ЛеГАЛ: Час абуджэння: "Дзеяслоў-56"

За вокнамі вясна — і ў акаляючай прыродзе, і ў чалавечай… Будзем спадзявацца, што пабудзіць яна і наша грамадства ад казачна-летаргічнага сну. Зрэшты, узрадаванае нахапанай новай порцыяй таннага газу, яно можа так і застацца ў сваім неадэкватным стане… 

Літаратурны працэс таксама развіваецца нейкімі спарадычнымі раўніва-прэміяльнымі ўсплёскамі, разыходзячыся кругамі бруднаватай пасляпалемічнай твані. Хоць і з’яўляюцца час ад часу выбітныя творы, аднак нельга сказаць, што здараюцца пэўныя, каталізуючыя ўвесь літаратурны працэс, канцэптуальныя ці праграмна-ідэйныя мастацкія з’явы. Часопіс «Дзеяслоў» у дадзенай сітуацыі намагаецца не страчваць з цяжкасцю заваяваных пазіцый — па меры магчымасці быць па-над схваткай, мікшыраваць краі раздраю і трымаць прыстойную меру літаратурнай вартасці. Здаецца, гэта атрымліваецца.

Скажам, чарговы нумар часопіса быў прачытаны мной без напругі і раздражнення, больш за тое, з неаслабнай цікавасцю, што не заўсёды бывае. Як на мой погляд, прычынай таму стала кампактнасць тэкстаў, пазбаўленых абцяжараных аб’ёмаў, іх злабадзённая прыцягальнасць ды аўтарская неардынарнасць падачы. Не ўсё, вядома, у роўнай ступені, але пераважная большасць.

Адкрываецца нумар нізкай вершаў Рыгора Барадуліна «Карані цішыні…». Трэба аддаць належнае народнаму паэту — агонь яго боскага таленту не затухае і ў пашанотным узросце і, як заўсёды, высока палае на скразняку ссівелага натхнення. Вершы кароткія, як дыханне запыханага задоўжанай дарогай вандроўніка. Іх ясны метафарычны змест вынікае з жывога ружанца дробна перабраных, як прамытыя на водмелі рачныя каменьчыкі, вечна помных маміных слоў. Цудоўная паэзія для цяперашняга беларускага часу, каб праясніць затуманеную душу і захмяліць зацверазелы розум.

Другі выбітны паэт Леанід Дранько-Майсюк прапануе чытачам апавяданне «Штабс-фельдфебель Брукман». Леанід Васільевіч творца настолькі ж чуйна-лірычны як і годна нацыянальны. Іншым разам здаецца, што ён каго хочаш пераканае ў сваёй непахіснай веры ў несмяротнасць беларушчыны. Прычым зробіць гэта дасціпным мастацкім чынам. Як вось у гэтым апавяданні, у якім нават колішні люты вораг нашага народа, гітлераўскі тылавы ваяка, пранікаецца калі не любоўю, дык прагай разумення тутэйшага людства і, у рэшце рэшт, завучвае напамяць радкі мілагучнага коласаўскага верша.

Больш за тое, палонены, прыходзіць у напаўразбураным Мінску да дому народнага песняра, каб… прачытаць яму гэтыя словы. Скажаце, прыгожая фантазія лірычнага паэта? Ну і кажыце. А я цёпла пасміхнуся ды светла задумаюся…

Адзін з найбольш таленавітых сучасных празаікаў Барыс Пятровіч у сваёй творчасці заўсёды быў арыгінальным, часам і неардынарным, асабліва ў пошуках новых форм і новага зместу. Гэта яго фішка, такім ён і пазнаецца, ні з кім не пераблытваецца і не губляецца ў любой гарнай пісьменніцкай кампаніі… Яго новае апавяданне (якое цягне на невялікую аповесць) інтрыгуе ўжо сваёй назвай — «Каханне ў краіне, дзе не было сэксу». Але прыцягальнасць апавядання не адно ў гэтым, але і ў пэўным сюжэтным, калі можна так сказаць, наватарстве. Хоць здавалася б, што можна выцягнуць з пажоўклага, хоць і не страціўшага актуальнасці, эпісталярыя, некім забытага і выпадкова знойдзенага аўтарам?! Але ж якая нечаканасць адкрываецца напрыканцы, калі на таемна-інтымным фоне ўсіх пафасна-высокіх разважанняў вынікае непаразуменне герояў, аж да нянавісці. Каханне, як кажуць, атрымалася без узаемнасці і любові, бо па сутнасці ад самага яго зародку інтрыгавалася сэксуальным пожадам. Ці не адсюль у герояў апавядання сутыкнуліся грамадзянская годнасць і нягодніцтва — служэнне Айчыне і прыслугоўванне… Псіхалагічная і маральна-этычная падаплёка твора хоць і невідавочная, але востра-вычувальная, асабліва ў нашых варунках жыцця. Зрэшты, напрыканцы апавядання аўтар пакідае стоеным чытачам умоўную надзею: «Спадзяюся аднак, яны памірыліся і працягваюць сустракацца. Мне чамусьці верыцца, што не ўсё страчана, што чалавечае пераможа — возьме верх — як толькі зменіцца сітуацыя: вось выйдзе Віктар на пенсію, пазбавіцца путаў ды шораў і… 

Але, прынамсі, мне хочацца аднаго: каб іхнія дзеці — сын і дачка — сустрэліся і пазнаёміліся… Мінск, вядома, вялікі горад, але плошчаў у ім няшмат» .

