Лаўрэаты «Дэбюту» – Івашчанка і Рогач. «Паэзія» не ўручалася

Як і летась, галоўная зала багдановічаўскага музея была перапоўненая гледачамі, шмат каму з іх давялося слухаць цырымонію стоячы. У гэты дзень ўручаліся ўсе тры галоўныя ўзнагароды ў галіне паэзіі, прозы і перакладу, а таму кожны намінант ці намінантка прыйшоў з групай падтрымкі ў выглядзе сяброў і сваякоў.

Уверсе: Лявон Баршчэўскі і Уладзімір Сіўчыкаў; унізе: Усевалад Сцебурака

Усевалад Сцебурака, вядоўца імпрэзы, вёў цырымонію ў імклівым рытме, разумеючы, што дарэшты наладаваную залу нельга ўтрымліваць у доўгім чаканні.

Андрэй Хадановіч і Павел Бераговіч

Напачатку вечара з прывітальнымі шчырымі словамі выступілі арганізатары: старшыня фонду "Вяртанне" і мецэнат Павел Бераговіч, загадчыца музею Марына Запартыка і старшыні творчых саюзаў: Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч.

Марына Запартыка

Прадпрымальнік Павел Бераговіч, усцешаны аншлагам, прапанаваў наступны раз правесці ўручэнне "дэбюта" ў "Прэзідэнт-гатэлі" каля Адміністрацыі Прэзідэнта.

Барыс Пятровіч

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" павіншаваў журы і намінантаў з заканчэннем прэміяльнага сезону, параіў тым, хто прэміі не атрымае, не адчайвацца, бо Максім Багдановіч не меў іх ніводнай і тым не менш любімы і шанаваны ўсімі беларусамі.

Старшыня Беларускага ПЭНу Андрэй Хадановіч, разважаючы пр сам феномен прэміі, правёў экскурс у літаратурную класіку. Бернард Шоў, напрыклад, казаў, што "Нобелеўская прэмія - уратавальны круг, які кідаюць плыўцу тады, калі ён ужо даплыў да берагу".

Выдавец Кацярыны Мядзведзевай Андрэй Янушкевіч, Анатоль Івашчанка, Кірыл Стаселька; сябар журы Віктар Марціновіч

Пасля кароткіх і ўхвальных прывітанняў пачалося самае цікавае. У намінацыі "Проза" на прэмію намінаваліся тры кнігі:

Анатоль Івашчанка «Анаталогія» — Мінск: «Кнігазбор»;

Кацярына Мядзведзева «Разламашкі майстра Люфта» — Мінск: ІП А.М. Янушкевіч, электроннае выданне;

Кірыл Стаселька «Дзіцячы маніфест». — Мінск: «Галіяфы»;

Андрэй Янушкевіч, Анатоль Івашчанка, Кірыл Стаселька; сябар журы Віктар Марціновіч

Анатоль Івашчанка

Прадстаўляў намінантаў сябра журы сёлетняга "Дэбюту" празаік і эсэіст Віктар Марціновіч, а самую галоўную прэмію атрымаў Анатоль Івашчанка, аўтар дзвюх кніг паэзіі, які пісаў прозу яшчэ з студэнцкіх часоў, аднак выходзіць з ёю на публіку не спяшаўся. У лаўрэацкім слове Анатоль Івашчанка сціпла падзякаваў за ацэнку яго творчасці.

Наталка Харытанюк

Даволі адноснай неспадзяванкай можна назваць уручэнне прэміі "Дэбют" імя М. Багдановіча ў галіне перакладу Святлане Рогач.

Святлана Рогач і Лізавета Касмач

Ужо на стадыі шорт-ліста журы адзначыла адразу дзве ейныя фундаментальныя працы мінулага году: пераклад раманаў Катэржыны Тучковай і Іржы Гаічка з чэшскай мовы.

Святлана Рогач

Усё ж інтрыга захоўвалася да апошняга, бо істотную канкурэнцыю складала Лізавета Касмач (пераклад з нямецкай мовы кнігі: Ірэна Брэжна. Найлепшы з усіх светаў). У выніку прэмію атрымала Святлана Рогач.

Прадстаўнік Анхелы Эспіноса, Алесь Плотка, Мікіта Найдзёнаў

Найбольш рэвалюцыйным і нестандартным ходам журы сталася неўручэнне галоўнай узнагароды за паэзію. На пачатку за прэмію спаборнічалі рэкордныя 11 зборнікаў вершаў. У выніку ў шорт-ліст увайшлі:

Мікіта Найдзёнаў «Развітанцы». — Мінск: «Кнігазбор»;

Алесь Плотка. Байсан. — Мінск: «Кнігазбор»;

Анхела Эспіноза Руіз. Раяль ля мора. — Вільня: «Логвінаў»;

Уладзь Лянкевіч

Лаўрэат прэміі "Дэбют" Уладзь Лянкевіч, які ўваходзіў сёлета ў склад журы, патлумачыў рашэнне кансэнсусам экспертаў. І Мікіта Найдзёнаў, і Алесь Плотка, і Анхела Эспіноса атрымалі заахвочвальныя прэміі ад фонду "Вяртанне".

Гурт NAVI

Вечарыну завершыў выступ гурта NAVI, пасля чаго намінанты і лаўрэаты працягнулі гутарку з журналістамі, а таксама прынялі віншаванні ад сваёй групы падтрымкі.

Сябра журы прэміі "Дэбют" Віталь Рыжкоў для lit-bel.org пракаментаваў сітуацыю з паэтычнай намінацыяй наступным чынам: "Хай у гэтым годзе не было лаўрэата ў намінацыі "Паэзія", але прынамсі намінанты застануцца сябрамі, без крыўдаў ці зайздрасці адно да аднога, як, магчыма, было ў мінулыя гады, і ўвесь негатыў будзе скіраваны да сябраў журы".

Літаратурная прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.

Сёлета ў журы прэміі ўвайходзілі: Павел Бераговіч, Уладзь Лянкевіч, Віктар Марціновіч, Юлія Мацук, Антон Рудак, Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк.

Відэа цырымоніі — ТУТ.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.orgФота Вікі Трэнас