ЛеГАЛ: «Давай жа трымацца шчыльней...»: «Дзеяслоў-53»

Новы нумар пачынаецца з паэзіі. Сяргей Законнікаў публікуе цыкл вершаў у ключы нацыянальнай класічнай традыцыі. Творы сучасныя па змесце, але, як на маё меркаванне, часам паўторныя па форме і сутнасці. Хоць прысвечаны У. Някляеву верш «Лямпа» ўжо на пачатку вылучаецца нечаканым (магчыма, і для самога аўтара) падвойным сэнсам і арыгінальнасцю:

У коле сябрукоў даволі вузкім
Ёсць у мяне таварышка адна.
Вытрымлівае творчую нагрузку
Не меншую, чым я, за ноч яна.


Лямпа, вядома. І ў той жа час нельга не пранікнуцца і зябка сцепануцца, чытаючы наступныя (хоць бы не прарочыя!) радкі паэта:

На сіверы, мудры мой дружа,
Давай жа трымацца шчыльней...
Сціскае шалёная сцюжа,
А будзе яшчэ халадней.


Цяпер —  да прозы. Пачынаючы чытаць твор Ігара Бабкова «Партрэт мастака, нябачны ў сутонні», названы ім «раманам-павутой», важна пераадолець раздражненне ад першай яго часткі, якая зацягвае чытача ў каваманную адстароненасць. Тут можна спасылацца і на аўтарскую дэпрэсіўную аглядку на Лао Цзы і на сонную стылістыку Джэймса Джойса. Адным словам, уводная частка твора (намінальна, бо гэты раман няўвіднай ніткаю звязаны з папярэднім раманам аўтара «Адам Клакоцкі і ягоныя цені») малаэнергетычная, асцярожна-азнаямляльная (чытачоў —  з героямі, аўтара —  з чытачом). Усе гэтыя сустрэчы ў кавярні «Хвілінка» містычна асацыіруюцца з вечнасцю. «Некаторыя думалі, што так пераклалі французска-расейскае бістро, іншым чуліся метафізічныя ноткі. Хвілінка, казалі яны, —  гэта само чалавечае жыццё, у якое мы патрапляем зусім не велічна, без фанфараў. З няяснымі мэтамі. І дзе кожны спрабуе знайсці штосьці сваё». Твор па сутнасці бессюжэтны, бо ўся яго дзея адбываецца не звонку, а ўнутры чалавечага жыцця. «Гэта была б гісторыя пакалення, што патрапіла ў расколіну між эпохамі.» Пачынаючы з другой часткі чытанне натуральна захапіла мяне, і я ўжо не мог адарвацца да канца твора. Гэта нейкім чынам інтэлектуальная проза, але яе чытанне не вымагае празмернага разумовага напружання, паколькі аўтар абсалютна шчыры і сумленны ў дачыненні са сваімі героямі і чытачом. Складаныя рэчы ён спрабуе тлумачыць, але не наўпрост, а праз іншыя больш даходлівыя рэчы (як у выпадку з баладай Баляслава Лесмяна «Дзяўчына»). Твор выбітны і варты шырокай чытацкай і крытычнай увагі…

Пасля выбітной метафорыкі Ігара Бабова вершы Ірыны Хадарэнкі падаюцца занадта нацыянальна заклапочанымі, іх падрэсленая ідэйная і палітычная скіраванасць збівае з тропу саму паэтку на шляху да яе светласці Паэзіі. Хоць, вядома, ёсць, і адметныя радкі і строфы...

Як заўжды цікавы і элегантны ў сваіх тэкстах Леанід Дранько-Майсюк. Яго эсэ «У Вільні і больш нідзе» чытэльнае і яснае па стылі і змесце. Неардынарна для нашых гісторыкаў і літаратуразнаўцаў выкладзены аўтарам архіўныя знаходкі пра віленскіх грамадоўцаў першай паловы мінулага стагоддзя. Уражваюць іх фінансавыя махінацыі і пературбацыі. Адным словам, купюры мяняюцца, а лю­дзі не надта... Але найбольш уразілі суб’ектыўныя развагі аўтара пра літаратуру і сябе самога ўвогуле.

