ЛеГАЛ: Прага волевыяўлення: «Дзеяслоў»-54

 

Прага свабоды, як унутранай, так і знешняй, у чарговым нумары «Дзеяслова» вылучная ў лепшых публікацыях часопіса.


Да прыкладу, Уладзімір Някляеў (нізка вершаў «Лісты да Волі») прамаўляе з нутра сваёй Айчыны, прагнучы ўласнай знешняй свабоды, а Макс Шчур (аповесць «Аўтсайдэр») адгукаецца з чужаземнага вонку, але прагне свабоды ўнутранай... Аднак тады як у Някляева, нават скрозь шчыліны турэмных укратаванняў, прасвечвае падтэкставы світальны прамень аптымізму, у Шчура, у фінале твора (пры ўдалым зняцці героем вулічнай прасталыткі, каб нарэшце наталіць свой сексуальны пожад) героі сыходзяць у глыбокую беспрасветнасць начы... 

Тры найбольш выбітныя творы нумара — цыкл аповедаў В. Казько «Пра Моцю», нізка вершаў Уладзіміра Някляева «Лісты да Волі» і аповесць Макса Шчура «Аўтсайдэр».

Порцыя даволі вясёлых (з сур’ёзным падтэкстам) апавяданняў Віктара Казько выклікае настальгію па краіне дзяцінства. Прыгоды хлапчука Моці (Моні, Мацвейкі) даволі займальныя і, што важна, сучасныя. Пры чытанні раз-пораз усплываюць асацыятыўныя вобразы з «Прыгодаў Тома Соера» Марка Твена. Праўда, тое — параўнальнае — бачыцца як дзіўныя, застыглыя ў далёкім часе, заваконныя пейзажы з вакна хуткаснага цягніка. Ці не мог бы сённяшні казькоўзкі Моця стаць для чытачоў своеасаблівым беларускім Томам Соерам? Пэўна мог бы, калі б, скажам, гэты запамінальны тэкст пераўвасобіўся аўтарам у арыгінальны сцэнарый мультыплікацыйнага фільма (а ў дадатак знайшліся б таленавіты рэжысёр і спонсар). Пасля ранейшых цяжкіх, падчас трагічна-пакутлівых, твораў Віктара Казько гэтыя яго тэксты — як глыток азону пасля гарачага задушлівага пераднавальнічнага ліпеньскага сонцастаяння. Сучасная Беларусь як радзіма новага беларуса праглядваецца ва ўсіх неймаверных сюжэтах, з якіх вынікае беспрасветнасць і наканаванасць яго чалавечай долі. І нездарма, відаць, аўтар (праз Моцю), разважаючы пра сталых людзей, задаецца зусім недзіцячым пытаннем: «Дзе і калі яны страцілі здзіўленне. Раздзяцінелі. Дзе і калі яны так паразумнелі, што назаўсёды страцілі, не, не толькі здзіўленне, а саму радасць здзіўляцца»… Ёсць над чым задумацца. (Праўда, пры далейшай публікацыі шаноўнаму аўтару сям-там трэба пазбавіцца стылявых агрэхаў і русізмаў, тыпу «кружка», «к вечару», «у тую стэп»...)

Вершы Уладзіміра Някляева пазнавальныя не толькі сваёй «імянной задакументаванасцю» ахвярна-змагарнага часу, але і стылістычна-нязменнай пастановачнай тэатральнасцю дзеяння, голаса, жэсту — прасцей кажучы, прыналежнай яму ўнутранай драматургіяй. Лаканічнасць і афарыстычнасць твораў тонка прадуманая і вычувальна-выбаленая. Праўда, нельга адсланіцца ад думкі, што і тут паэт змагаецца талентам з рэжымам, тады як насамрэч талент павінен змагаць паэта.

Хто ж мой вядок? Ён служка Бога,
Ці служка д’ябла — мой вядок? 