Вышэй я пісаў ужо пра асобную ўфармаванасць творчасці таленавітага пісьменніка, дазволю яшчэ адну намётку: па тым тэматычным пласце творчасці Барыса Пятровіча, у тым ліку і апошняга часу, я маю на ўвазе каханне, у яго напісана даволі шмат твораў рознага жанру і аб’ёму, дык ці не час іх выдаць пад адной вокладкай? Тым больш, што і назва ўжо ёсць, — адметная і запамінальная.

І, бадай, галоўная нечаканка нумара — знойдзеная ў гродзенскім архіве аповесць Васіля Быкава «Атака». Асабіста мяне найбольш даймала пытанне, чаму аўтар не выдрукаваў гэты твор, і ўвогуле, ці прапаноўваў яго рэдакцыям перыядычных літаратурных выданняў? Як вынікае з прадмовы Сяргея Шапрана, такой спробы, відаць, не было. Быкаў, ад часоў маладосці будучы чалавекам сціплым і самакрытычным, пэўна, унутрана адчуваў некаторую пахібнасць тэксту гэтай аповесці. Таму асобныя яе праявы ён, тым ці іншым чынам, перанёс у свае наступныя творчыя задумкі і мастацкія рэчы, такія, як «Праклятая вышыня» і «Мёртвым не баліць». Цікава, што і сама аповесць пачынаецца кароткім, як прысуд, сказам: «Атака не ўдалася». Чамусьці гэты першы сказ кінуўся ў вока. Аднак жа сам мастацкі твор знанага пісьменніка цікавы як факт нашай літаратуры, як спадчына вялікага творцы беларускай нацыі, як праследжванне эвалюцыі яго творчага і мастацкага плёну. Ды і як бы не ставіцца да асобных недапрацовак аповесці, а ўсё ж яна чытаецца жыва і напружана, мае відочныя яркія кінапанарамныя планы і запамінальныя вобразы ды характарыстыкі людзей крывавага ваеннага часу.

Не менш чытэльныя і іншыя тэксты часопіса. Важна, што большасць з іх мае дабротны мастацкі ўзровень, надзённасць і палемічную аснову. Асабліва ўражвае крытычны раздзел. Амаль сур’ёзны дослед Наталлі Якавенкі «Што за справа мастаку да ляманту крытыкі?» заявачным пасылам выяўляе своеасаблівы задзірысты настрой для сяброўскай літаратурнай палемікі і развагі, а можа нават і бяскрыўднай спрэчкі. Бо пытанні Наталляй падаюцца як бы не наўпрост да сябе самой, а найперш да чытачоў і аўтараў. Думаю, пасля такіх артыкулаў наш літаратурны працэс будзе набываць рысы большай дэмакратычнасці і «прававой» абароненасці, і стане цікавейшым для самой чытацкай аўдыторыі.

Крытык маладзейшага пакалення Дзяніс Марціновіч, рэцэнзуючы кнігу вядомага музыкі і спевака Лявона Вольскага «Міларусь», ідзе супраць агульнай калялітаратурнай фіміамнай плыні. Ён паставіўся да выдрукаваных тэкстаў даволі сур’ёзна і крытычна, даючы ім як мастацкую, так і грамадска-палітычную ацэнку пэўнага моманту. А рэзюмуе наступнай фразай: «…калі ў некаторай катэгорыі чытачоў і занудлівых крытыкаў яшчэ ўзнікнуць пэўныя пытанні, то адданыя фанаты «N.R.M.» і «дзеці перабудовы» атрымаюць ад кнігі сапраўднае задавальненне».

Рэцэнзія Ірыны Шаўляковай на зборнік вершаў Аксаны Данільчык вызначаецца ўласным інтэлектуальна-эстэтычным панарамным поглядам на творчасць адметнай сучаснай паэткі і перакладчыцы з італьянскай мовы. 

Крытык Максім Жбанкоў робіць пашыраную анатацыю да відэафільма рэжысёра Віктара Корзуна «Эпоха Барадуліна», дыск з якім прыкладваецца да гэтага нумара часопіса. 

Вінцэсь Мудроў у сваім эсэ з нагоды юбілею Алега Мінкіна «Дзень рыбака» прыпомніў свае меладрамна-камічныя прыгоды разам з выдатным паэтам, што адбыліся напачатку васьмідзясятых у ваколіцах Венспілса. Калі ў паэзіі Алег Гаўрылавіч схільны да кніжнасці, то ў рэальным жыцці да перформансаў. Гэта не толькі мне вядома. З юбілеем, калега па няшчасці! 

