ЛеГАЛ: Не страх, а разважлівасць — "Дзеяслоў-60"

Не так даўно на сайце радыё «Свабода» яе службоўцам Янам Максімюком коратка запалілася актуальная дыскусія на тэму адсутнасці сучаснай беларускай крытыкі.

Сам запал дыскусіі ўсчаўся з відочных запатрабаванняў і наспелых праблем самой радыёслужбы, насіў даволі правакацыйны характар і меў на мэце ажывіць аўдыторыю ды прыцягнуць да жывой дэмакратычнай (і не толькі літаратурнай) праблемы больш шырокае кола апатычна настроеных апошнім часам, але ўсё яшчэ заангажаваных нацыянальнай культурай беларускіх людзей розных палітычных поглядаў. Сказаць, што дыскусія атрымалася, не выпадае. Хутчэй, вострасюжэтная палеміка з пераходам на асобы, бо не ўсе зразумелі пасылу спадара Максімюка, таму ўсур’ёз пачалі аспрэчваць ды лаяць як яго, так і прапазіцыі іншых апанентаў. Праблема сутнасці сучаснай літаратурнай крытыкі замянілася праяўленнем сутнасці характараў саміх аўтараў, грамадзянскія амбіцыі якіх паўсталі па-над тэмай распачатай дыскусіі. Прычына для такіх пасылаў і паводзін у іх, шчыра скажам, была. Вось як пачаў свой артыкул «Страх крытыкі» Я. Максімюк:

«Беларускай літаратурнай крытыкі няма. Ды што я кажу — літаратурнай крытыкі? Няма нават нечага такога, як літаратурная рэцэнзія. Няма дзядзькоў і цётак, якія, прачытаўшы новае беларускае выданьне, селі і напісалі б, што пра гэтае выданьне думаюць ЯНЫ. Праўда, здараюцца яшчэ дзядзькі і цёткі, якія, прачытаўшы новую беларускую кніжку, сядаюць і пішуць, што пра яе трэба думаць НАМ. Але пагадзіцеся, што гэта дзьве вялікія розьніцы, ня толькі ў Адэсе...»

А напрыканцы ўсе свае рытарычныя развагі падсумаваў так:

«Таму і прыходзяць мне ў галаву розныя трывожныя пытаньні накшталт таго, што я ўжо згадаў: за кошт чаго будзе выжываць беларуская літаратура, калі Беларусь, чаго добрага, стане дэмакратычнай, і ў беларускіх чытачоў ды эўрапейскіх спонсараў зьнікне маральны імпэратыў падтрымліваць літаратараў?».

Тут і наехалі на замежнага беларускага нахала такія яго больш вядомыя і сцвердзіўшыя  сябе ў літаратуры апаненты, як С. Дубавец, А. Сідарэвіч і У. Някляеў… Што з таго выйшла, я напісаў вышэй. І ўсё ж, спадзяюся, што ў дадатку з мноствам рэзка-мітуслівых каментароў на сайтах РС і НН гэтая кароткая, як сухі стрэл, дыскусія пэўным чынам акрэсліла на целе сучбелліта, як пішуць маладзейшыя, «ачагі» прагрэсіруючай хваробы…

Шкада, а мо і добра, што артыкул (вытрымкі з больш значнай працы) Ірыны Шаўляковай, што з’явіліся ў чарговым — 60-м — нумары «Дзеяслова» пад назовам ««Рэпутацыя» пасля (аўта)дыскваліфікацыі (беларуская літаратурная крытыка 2000-х гадоў)» не апынуўся ў шэрагу вышэй агавораных тэкстаў, а, счакаўшы, паўстаў наводдаль, як бы наўмысна для параўнальнага аналізу. Чытачы «Дзеяслова» маюць адмысловую магчымасць, каб зрабіць свае высновы. Тэкст вядомага крытыка вызначаецца  сярод вышэй упомненых насычанай фактурай сучаснага літпрацэсу і адстароненасцю ад палітычнай кан’юнктуры (у адрозненне ад галаслоўнасці і падтэкставай палітызаванасці апанентаў). Вось як пачынае свой артыкул спадарыня Шаўлякова:

«Звыклы ў абсягах трэці ХХ ст. тандэм беларускай крытыкі (…) і беларускага літаратуразнаўства з пачатку 2000-х гадоў перажывае, магчыма,  адзін з самых лёсавых «момантаў» у гісторыі свайго існавання. Адчувальнае ўжо ў 1990-х аслабленне сувязяў унутры згаданага тандэма цягам першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. прывяло да асаблівай самаізаляцыі яго складнікаў, якія пачалі нібыта герметызавацца і адначасова дыстанцыравацца адно ад аднаго, выяўляючы непранікальнасць для ўзаемаўплываў не толькі метадалагічных, але і каштоўна-мэтавых. Найбольш відавочным (заўважным, так бы мовіць, «на паверхні» айчыннага філалагічнага дыскурсу) наступствам гэтага напачатку другога дзесяцігоддзя ХХІ ст. стаўся дысананс «рэпутацый» крытыкі і літаратуразнаўства».

І заканчвае на спадзеўна-аптымістычнай ноце: «Менавіта беларускае літаратуразнаўства, з яго арыентаванасцю на сінтэз лепшых айчынных традыцый і найноўшых ідэй, метадаў, падыходаў на актуалізацыю беларускай нацыянальнай літаратуры як унікальнага феномена агульначалавечай культуры, мусіць дапамагчы крытыцы ў самім паняцці «нулявых» убачыць выразную перспектыву. Бо нуль — гэта не толькі фінал, брама ў «мінус-гісторыю», але і пачатак, абяцанне новых трыумфаў».

А што ж, спадарства, сама прычына прычын — літаратура? Мастацкая, зразумела. У гэтым нумары часопіса яна таксама прысутная. І з гледзішча крытыкі, як заўсёды, апынаецца падсуднай.

Уладзімір Някляеў звычна майстравіты, арыгінальны, загадкава-дзіўны — і спрэчны… Купала, Колас, Быкаў стаяць у нас на высокім нацыянальным покуці, не кожны дацягнецца. Аднак спробы павінны быць. Нехта ж павінен, калі Бог даў, наблізіць нізкае да высокага… Някляеву, на мой погляд, там, дзе ён забывае пра сябе, гэта ўдаецца.

Як эсэіст-літаратуразнаўца выступае паэт Васіль Зуёнак. Яго эцюды маюць нестандартны характар, ажыўленыя сённяшнім днём, у меру эмацыянальныя — мяркую, будуць прыдатныя і цікавыя сучаснаму чытачу.

Можна падзяляць ці не падзяляць (я, да прыкладу, не падзяляю) праамерыканскія высновы ў эсэ «Чацвёрты Рым» Сяргея Абламейкі, але сама актуальнасць абранай тэмы і форма яе падачы ў гармоніі з даходлівай традыцыйнай стылістыкай прыцягвае і роздумна чытаецца, аналізуецца і параўноваецца. Вядома, згодна з інтэлектам і досведам кожнага чытача.

Юбіляр, маскоўскі беларус «помнящий родство», пісьменнік Валерый Казакоў прапаноўвае чытачу свае лірычна-філасофскія запісы, трапна абазваныя ім «Абібокамі».  Як вядома, яго проза замешана на рэальным жыцці і мае глыбокую духоўную аснову. Лірычныя абразкі, філасофскія развагі, афарызмы — усё гэта агулам выяўляе як характэрны вобраз самога аўтара, так і нашага неадназначнага часу. Вось колькі прыкладаў:

«Паслухайце вецер, як па-рознаму ён вядзе све маналогі, колькі ў іх гукаў, музыкі, звярынага рыку, птушынага свісту, колькі сілы, болю, радасці і страху, які студзіць кроў. Паслухайце вецер, ён многае распавядзе пра вас».

«Усю ноч беглі да святла, а сонца ўзышло за спінай». 