Паэт з Клеччыны Ігар Канановіч знаходзіцца ў працэсе творчага пошуку і ўнутранага самаўдасканалення. Ці не таму ў гэтай яго публікацыі залішне слоўнага і метафарычнага друзу, які з часам, спадзяюся, прыбярэцца. Аснова ж паэтычная ёсць, і падмурак выкладзены на цвёрдым грунце ўжо запачаткаванага ўласнага жыццёвага вопыту (малады аўтар працуе настаўнікам у вясковай школе).

Навелы Алеся Гізуна пад агульным назовам «Трэцяя рука мастака Руневіча» вызначаюцца цёплай і часам ужо падзабытай намі беларускай моваю... Праўда, сама проза аўтара яшчэ не набыла пэўных формаў і не напоўнілася нажытым сюжэтам. Аднак ёсць неаспрэчная здольнасць да творчасці, а не проста пісання. Гэта радуе. Прадчуваю, удачы ў яго яшчэ будуць.

Нізка вершаў Віктара Жыбуля «Мая каляровая рэвалюцыя», на першае чытанне, —  неардынарнае версіфікатарства абсурднага і непапраўнага беларускага іраніста. Але відны рубцы вымерана-скроеных і надзейна сшытых вершаў і няма адчування шчырых чалавечых эмоцый, перажыванняў, болю, зрэшты, як і натуральных узрушэнняў і радасці... Занадта ўсё падаецца гульнявым, штучным, выштукаваным хутчэй дзеля слухача, чым для чытача. Можна асобна вылучыць верш «Куча», пра смецце з крупінкамі золата ды варты ўвагі верлібр. Урэшце, не буду з сябе корчыць гэткага літаратурнага цнатліўца, бо навідавоку і тое, што паэт і не разлічваў на класічную ўвагу і патэнтацыю гэтых сваіх тэкстаў. Яны найперш пісаліся з арыентацыяй на пэўную (успрымальную) аўдыторыю. Да ўсяго ж, выдатная мова, змястоўны і дарэчны нашаму часу гумар адназначна выратоўваюць вершы В. Жыбуля ад майго паскуднага іх гнаблення. Часам і да такіх аўтараў нам трэба ўважліва прыслухоўвацца, каб зразумець іх намёкі і падвойны змест…

На жаль, гэтым разам нічым асаблівым, апроч як патугай на арыгінасць, не ўразіла публікацыя Людмілы Рублеўскай. Спроба напісання постсавецкай народнай энцыклапедыі з пэўных слоў і тэрмінаў «Бестыарый майго савецкага дзяцінства» мала падыходзіць да вызначэння «мастацкая проза». Гэта маё расчараванне нумара, зважаючы на заўважны талент ужо добра вядомай пісьменніцы і паэткі. Сваё рэнамэ не варта разменьваць на часовыя дробязі. А магчыма, я вельмі перабіраю ў сваіх патрабаваннях, і такая публікацыя мела б своеасаблівы поспех, скажам, у чытацкай аўдыторыі часопіса «Бярозка».

Па-свойму адметная падборка вершаў Ірыны Бельскай. І ўсё ж, мне падаецца, што ў сваёй пераважнай большасці яе творы занадта паднебныя і туманна-загадкавыя, каб быць дарэшты зразуметымі не адарванымі ад зямлі чытачамі. Адчуванне такой небяспекі паэтам трэба ў сабе выпрацоўваць, каб не пераходзіць за межы «няўлоўнасці гукавой хвалі». Аднак трэба ска­заць, што ёсць і ў гэтых вершах свая патаемная магія, гэткі прыцягальны аддалены звон…

Аповед Кірыла Стаселькі «Вечныя дзеці» —  гэта не літаратура, а хутчэй калянавуковы артыкул па дашкольнай пcіхалогіі. Твор­часць тут яшчэ толькі прачынаецца —  дзіця-дзіцём...