Не зважаючы на некаторую кан’юнктурнасць паводзін паэта, я заўжды быў і застаўся пры­хільнікам паэзіі У. Някляева. Яго вершы заўсёды былі жывыя і жывучыя. У іх не было запраграмаванай паныласці, заняпаду і незваротнага песімізму. Вось і цяпер, патрапіўшы ў ахвярны задзёр дзеля святой ідэі, нягле­дзячы на жорсткі драматызм паразы, ён не перастае высмоктваць з гэтай страшнай па сваёй сутнасці гісторыі паэтычны нектар для яе мастацкага ўвасаблення. Барацьба за нацыянальныя ідэалы, змаганне за самога сябе для паэта Някляева — гэта адчайныя спробы згарманізаваць палярны чорна-белы свет.

Безумоўна, цяжка знайсці пазітыў, а тым больш аптымістычныя настроі, сыходзячы з агульнага ўспрымання усяго цыкла гэтых вершаў, гэтак як  нельга нарадзіцца белым ад негрыцянскага шлюбу.  Таму — Бог над усім. Не памятаю, каб Ён так часта (і не думаю, што «всуе»?) упамінаўся паэтам у іншых яго публікацыях ці кніжках.

Пераступіўшы праз парог
І ўбачыўшы, што за парогам
Няма нічога, я бярог
Усё, пра што ў сумоўі з Богам
Дамоўлена было, а Бог
За гэта ўсё
Мяне бярог.

Сціслей і вытанчаней не скажаш. Але не быў бы то беларус, каб не пачаць наноў свой звычны колазварот жыцця, як толькі паслабее ўдаўка лёсу:

І запарваеш гарбату
Мне сама,
Бо ўсё ж хата — гэта хата.
Не турма.

Хочацца спадзявацца, што той запарны дымок над кубачкам будзе віцца бясконца, нераўнуючы як нітачка нашай паднебнай вечнасці... Чалавечае жыццё і высокая паэзія таго вартыя.

Аповесць Макса Шчура «Аўтсайдэр», шчыра скажу, чыталася мной з большым імпэтам, чым астатнія тэксты часопіса, у тым ліку і ўжо вышэй упомненыя. Змрочна-зляжалая, густая, з прэлым пахам дэкадэнцкая проза ўжо даволі вядомага аўтара стамляе, але не адпускае чытача невядома якім чынам нарастаючай спагадай да беспрытульнага, зняверанага і абыякавага героя, які спадзяецца не так на сябе, як на нейкі цуд...

Мяне не асабліва ўразілі раней прачытаныя празаічныя тэксты М. Шчура, а вось гэты забраў (можа, таму, што ён пэўным чынам уласна ім перажыты). Зрэшты, чытаючы, я ўвесь час не выпускаў з галавы недзе некалі вычытанае і ўпадабанае мной выслоўе: «пишут от побуждения и увлечения, а не от принуждения и необходимости». Магчыма адсюль і вынікае маё чытацкае стаўленне да прозы гэтага літаратара. У кароткай аповесці ім падвяргаецца падрабязнаму псіхалагічнаму аналізу адзін дзень «беглага эмігранта» ў чужаземным Месце. І хоць герой кажа:«Пастанаўляю, што ў рамане не будзе ніякага Места, я выкрэсліваю яго з плану і з памяці: надоўга, назусім. Ніякіх хронікаў штодзённасці, спове­дзяў, ляментацыяў. Пісаць пра што заўгодна, толькі не пра той здзек, што адбываецца вакол мяне й са мною. Знікнуць, уцячы з гэтага банальнага свету, дзе няма нічога гераічнага, і дзе толькі цяпер я напоўніцу адчуваю сябе самым нікчэмным і прыніжаным чалавекам, тым, кім я ёсць насамрэч: паразітам і дармаедам без усякіх перспектываў...». Жорсткая «самакрытычная» характарыстыка. Але і пэўны спадзеў у гэтай самнамбулістычнай прастрацыі тэкста з яго аморфна-бясконцым одумам таксама ёсць і ён па-свойму адпаведны спадзевам і думкам тых безыменных герояў, што засталіся тут...

