Лідзія Міхеева: Вусцішна-эратычны Глобус Беларусі

Лідзія Міхеева.


Глобус рэканструюе, а часткова і сам стварае гарадскую міфалогію Беларусі —збольшага яго гісторыі адбываюцца менавіта ў Мінску, савецкім ці сучасным.

Уварванне ў шараватую паўсядзённасць казачных персанажаў перакульвае карціну свету, у якой Мінск — горад банальнасцяў, пустацелых урачыстых архітэктурных дэкарацый, дзе беспрытульна, як цені, лунаюць абывацелі. 

Вельмі цікавая і адметная рыса Глобуса-празаіка — менавіта яго намаганне гэтага абывацеля расквеціць. Калі тыпізаваць персанажаў яго казак, пабачыш два асноўныя класы. Першы — гэта казачныя істоты накшталт Папяровай лялькі, карузлікаў, Чорнай канапы, разнастайных чарцей, вупыроў, Бэзавага ката і г.д. Да другога класа можна было б аднесці якраз звычайных гарадскіх жыхароў, якія, трапляючы ў казкі Глобуса, робяцца таксама гратэскна-адметнымі героямі: тоўстая жанчына Ненажэра, зайздросная манекенніца, разнастайныя распусныя дзяўчаты, якія прапаноўваюць сваё цела за грошы і бясплатна, біёлаг, што гадуе нутрый, якія б забілі ўсіх людзей на свеце. 

Кожны з гэтых “звычайных-незвычайных” мінчукоў трапляе ў складаныя стасункі з рэальнасцю іншага парадку — атрымлівае дапамогу ад добрых чароўных істот ці звязваецца з самымі рознымі нячысцікамі, якія, як гэта водзіцца, самым цынічным чынам высмоктваюць жыццёвыя сілы, губяць, забіваюць і нішчаць.

Глобус уключае ў сваю мазаіку агульную гістарычную памяць, якая ахоплівае і самыя свежыя падзеі, што яшчэ не аселі ў якасці адрэфлексаванага мінулага ў свядомасці большасці з нас, але ўжо трапілі на старонкі Глобусавай кніжкі. Быццам мімаходзь згадваецца там і трагедыя на Нямізе, і падзеі некалькіх Плошчаў, і акцыя “Стоп-бензін”, і выбух у мінскім метро. Але Глобус уключае іх у аповед не як нейкія “прарывы” рэальнасці, якія б кантраставалі з усёй фантасмагорыяй, што адбываецца з яго персанажамі, а апісвае іх менавіта як вынік узаемадзеяння чалавека і звышнатуральнага свету. Мінскі свет паўстае замкнёнай магічнай прасторай, якая пульсуе вусцішнымі і светла-чароўнымі падзеямі і ў якой магчымая абсалютная любая дзіўная з’ява, што не падлягае лагічнаму тлумачэнню.

Чытаючы Глобуса, праходзіш некалькі ступеняў асэнсавання яго канцэпцыі “Казак” пра гарадское жыццё. Безумоўна, гэта абсалютна неабходны праект, бо менавіта гарадская міфалогія стварае горад як супольнасць жыхароў, якія падзяляюць адны і тыя ж практыкі маўлення: без гарадскога фальклору няма і гараджан, бо гараджане — гэта тыя, хто пераказвае адно аднаму адметныя і неймаверна цікавыя гісторыі. Так адначасова захоўваецца калектыўная памяць, і падтрымліваецца жывая камунікацыя паміж сённяшнімі насельнікамі горада. У гэтым плане “Казкі пра дарослых” — яшчэ адзін крок да стварэння Мінска, які ўвесь час намагаецца выслізнуць з рук, знікнуць як прастора, дзе можа адбывацца нешта цікавае для беларускага мастака ці літаратара.

Было б цікава разабрацца і з іншым пытаннем: што ёсць крыніцай той вусцішы, якая прысутнічае ледзь не на кожнай старонцы Глобусавага зборнічка? Самае простае — дамовіцца лічыць, што ён усяго толькі перанёс глыбінна беларускія міфічныя і фальклорныя матывы ў сучаснасць. Што гэта пэўная рэінкарнацыя “сена на асфальце”, толькі ў ролі сена — нейкі інфернальны балотны сфагнум, чэрці, вядзьмаркі і карузлікі, якія пераехалі з “міфаў і легендаў” у блогі і сацыяльныя сеткі, а з багны — у чысценька прыбраныя гарадскія паркі.

Ёсць і іншы варыянт адказу, ці, можа быць, варыянт, які дапаўняе першы. Чытаючы любое жудаснае фантастычнае апавяданне, напісанае на Беларусі, я заўсёды згадваю Караткевіча. “Дзікае паляванне” прыходзіць тады, калі нешта прагніла ў базавым, сацыяльна-палітычным фундаменце рэчаіснасці. Здані лунаюць у паветры, калі вусцішным падаецца самае звычайнае, паўсядзённае жыццё, якое правальваецца ў рэальны жах раз на пяць гадоў, калі нікому нельга давяраць, калі няма ніякага нязменнага сацыяльнага апірышча. З гэтага пункту гледжання “Казкі” Глобуса — не толькі ўнёсак у фальклор нашай сталіцы, але і сумны напамін: мы не можам зразумець, чаму ў нас “нешта не так”, і таму нам вельмі неабходныя чэрці, вупыры, ведзьмакі, на якіх можна зваліць віну за нашыя прыватныя і глабальныя трагедыі.