Што да вершаў Ганны Грыдзюшкі, то яны мне падаліся нейкімі няскончанымі, недапісанымі, але адназначна, што яны пачатыя, у іх ужо ёсць (закладзена) душа і розум, пры гэтым адчуваецца патэнцыяльная неардынарнасць аўтара.

Найбольш мяне парадавалі пераклады. Асабліва Дзмітрый Серабракоў, які перастварыў на родную мову вядомы, але доўга «забаронны плод» Графа дэ Лотрэамона «Песні Мальдарора». Твор з разраду выбітных і «выклятых». Напісаны ўругвайскім маладзёнам (сынам дыпламата), якога бацька накіраваў на вучобу ў Еўропу. Сапраўднае прозвішча Ісідор Дзюкас. Гэтыя песні —  труднае чытанне для ўдумных і мужных, але не для надта гідлівых... Зло і дабро спрадвечнага свету, нязменнасць іх сутнасці, гэтак жа як плоць (цела) і дух (душа) не могуць знайсці агульнае паразуменне і гармонію. Адсюль такія звыродлівыя формы зямнога чалавечага існавання. Аўтар наўпрост кажа магчымаму чытачу: «хай не пакрыўдзіцца чытач, калі мая проза не мае шчасця яму падабацца. Ты думаеш, што я і мае ідэі —  гэта адно і тое ж. Гэта, шаноўны чытач, безумоўна, праўда, але праўда частковая».

Сам пераклад выкананы проста адмыслова (кажу гэта, сыходзячы не з арыгінала, а з яго беларускамоўнага аналага).

Бадай, адзіная паэтычная публікацыя ў гэтым нумары, ад якой я атрымаў тое, на што і спадзяваўся —  хвіліны поўнага душэўнага захаплення —  гэта паэма (? —  жанр не пазначаны) Іллі Камінскага «На танцах у Адэсе» ў перакладзе Вальжыны Морт. Сам аўтар пазначаны як амерыканскі паэт 1977 года нараджэння, які ў 1993 годзе эміграваў з Адэсы ў ЗША. Ды гэта не так і важна. Важна, што аўтар (паэт) і паэтка (перакладчыца) засведчылі свой талент загадкава, але без зваротных пытанняў... Тонкая плеўка павуты паміж сэнсам зямнога існавання і вычуваннем чалавечага жыцця засталася непарушанай... Таму з’яўленне твора можна патлумачыць хіба што толькі «незаганным мастацкім зачаццем»... Ды і пацвярджэнне таго амаль неаспрэчнае:

паэзія —  гэта я сам. Я супраць
сябе.


І ці не менавіта з гэтай прычыны

Яму застаецца голас
што рашчапляе сутнасць...


На тым мастацкія творы саступаюць месца іншым літаратурным публікацыям. Сяргей Шапран заканчвае сваё кінадраматургічнае даследаванне творчасці Васіля Быкава. Даволі цікавымі выяўляюцца погляды самога народнага пісьменніка ды іншых вядомых асоб на сцэнарыі фільмаў па яго творах «Пастка» і «Сотнікаў». З публікацыі стэнаграм паседжанняў прасочваецца ўжо тады (пачатак 1960-х —  сярэдзіна 70-х) вельмі ж пільнае стаўленне розных дзяржорганаў да творчасці В. Быкава.

У выбраных старонках дзённіка Ніла Гілевіча «Трагічны дзевяноста шосты» шмат нечаканых характарыстык вядомых людзей беларускай культуры і літаратуры, суб’ектыўных, вядома, што пэўным чынам характарызуе і самога Ніла Сымонавіча.

Эсэ Алеся Кіркевіча «Вясна. Анталія. Вялікдзень» (філасофія турэмнага дворыку) надае выданню пульсацыю і дыханне сённяшніх беларускіх дзён. Вось толькі б найхутчэй уваскрэсла і нарэшце спраўдзілася ў беларускай рэчаіснасці наша нацыянальная ідэя.