А вось з поўнамаштабнай прозай у гэтым нумары складаней. Хоць, скажам,  Уладзімір Дамашэвіч — пісьменнік ужо, выбачаюся, стары, а пісьмо яго простае і дзіўнаватае… Я так і не ўразумеў, за што ў яго аповедзе таемны кадэбэшнік забіў качалкаю артыста… Хоць памятаю, што падобны да сюжэта гэтага аповеда выпадак некалі ў Мінску здараўся…

Аповед  Іллі Сіна «BDSM» сам па сабе (па зместу — плынь свядомасці, спантанная проза з адсыламі да іншага) — гэта фрывольная бязглуздзіца, у якой аўтар ускладаў больш надзеі на чытацкі інтэлект, чым на свой уласны. Што ён меў на ўвазе пад нібыта глыбока схаваным падтэкстам, вядома толькі яму і, мабыць, таму чытачу, які дагнаў ICQ аўтара. Зрэшты, у прынцыпе, тэкст чытэльны. Але, разам з тым, раздражняльны і ў нейкай меры правакацыйны. Апусценне чалавека — вось які аўтарскі пасыл асабіста я вынес пасля прачытання і няпростых спробаў разгадкі гэтай філалагічнай шарады.

Аповеды Віктара Супрунчука, асабліва «Магнітны чалавек», я ўжо чытаў пад яго прозвішчам і дваццаць пяць гадоў таму. Хоць першы з іх, «Анэля і Парыж», даволі прыстойны.

Заканчваецца публікацыя рамана ў апавяданнях «Рурыкавічы і Рагвалодавічы» Генрыха Далідовіча. Апошняя частка прысвечана жыццю і княжанню Мсціслава. Трэба аддаць належнае пісьменніку, бо праца над такім творам патрабавала вялікіх творчых намаганняў і часу. Можа тэксты, як (у пэўнай ступені) для мастацкага твора, трохі перагружаны гістарычнай інфармацыяй, з іншага боку — такая інфармацыя карысная і неабходная для маладога і, скажам, не надта абазнанага чытача. Твор займальны і досведны. Яго канчатковую вартасць, спадзяюся, вызначаць нашы нацыянальныя гісторыкі і аналітыкі ад літаратурнай крытыкі. Наастатку не праміну падаць такую цытацыю:

«Мсціслаў разумеў: сваёй, славянскай, гісторыі не спазнаць, як сваё і чужое спазналі ў адукаваных Грэцыях і Егіпце (вунь калі жыў там Пталамей, а вось склаў накідак не толькі сваіх і блізкіх зямель, але ўсяго свету!)... Як не любіў родны Кіеў і сумаваў па ім, асабліва па маці і братах ды сёстрах, ды не мог не прызнаць: амаль спрэс драўляны Кіеў — глухмень, свая Цьмутаракань перад Царгорадам».

Часопіс друкуе дзве кароткія п’есы старэйшыны сучаснай нацыяльнай літаратуры Ніла Гілевіча («Нас падзялілі» і «Адрынуты») на ўсё яшчэ балючую для нас тэму сталінскіх рэпрэсій сярод беларускіх літаратараў і інтэлігенцыі. Зрэз асабістых лёсаў людзей, адрынутых сацыялістычным бальшавіцкім грамадствам і яго карнай машынай. Характары выпісаны так натуральна, з такой нязмушанай і нязрушанай часам мацярынскай мовай, што, здаецца, аўтар ствараў гэтыя п’есы той страшнай парой і толькі цяпер дастаў іх з глыбокай шуфляды, хоць даты (2001 і 2011) сведчаць пра іншае.

Што да паэзіі, то цікава было пасля задоўжанай паўзы сустрэцца з вершамі Алеся Пашкевіча, які было пераключыўся на прозу. А паэт у ім аказаўся яшчэ як жывучы! Нездарма ж такія строфы выдыхваюцца:

Позна жыць і рана паміраць.

Раны лютыя баляць мінулым.

Бог крывіцкі, вышлі ў поле раць

Даказаць, што травы — не заснулі!