Не прамінуў часопіс годна адзначыць юбілей выдатнага паэта, пісьменніка і крытыка Міхася Стральцова. Ціханам Чарнякевічам выдрукаваны лісты Міхася Лявонавіча да Рыгора Барадуліна з папярэдняй цікавай прадмовай. Працягвае тэму эсэ Анатоля Кудраўца «Як лісцё на голлі дрыжачым» пра жыццё і смерць М. Стральцова. «Услед за Максімам Багдановічам і Максімам Гарэцкім Міхась Стральцоў больш чым хто спасціг драматызм беларускай душы. Драматызм гэты гістарычна абумоўлены. Ён у пастаянным адчуванні сябе выгнаннікам, чалавекам з Радзімай, але без роднай хаты. Чужы на сваёй зямлі, чужы сярод сваіх».

Народны паэт Ніл Гілевіч працягвае публікацыю сваіх дзённікаў дзевяностых гадоў. Гэтым разам — «Год дзевяноста дзявяты». Гэта асабліва цікавае чытанне для людзей абазнаных у тагачасных літаратурных і грамадскіх варунках. Злабадзённыя дакументы часу даюць праекцыйны погляд на пакуль яшчэ не надта доўгую незалежную гісторыю нашай дзяржавы. Погляд чалавека страснага, самаўлюбёнага, як і кожны творца, але годнага і вернага ідэалам Беларушчыны. 

Нейкім чынам гэтыя запісы можна паставіць блізу заключнай порцыі ўспамінаў Алеся Усені «Мой лістапад…». Пра іх займальнасць і чытэльнасць я ўжо не раз пісаў, таму не буду паўтарацца, хіба што для аўтара адцемлю, што пісьменніку няварта пераступаць маральна-этычныя каноны, «выпісваючы са свайго рамантычнага мінулага» некаторыя балючыя дзявочыя характары і вобразы, як тое здарылася ў замалёўцы «Выпрабаванне, якога не было». Зрэшты, у кожнага творцы свой погляд на тыя ці іншыя рэчы і сітуацыі.

Ёсць што пачытаць і апроч упомненага. Проста вышэй агледжанае больш запала ў душу. Думаю, не без зваротнага водгуку застануцца адметныя дабротныя нізкі вершаў Васіля Зуёнка і Юркі Голуба. А вось аповед Сяргея Верацілы «Чай з мятай, цыгарэта з мянтолам» падаўся мне другасным, як зместам, так і па форме. Тэма выпадковых любошчаў даволі зацяганая ў літаратуры і ў вусных показках, хоць трэба прызнаць, напісана майстравіта, ходкай сучаснай мовай, свежа і ясна.

Філасофіяй нацыянальнага жыцця і тонкім лірызмам вызначаюцца падборкі вершаў вядомых паэтаў Алеся Камоцкага і сёлетняга юбіляра Алеся Гібок-Гібкоўскага. Просценькае, але жывое і рэчаіснае апавяданне мастака і паэта Лявона Валасюка «Сяржант». Тады як аповед «Розум калектыўнае свядомасці» Андрэя Дзічэнкі, напісаны ў стылі кіберпанку, мне спадабаўся. Тэкст па-маладому празрысты, не зважаючы на зместавыя галюцынацыі. Напісана ашчадна і, бадай, з пазнакай вартасці. Яшчэ трошкі заглыбленасці — і ўсё ў гэтага аўтара атрымаецца. Вершы Юліі Бо маюць шырокі фізічны дыяпазон і тэмперамент, але звужанае духоўнае ўзрушэнне. Унутраны творчы ціск высокі, але магчымасць яго вольнага мастацкага выхаду інтэлектуальна не сфармаваная. Адсюль перанапруга сэнсаў і зместу, аднак ёсць і ўдачы. Адметныя пераклады вершаў немца Петэра Хухеля (Я. Ананка і Г. Кіршбаум), сучаснай кітайскай паэзіі (В. Гапеева). Публікуюцца нататкі Рыгора Барадуліна пра нараду маладых літаратараў 1955 года, артыкул Уладзіміра Содаля пра станаўленне Янкі Купалы як беларускага песняра, тэкст Славаміра Адамовіча пра Кнута Гамсуна і яго ж пераклад ліставання будучага нобелеўскага лаўрэата з жонкай Марыяй, матэрыялы Ларысы Раманавай пра арганізатара Веткаўскага музея народнай творчасці Фёдара Шклярава, гутаркі Андрэя Масквіна з паэтам Міхасём Скоблам, Кацярыны Безмацерных — з мастакамі Антанінай Слабодчыкавай і Мікалаем Гуліным. Напрыканцы часопіса ў сімвалічным раздзеле «Практыкум» публіку як можа цешыць і суцяшае сваімі проза-вершаванымі «Вяртанкамі…» белафін з Хельсінкі Якуб Лапатка. 

Чытайце. Узрушайцеся і разважайце. Настройвайцеся на вясну…

 

Леанід Галубовіч,

Літаратурная Беларусь № 67, 2012