Лаўрэатамі прэміі “Залаты Апостраф-2013” сталі Алесь Бяляцкі, Леанід Галубовіч і Віктар Казько

Выступае Барыс Пятровіч

— 23 верасня 2002 года выйшаў першы нумар часопіса “Дзеяслоў”, і на дадзены момант пабачылі свет ужо 68 нумароў. У самым пачатку мы не спадзяваліся, што нашае выданне стане “доўгажыхаром”, але, на шчасце, “Дзеяслоў” — адзін з нешматлікіх у Беларусі літаратурна-мастацкіх часопісаў, які працягвае паспяхова выходзіць і мае сваю аўдыторыю, — павітаўшы гасцей, распавёў празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч.

— На нашых старонках — самыя лепшыя здабыткі сучаснай беларускай літаратуры. Сёння прэмія “Залаты Апостраф” уручаецца ўжо ў адзінаццаты раз. Больш за 30 аўтараў сталі яе лаўрэатамі за гэты час, сярод іх — як маладыя, так і сталыя пісьменнікі. Многія з тых, хто некалі атрымалі прэмію ў намінацыі “Дэбют”, сёння вядомыя творцы.

Сёлета замест дэбюту будзе адзначаны аўтар у галіне крытыкі, літаратуразнаўства і публіцыстыкі — як вядома, нон-фікшн набывае ўсё большую папулярнасць у Еўропе. У гэтым годзе Саюз пісьменнікаў абвясціў конкурс “Экслібрыс”, прысвечаны нон-фікшн, да ўдзелу ў якім запрашаюцца аўтары ва ўзросце да 40 гадоў. Асобна ўручаецца прэмія Алеся Усені “За ўклад у сучасную беларускую літаратуру”, — дадаў Барыс Пятровіч і запрасіў дзеяслоўца Анатоля Івашчанку для абвяшчэння лаўрэата ў намінацыі “Паэзія”.

Нагадаем, што сярод намінантаў былі: Вера Бурлак (падборка ў №66 “Дзеяслова”), Леанід Галубовіч (№67), Вольга Гронская (№ 67), Ярына Дашына (публікацыя ў № 62) і Алег Мінкін (№ 64).

Барыс Пятровіч і Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка ўрачыста абвясціў лаўрэата “Залатога Апострафа” — Леаніда Галубовіча за нізку вершаў “Зазімак”.

Барыс Пятровіч і Анатоль Івашчанка віншуюць Леаніда Галубовіча

Спадар Леанід падзякаваў журы, адзначыўшы, што ён асабіста як крытык аддаў бы перавагу іншым намінантам — Ярыне Дашынай або Вользе Гронскай, і прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Леанід Галубовіч

Вольга Гронская

Вера Бурлак

Выступілі таксама Вера Бурлак і Вольга Гронская.

Наведнікі Арт-Сядзібы таксама маглі пабачыць фотавыставу “Першапачатак”, створаную да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў. На здымках вядомыя творцы сталі персанажамі беларускай міфалогіі.

Анатоль Вярцінскі

Знаны паэт Анатоль Вярцінскі, які, дарэчы, выступіў у календары “Першапачатак” у ролі Жыценя, расказаў пра сваё супрацоўніцтва з “Дзеясловам”, фактычна з першых дзён яго заснавання, адзначыў, што часопіс адбыўся шмат у якіх адносінах, стаў вялікай культурнай з’явай. Напрыканцы спадар Анатоль прачытаў свой верш.

Алесь Пашкевіч

Празаік, даследчык, дзеясловец, першы намеснік Старшыні ГА “СБП” Алесь Пашкевіч абвясціў лаўрэата ў галіне прозы. Намінанты прэміі — Ева Вежнавец (публікацыя ў № 66), Віктар Казько (№ 67), Павел Касцюкевіч (№ 67), Сяргей Рублеўскі (№ 66), Макс Шчур (№ 62).

Лаўрэатам стаў Віктар Казько з нізкай апавяданняў “Вечны покліч вады”. На жаль, Віктар Апанасавіч не змог быць на вечарыне з-за хваробы. Усе прысутныя падтрымалі пісьменніка апладысментамі і пажадалі яму хутчэйшага выздараўлення.

Андрэй Хадановіч

— Бязмежна ўдзячны “Дзеяслову” ў самых розных якасцях, і перш за ўсё як чытач. Выданне дапамагае сустрэчы чытача і аўтара. Тым больш, раз-пораз шчасціць публікавацца ў гэтым часопісе. Асабліва важна, што ёсць рубрыка “Пераклады”, і калі сёлета з’явілася намінацыя “Нон-фікшн”, то ёсць спадзеў на намінацыю па мастацкім перакладзе ў будучыні, — расказаў паэт, перакладчык, Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч і прачытаў некалькі вершаў літоўскага, украінскага і польскага паэтаў у сваім перастварэнні, апублікаваных на дзеяслоўскіх старонках.

Барыс Пятровіч і Наталля Пінчук

Наступны лаўрэат прэміі “Залаты Апостраф-2013”, у галіне нон-фікшн, якога абвесціў Барыс Пятровіч, на вялікі жаль, не змог атрымаць узнагароду асабіста — літаратуразнаўца і праваабаронца Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў зняволенні ў Бабруйску. Дыплом лаўрэата за публікацыю “Дзяды былі з намі. З нагоды 25-годдзя першага масавага мітынгу ў Беларусі” (№ 66 “Дзеяслова”) быў перададзены жонцы спадара Алеся, Наталлі Пінчук.

Сяржук Сыс

Паэт Сяржук Сыс, сябар, зямляк і калега Алеся Бяляцкага, у сваім выступе падкрэсліў, наколькі важная літаратурная праца на дадзеным этапе для спадара Алеся і паведаміў, што сёлета рыхтуюцца да выдання яго новыя кнігі.  

Сярод намінантаў у галіне нон-фікшн былі Данута Бічэль, Сяргей Кавалёў, Анатоль Сідарэвіч, Ірына Шаўлякова.

Алесь Усеня абвяшчае лаўрэата прэміі “За ўклад у сучасную беларускую літаратуру”

Лаўрэатам асобнай прэміі “За ўклад у сучасную беларускую літаратуру”, заснаваную Алесем Усенем, стаў паэт Генадзь Бураўкін. Генадзь Мікалаевіч несумненна зрабіў вялікі ўнёсак у нацыянальную культуру і з’яўляецца легендарнай, надзвычайна важнай асобай для беларусаў. Спадар Генадзь не змог прысутнічаць на ўручэнні з-за таго, што знаходзіцца ў шпіталі. Калегі, сябры, прыхільнікі пажадалі паэту найхутчэйшага выздараўлення.

Спявае Яўген Барышнікаў   

Цягам вечарыны слухачы мелі магчымасць паслухаць надзвычай меладычныя і пранікнёныя аўтарскія балады ў выкананні барда Яўгена Барышнікава.

 

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org