З імпэтам і жывой цікавасцю прачыталася гутарка Змітрака Вераса з вядомым паэтам (сёлетнім юбілярам) Генадзем Бураўкіным. Думаю, у прыхільнікаў яго паэзіі надарыўся добры выпадак як мага бліжэй пазнаёміцца і з Бураўкіным-чалавекам. Што праўда, тэкст падаўся трохі задоўжаным.

Алесь Плотка коратка гутарыць з літаратарам Дзмітрыем Плаксам, які жыве ў Швецыі, пра мастацкія пошукі аўтара, якія інтрыгуюць і прывабліваюць чытача.

Падаецца чарговая душэўная гутарка, зробленая Кацярынай Безмацерных з сям’ёй мастакоў Алены Шлегель і Уладзіміра Ганчарука. Незацягнута, шчыра, проста і ў той жа час глыбока. Вось адказ Алены на пытанне: «Што такое ісціна?»:«Паверхневыя падзеі, якія мы бачым, і нашыя меркаванні аб іх яшчэ не ісціна. Я думаю, ёсць нейкі вышэйшы парадак рэчаў, недзе там усё выбудоўваецца і мусіць быць так, а не інакш. Вось гэта, напэўна, блізка да ісціны. Але яна для нас закрытая, бо слабы чалавечы розум. Мы можам толькі інтуітыўна калі-некалі адчуваць яе. Уся надзея на ўнутраны духоўны зрок, з дапамогай якога можна прыадкрыць фіранкі над вялікімі таямніцамі».

Друкуецца заканчэнне літаратуразнаўчага артыкула крытыка Аляксея Рагулі «Сярод лесу, сярод поля —  у цэнтры Еўропы» (пра эстэтыку і сацыялогію прозы Генрыха Далідовіча).

Следам —  цёплы водгук Марыны Весялухі на новую кніжку маладога пісьменніка Сяргея Календы «Іржавы пакой з белымі шпалерамі».

У чарговы раз крытычна выставіўся і аўтар гэтага агляду са сваімі няпэўнымі і палемічнымі «тэзісамі да ненапісанай рэцэнзіі» на зборнік вершаў Віталя Рыжкова «Дзверы, замкнёныя на ключы». Аднак на думку аўтара опуса, суб’ектыўнасць яго погляду на творчасць таленавітага паэта дае падставу для больш шырокага розгаласу пра яго дэбютную кніжку —  як пра неардынарную з’яву ў сучаснай беларускай літаратуры ўвогуле.

На сканчэнні —  шчыры сяброўскі ўспамін-рэквіем Алеся Бакача пра свайго адышоўшага таварыша па пяры Яна Збажыну. Не заўжды мы, на жаль, уважныя да выбітных людзей пры іх жыцці. Занадта запознена да нас пры­ходзіць разуменне, што хоць з імі і няпроста, але без іх —  яшчэ горш... Як напісаў у сваім афарызме гэты баранавіцкі паэт і пісьменнік (шмат у чым, па словах А. Бакача, падобны да вобраза Гервасія Вылівахі з «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча): «Мы ўсе родам з вар’яцкага дому, дзе размовы хворых тояць філасафічную глыбіню, а паводзіны лекараў нагадваюць тыранію». Шкада, яшчэ адзін беларус не здолеў спраўдзіць дадзены яму Богам талент.

Канчаткова ж закругляе публікацыі чарговага нумара анатацыйная рубрыка «Дзеяпіс» пра новыя найбольш адметныя выданні недзяржаўных выдавецтваў нашай краіны.

Чытайце ды маракуйце, бо, не зважаючы на суб’ектыўную крытычнасць гэтага майго агляду, дзякаваць Богу, у часопісе ёсць што пачытаць і над чым задумацца.

Надрукавана ў 62-м нумары "Літаратурнай Беларусі".

Pdf-версія "Літаратурнай Беларусі" № 62 цалкам