Вартыя чытацкай увагі і напісаныя з густам — жыва і займальна — успаміны вядомага журналіста і сатырыка Алеся Усені. Яго запісы, заснаваныя на дакуменце чалавечай памяці, сваім шчырым ненавязлівым сантыментам выклікаюць у чытача пачуццё зваротнай удзячнасці. Неўкамянелыя, не зарослыя быльнягом нябыту часы далёкага савецкага дзяцінства на пачатку брэжнеўшчыны адкрываюцца аўтарам нязмушана і хораша, любасна і балюча, як тое і ўспрымалася жыццесцвярджальнай падлеткавай душою. Божа, колькі прыгажосці ў людзях было, і колькі яе згінула разам з людзьмі і... адышоўшым часам, хацеў напісаць, аднак Алесь сваімі літаратурнымі памяткамі засцярог: многае й засталося... І праўда, чытаеш і цешышся, бо і ў тваім жыцці былі падобныя дзеі — і па сёння засталіся не менш цёплыя ўражанні ад іх. Цяпер іх шкада, як самога сябе. І добра, што некаторыя з нас яшчэ рупяцца пакінуць (хоць на паперы) сляды той памяці для нашчадкаў. Нехта можа запярэчыць майму станоўчаму стаўленню да гэтых тэкстаў, маўляў, праставата напісана... Дык аўтар і прэтэндуе ўсяго толькі на свайго чытача, а не на нобелеўскую прэмію...

Чытач не павінен прамінуць і нечаканую публікацыю з астрога праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага «Сардэчная мова нябёсаў» (невядомыя вершы Анатоля Сыса). Вядомы палітычны і грамадскі дзеяч дзеліцца ўспамінамі пра асобныя моманты жыцця «выклятага» паэта, а таксама з дзясяткам невядомых і недрукаваных дагэтуль вершаў і перакладаў А. Сыса. Раю пачытаць. 

Варта ўважліва прыглядзецца і да стракатай і аб’ёмнай выбаркі лепшых твораў маладых аўтараў, што вылучаны журы з дасланых на конкурс, абвешчаны беларускім ПЭН-цэнтрам да 100-годдзя з дня нараджэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша, каб раптам здзіўлена запыніцца на нізцы вершаў Асі Волкавай... Адметны пераклад прозы нідэрландскага пісьменніка Тона Толегена («Ад усяго сэрца», святочныя апавяданні пра жывёлаў) зроблены Ганнай Янкутай. Агулам змешчаны тэксты 35 паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў са 136, што бралі ўдзел у гэтым конкурсе. З задавальненнем адзначу, што ёсць таленавітая змена ў нацыянальнай літаратуры. Праўда, склалася ўражанне, што шмат якія падборкі маглі б быць карацейшымі. Таму завяршу агляд канкурсантаў напаўіранічнай цытатай з верша ўпомненай вышэй А. Волкавай:

Адно паэты, ад Байрана
І да апошняга жывога 
постмадэрніста,
Пахнуць дымам і пацалункі іх
Горкія на смак,
Бо паляць яны беспрабудна.
І той самай запалкай
Пакідаюць папялішчы рукапісаў.

Прыцягне да сябе ўвагу і кароткая, але выдатна выпісаная, «Сечка-15» Андрэя Федарэнкі. Даўно заўважана, што поблізнае дыханне «великого и могучего» не дае Андрэю Міхайлавічу спакою, як і яго заўсёдныя літаратурныя «апаненты» — Л. Талстой, А. Чэхаў... Я. Брыль і В. Быкаў. (Якія пары для духоўнага двубою!) І яшчэ: аўтар, мабыць, разлічваў на шырокі публічны рэзананс працытаванага па-расійску пасквіля, накіраванага «невядомым даносчыкам» на адрас Адміністрацыі Прэзідэнта, у якім спляжаны ідэалагічны ўхіл публікацый часопіса «Маладосць», у тым ліку аповеда «Уночы» самога А. Федарэнкі. Канечне, «какая гадость, эта ваша заливная рыба!», але ж ці навіна гэта сёння ў нашай дзяржаве і ў літаратуры ў прыватнасці?! 