Травень, травень, мой адзіны брат,

Захлынуцца ў брудзе ліхадзеі.

Вылечы й схавай, нябесны сад

Бел-жыццёва-белае надзеі!

І ўвогуле, чытаючы такія вершы (лірычныя і напружанага грамадзянскага гучання), нельга не паўтарыць услед за аўтарам: «І што казаць? Усё міне — //апроч нябёсаў ды цябе, //Радзіма» .

Новая нізка вершаў Аксаны Данільчык — гэта па сутнасці сучасная пастаральная лірыка з заўважнай міфалагічна-эзатэрычнай падсветкай. Найбольш урэзалася ў памяць гэта:

такой жаданай еднасці хвілінай

прасякнуты нарэшце рух сусветны

і фарбамі квітнеючага лета,

і гукамі прыцішанага поля,

што думкі запаветныя міжволі

вяртаюцца ў забыты рай вясковы

парэчкавы агрэставы вішнёвы

дзе я ў бабулінай стракатай

хустцы

парэчкі рву і да мяне малой

зямля звяртаецца па-беларуску

сакральнай мовай памяці маёй

Вершы Анатоля Брусевіча вельмі асабістыя, шчырыя, пранізлівыя, але падчас іх высокую сутнасць псуе штучная і манерная (а сям-там і вульгарная) знарочыстая аляпаватасць.  Агулам, атрымаўшы душэўнае задавальненне ад прачытання вершаў, я пашкадаваў празмер-най аўтарскай майстравітасці, якая ўсё ж пэўным чынам зацяняла «болдзінскі» свет паэта. Удачы яму!

Своеасаблівую дзёрзска-правакацыйную нізку вершаў Ірыны Бельскай можна ахарактарызаваць цытатай вось гэтага яе тэксту:

Я не паэт, не мастак, не лінгвіст,

І не філосаф, і не гітарыст…

Гэта не лічыцца, гэта — не твор,

Гэта прыватны мой саматэрор,

Гэта мой танец на костках

уласных —

Рэха насмешкі — чыстай і яснай…

Вочы зашыты,

Завязаны рот мой —

І не запэўніць у адваротным.

Сярод паэтычнага шматгалосся змешчаны і «познія вершы» аўтара гэтага опуса Леаніда Галубовіча…

Хочацца коратка спыніцца і на бліскучым тэксце, спалучаным з дапытлівасцю і мудрасцю, у разважнай гутарцы Міхася Скоблы з вядомым рускім паэтам з беларускімі каранямі Ігарам Шклярэўскім.

Асобнай рубрыкай змешчаны ў часопісе і творы пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Экслібрыс», сярод якіх мне падаліся найбольш вартымі, аздобленыя беларускім духам, пераклады Алесі Башарымавай са шведскай (Г. Ліндэ) і Ганны Янкута з ангельскай (А. Конан Дойл). Пэўныя творчыя перспектывы, асабліва ў форме, праглядваюцца ў арыгінальнай прозе  В. Стромавай.

Апроч агаворанага, часопіс друкуе літаратуразнаўчы артыкул Анатоля Трафімчыка «Хто чужаніцы?» (пра тое, як пададзена ў творчасці Я. Коласа тэма падзелу Беларусі 1921 года).

Алесь Гібок-Гібкоўскі выступае з цікавым, займальным артыкулам на тэму беларускага следу ў «Таямніцы скарбаў Напалеона».

Дзяніс Марціновіч прапануе ўвазе чытачоў свае суб’ектыўныя развагі адносна новага прачытання твораў І. Шамякіна.

Наастатку — «Дзеяпіс», дзе можна знайсці падказку пра новыя выданні беларускіх кніжак.

Думаю, кожны адшукае ў часопісе чытанне на свой густ. Абсалютна ў гэтым упэўнены. Таму, шаноўныя, не абмініце юбілейны, 60-ы нумар часопіса «Дзеяслоў».

ЛеГАЛ, “Літаратурная Беларусь” № 74