Лаўрэатамі прэміі Гедройца сёлета сталі Таццяна Барысік, Альгерд Бахарэвіч і Віктар Казько (фота+відэа)

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-Цэнтр, ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, IdeaBank. Партнёры — грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі", культурная платформа Litara-A.

Адкрыў цырымонію ганаравання Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Спадар Лешак Шарэпка

Спадар Лешак Шарэпка; вядоўца вечара, Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч

Трэцяе месца і творчую стыпендыю ў Вентспілсе (Латвія) атрымаў Альгерд Бахарэвіч за раман "Дзеці Аліндаркі", другое  — пераклад твора на польскую мову альбо творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя)  — Таццяна Барысік за кнігу апавяданняў "Жанчына і леапард".

Адносна першага месца супалі вынікі чытацкага галасавання, якое праводзілася непасрэдна сярод наведнікаў цырымоніі, і рашэння журы — перамог Віктар Казько за кнігу аповесцей "Час збіраць косці". Разам з двума дыпломамі лаўрэата Віктар Апанасавіч атрымаў народную любоў і чэк ад партнёра Прэміі IdeaBank.

На сцэне фіналісты прэміі, злева направа: Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Андрэй Гуцаў, Кацярына Маціеўская (прадстаўляла Антона Францішка Брыля), Альгерд Бахарэвіч, Таццяна Барысік

Віктар Казько падчас і пасля абвяшчэння вынікаў прэміі

Справа налева: фрагмент з буктрэйлера да кнігі Альгерда Бахарэвіча; выступае сябар журы Уладзімер Арлоў; прамаўляе Андрэй Хадановіч

У шорт-лісце ў гэтым годзе апынуліся кнігі:

1. Таццяна Барысік “Жанчына і леапард” (Мінск, “Кнігазбор”)

2. Альгерд Бахарэвіч “Дзеці Аліндаркі” (Мінск, “Галіяфы”)

3. Антон Францішак Брыль “Ян Ялмужна” (Мінск, “Кнігазбор”)

4. Андрэй Гуцаў “Кніга зданяў” (Мінск, “Кнігазбор”)

5. Сяргей Дубавец “Сіні карабель у блакітным моры плыве” (Мінск, “Каўчэг”)

6. Віктар Казько “Час збіраць косці” (Мінск, “Кнігазбор”)

Усе шорт-лістэры, за выняткам Антона Францішка Брыля, які жыве і працуе ў Лондане, удзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі.

Выступалі і сябры журы Прэміі: Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута.

Спецыяльным дыпломам за інфармацыйную падтрымку Прэміі была ўзнагароджана Беларуская служба Радыё Свабода, якая вяла прамую відэатрансляцыю ўручэння.

Сябар журы Адам Глобус абвяшчае Альгерда Бахарэвіча

Пісьменнік, сябар журы Андрэй Федарэнка, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч і даследчыца, сябар журы Малгажата Бухалік называюць імя ўладальніцы другога месца -- Таццяны Барысік

Злева направа: Таццяна Барысік, Барыс Пятровіч, Малгажата Бухалік, Андрэй Федарэнка

Лаўрэат прэміі Гедройца 2014 Ігар Бабкоў, Спадар Лешак Шарэпка, кіраўніцтва IdeaBank абвяшчаюць імя пераможцы  

У гэтым годзе дзякуючы супрацоўніцтву арганізатараў з ініцыятывай Litara-A былі знятыя буктрэйлеры да кніг, якія патрапілі ў шорт-ліст прэміі Гедройца. Усе шэсць відэа дэманстраваліся падчас вечарыны.

Вашай увазе -- матэрыялы паводле кніг пераможцы Віктара Казько, а таксама Таццяны Барысік, магілёўскай пісьменніцы, якая стала адкрыццём у сучаснай прозе. Абодва зборнікі пабачылі свет у выдавецтве "Кнігазбор", у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Урывак з рамана Альгерда Бахарэвіча "Дзеці Аліндаркі" (чытае аўтар).

Усе буктрэйлеры можна паглядзець ТУТ.

Аздобіла і завяршыла вечарыну музыка ад гурта TonqiXod.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, lit-bel.org