Апроч гэтых, бегла разгледжаных мной твораў, у часопісе змешчаны чытэльнае, але відочна падагнанае пад злабадзённую тэматыку, апавяданне Віктара Сазонава «Залік па ЧэДэГэ», увогуле дабротныя вершаваныя нізкі паэтаў Ігара Сідарука, Алеся Аркуша і Эдуарда Дубянецкага ды ўжо звычны для творчасці паэткі са Светлагорска Соф’і Шах вянок санетаў, ад пачатку да канца прадзьмуты скразняком жыццёвых акалічнасцяў, мо таму так і называецца — «Вецер».

Публікуецца чарговая порцыя дзённікавых старонак Ніла Гілевіча «Год дзевяноста восьмы», дзе, на мой погляд, для суперажывальнага ўспрымання запісаў чытачом аўтару трэба было б зменшыць перавагу ўласнай нязломнай праваты і дадаць хаця б трохі крошак іранічнай (а Гілевіч гэта ўмее!) самакрытычнасці. Але ўсё адно, дужа цікава «вярнуцца» ў канец дзевяностых, калі яшчэ песімізм і пафігізм дарэшты не паралізавалі грамадска-нацыянальную свядомасць большасці беларускага электарата. 

Працягваецца публікацыя «кінадраматургічнага лёсу Васіля Быкава» яго даследчыкам і «збіральнікам» Сяргеем Шапранам. Літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык друкуе артыкул пра няпростыя ўзаемаадносіны Якуба Коласа і Панцеляймона Панамарэнкі. Алесь Гібкоўскі разважае над «парадоксамі геапалітыкі («другая сусветная вайна і Беларусь»). Доктар філалогіі Іван Лепешаў «выдае на гара» рэпліку адносна напісання прыназоўнікаў «у» і «на» ў дачыненні Беларусі як дзяржавы і пэўнай адміністрацыйнай адзінкі. Аўтар гэтага агляду (ЛеГАЛ) паспрабаваў упісаць «у вечны кантэкст нацыянальнай літаратуры» юбіляра (80 гадоў, яшчэ раз сардэчна віншуем!) знанага паэта Анатоля Вярцінскага. Журналістка Кацярына Безмацерных жыва і актуальна гутарыць з мастакамі Аленай Бараноўскай і Віталём Герасімавым.

Гэтым разам заўважны раз­дзел крытыкі. Павел Абрамовіч друкуе частку сваёй будучай, пакуль недапісанай, кнігі. І хуткае выданне тэкстаў даравітага літаратара бачыцца істотным і, што важна, чытэльна-палемічным. Крытык Ірына Шаўлякова публікуе разгорнутую рэцэнзію на новую кнігу Алы Сямёнавай «У святой краіне выгнання...» Афарыст Алег Аблажэй лаканічна адгукаецца на кніжку для дзяцей Сержука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі».

Завяршае публікацыі нумара рубрыка «Дзеяпіс» з анатацыяй кніжных навінак, што выйшлі апошнім часам у недзяржаўных выдавецтвах. Увага! Падпісчыкам «Дзеяслова» прыкладваецца да нумара аўдыёдыск з дакументальнай стужкай пра змагарную айчынную паэтку Ларысу Геніюш.

Словам, тэкстаў хопіць на ўсе густы. Таму, спадарства, актыўней далучайцеся да беларускага пісьменства, «каб не страціць святое штосьці».

Надрукавана ў 63-м нумары "Літаратурнай Беларусі".

novychas.org