыкенса.


Ганна Янкута

Нагадаем, што ў шорт-лісце намінацыі “Проза” аказаліся: Андрэй Пакроўскі з кнігай “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза” (кніжная серыя “Пункт адліку”), Юлія Шарова з электронным выданнем “Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік”, а таксама Ксенія Шталянкова з раманам “Адваротны бок люстра”.

Абвяшчаючы лаўрэата-празаіка, Лявон Баршчэўскі адзначыў, што ўсцешаны з’яўленнем маладога пакалення, сапраўды беларускіх аўтараў новай фармацыі, якія не баяцца эстэтычных эксперыментаў і працуюць у самых розных формах і жанрах. Прэмію “Дэбют” у намінацыі “Проза” атрымала Юлія Шарова.


Юлія Шарова

Спецпрэміяй “Крэатыўны праект. Нечаканка года” быў уганараваны Глеб Лабадзенка за кнігу “Дзіцячая заМова”.


Глеб Лабадзенка

Сярод намінантаў у паэзіі былі Андрэй Адамовіч з кнігай “Дзень паэзіі смерці дзень”, Кацярына Макарэвіч са зборнікам “Соль і неспакой” і Наста Манцэвіч з выданнем “Птушкі” (вершы і проза, серыя “Пункт адліку”).

Усе намінанты прысутнічалі, за выняткам Кацярыны Макарэвіч, якая знаходзіцца за межамі Беларусі. Яе творчасць прадставіла яе сяброўка Ірына.

Філосаф, літаратар, сябар журы Валянцін Акудовіч абвесціў лаўрэата прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў паэзіі -- ім стаў Андрэй Адамовіч.

Андрэй Адамовіч

Музычную частку вечарыны забяспечылі Андрусь Такінданг і гурт “Рэха”

Прэсавая служба СБП, фота АУ