Але акрамя жудаснага ёсць у зборніку Глобуса яшчэ адзін вельмі моцны і важны складнік — эратычны. Ці парнаграфічны — тут спрачацца можна вельмі доўга. Стаўленне Глобуса-пісьменніка да сэксуальнага — гэта ўвогуле тэма для дысертацыі. Па вялікім рахунку, яго мэтай мне бачыцца ўсёахопнае супрацьстаянне любым праявам ханжаства.

Калі прааналізаваць моўныя сродкі, якія Глобус выкарыстоўвае для апісання любошчаў, мы заўважым, што эмацыйная палітра іх вельмі шырокая: у (квазі)аўтабіяграфічных нататках спалучаюцца пяшчотныя і пажадлівыя інтанацыі: “Дарыць залатыя завушніцы. Расшпільваць станік. Намоцна пакусваць смочкі. Лашчыць жаночы гузік. Зазіраць у пупок. Любіць цябе на сабе. Любіць сябе ў табе. Любіць” (с. 32). А ў дачыненні тых самых не заўсёды сімпатычных, хаця і адметных гарадскіх абывацеляў з’яўляюцца “важкія дупы”, “напятыя цыцкі”, “перапіхон” і г.д.

Менавіта такая крыху грубаватая інтанацыя што да сэксу і робіць зборнік “Казкамі пра дарослых”, бо “дарослыя” тут — акрэсленне не ўзросту, а такога стаўлення да свайго цела, сваёй сэксуальнасці, пры якім яна разумеецца як абсалютна самакаштоўная сіла, фундаментальна неабходная чалавечай істоце і не падпарадкаваная ніякім іншым пачаткам унутры яго — ні Богу, ні каханню, ні лёсу. Сэксуальнасць для Глобуса — першасная, не заўсёды кранутая культурай рэальнасць, таму і мова для яе апісання можа час ад часу спрашчацца, як спрашчаецца карціна свету ў некаторых Глобусавых персанажаў: ісціна — гэта калі ў мужчыны чэлес стаіць, галоўнае для жанчыны — нарадзіць дзіця, нельга прадаваць душу чорту, усё роўна ён цябе ж і вынішчыць. Усё гэта мудра, банальна і міла адначасова. Магчыма, менавіта таму, што з нейкай цынічна-дзіцяча-народнай непасрэднасцю закранае сферы, якія шляхетная і надта адукаваныя людзі прызвычаіліся лічыць патаемнымі і прынцыпова невытлумачальнымі на простай чалавечай мове.

Безумоўна, як любы эстэт, Глобус — крышачку вычварэнец, а такія людзі маюць бездакорны густ. Чытаючы “Казкі пра дарослых”, я злавіла сябе на думцы, што гэтыя апавяданні і нататкі вельмі гарманічна спалучаюцца, напрыклад, з жывапісам Глобуса. Не тэматычна, а менавіта па прынцыпах, якія аўтар выкарыстоўвае, працуючы як са словам і тэкстам, так і з лініяй і фарбамі.

Радыкальнае “не” рэалізму, насычанасць колераў, выразныя контуры. Нюансы, паўтоны калі і прысутнічаюць, то дасягаюцца не праз псіхалагічнае назіранне за героямі і іх дачыненнямі з светам. Псіхалогія Глобусу ўвогуле не такая цікавая, як яскравы акрэслены вобраз, ёмістая і захапляльная гісторыя, якая ў імгненне ўражвае так, як не можа ўзрушыць які-небудзь марудны філософска-псіхалагічны раман.

Эратычна-вусцішны свет “Казак пра дарослых” неверагодна абаяльны. Але самым адметным мне падаецца тое, што, ствараючы сваю магічную мапу Мінска, на якой адбілася памяць некалькіх пакаленняў і асабістая фантазія пісьменніка, Глобус зрабіў і своеасаблівы тэрарыстычны акт, паспрабаваўшы крышачку пахіснуць стэрыльнасць беларускай рэчаіснасці, дзе ўсё сэксуальнае загнанае ў прыватныя мікракосмы ці гета клубаў і бардэляў і цалкам выціснутае з рэальнага сацыяльнага жыцця і мастацтва, замаскіраванае афіцыёзам, пасрэднасцю і адсутнасцю фантазіі на сістэмным узроўні.

Чысціня і банальнасць, шэрасць беларускай штодзённасці — гэта тое, з чым увесь час, нават у сваёй невялічкай новай кніжачцы, Глобус змагаецца з дапамогай эротыкі, чорнай і белай магіі і пругкай афарыстычнасці мовы, спараджаючы ў чытача адчуванне, што свет вялікі і таямнічы, а недзе побач віруе вельмі цікавае і насычанае жыццё. А чым, як не гэтым, мусіць займацца мастацтва? 

Лідзія Міхеева,