ЛеГАЛ: «Выйсце ўнутры»

З самага зачыну дзённікавых згадак «Лісты абляцелыя» Алеся Жука нечакана абдало мяне азонным свежаком: «Часта так у прыродзе задумана — у час цвіцення дажджы і холад. Каб вучылася выжываць будучае жыццё, якое яшчэ хоча толькі пачацца? Зараз бы дзе ў лес, у напаленую хату, быць аднаму, пісаць ці чытаць, глядзець праз акно на дождж і ад гэтага быць шчаслівым»…

А ў нас жыццё застыла ў спякотным марыве… Літаратары ў прыцененых гамаках закалыхваюць свае мляўкія мроі… А тое, што напісалася імі ў стылы час, якраз цяпер  падаецца чытачу ў свежых перыядычных выданнях.  Пагартаўшы 58 нумар часопіса «Дзеяслоў», заўважаеш гэтую інерцыю маральна-духоўнага жыцця беларускага грамадства, а ў лепшым выпадку яе ўнутранае пераасэнсаванне. Тое, што нязменна і запаволена, як рачная плынь, стаіць у нас штодзённа перад вачыма, мае свае працягі з нумара ў нумар. Гэта наша спрадвечная нацыянальная гісторыя, праўдзівасць якой мы не даём рады ўпісаць у нашы сучасныя аналы, і — нашы надзённыя праявы жыцця, якія, на жаль, мала ўплываюць на стан і змену палітычнага ладу, узаконенага і ўзурпаванага жалезнымі рычагамі дзяржаўнага кіравання… Што застаецца? Або разважаць над нязбытным і пераўладкоўваць яго знутры або выношваць новыя ідэі і планы выхаду з застойнай сітуацыі метадам наладжвання вонкавых сувязяў. Блізкія сваімі высновамі да акрэсленага мной вызначэння і дзве выдрукаваныя ў часопісе аповесці, якія выспавядаюць падобныя прынцыпы дзеяння. «Зялёны дуб» — гэта твор Паўла Ляхновіча, напісаны ў звыклым традыцыйным стылі дfбротнай беларускай класікі: прырода, людзі, прыгоды, учынкі, падтэкставая а то і наўпроставая маральная выснова… Дзея адбываецца ў сучасных адра­джэнскіх варунках. Археалогія, раскопкі, міліцыя, трагедыя… Усё як бы знаёма і не нова. Пакуль аўтар не выводзіць галоўнага героя за межы дазволенага, а менавіта — на небяспечны шлях нацыяналістычнага змагарства, і не на словах, а на справе (на падпольнай падрыхтоўцы да яе). Тут і валюта, і ананімнасць, і нечаканы трагедыйны купалаўскі сюжэт, які разгортваецца ў галаве героя на дзясятым паверсе былога маскоўскага аднайменнага гатэля… Аповесць чытэльная і, як мастацкая рэч, вартая ўвагі. 

Другая аповесць — «Lapido» Алеся Паплаўскага — выстраена абсалютна ў іншым стылі і, калі не новая па форме, то ва ўсякім разе выбітная з шэрагу сучаснай нацыянальнай прозы. Гэта ўнутраны дыялог героя з самім сабою — таго, якім ён ёсць насамрэч, і таго, якім ён быць хацеў бы… Можна казаць і пра аўтарскую спробу экзістэнцыі, і пра псіхалогію і пэўныя прэтэнзіі на інтэлектуальнасць. Пошукі чалавека ўнутры самога чалавека, не зважаючы на змену яго вонкавага стану і таго асяроддзя. Для нашай краіны сітуацыя пазнавальная, і прыстойны выхад з яе адзін — уласная фізічная (але не духоўная) дэпартацыя. Гэтак як у аповесці А. Паплаўскага. Звычайны памяркоўны беларус выпадкова трапляе ў апазіцыйны пераплёт і сам апынаецца на кручку ў органаў дзяржбяспекі. Яго «падвешваюць» і «шыюць артыкул»… Герой збягае за мяжу. У Чэхію, дзе ў 1967-м у Празе жорстка распраўляўся з вулічнымі паўстанцамі яго малады бацька-танкіст… І вось менавіта тут беларус пачынае апазіцыяніраваць сабе ранейшаму, электаральна-памяркоўнаму. Развагі, пошукі, медытацыі, поўная пераацэнка і пераасэнсаванне свайго былога духоўнага складніка… Твор псіхалагічна блізкі да выдрукаванай у 54 нумары  «Дзеяслова» аповесці Макса Шчура «Аўтсайдэр» (таксама, дарэчы, былога берасцейца, а цяпер пражаніна). 

Новы «Дзеяслоў» цалкам аддадзены вершаванай творчасці нашых дзяўчат і жанчын. Адкрываецца часопіс цыклам «Забытыя словы» Людмілы Рублеўскай. Вершы добрыя, хоць часам і прыкладныя і сям-там заўважна, як набытае прафесійнае майстэрства паўстае над нерукатворнасцю. «Бронзавыя сны», як і «сны фараонаў» у творах Л. Рублеўскай, можна сказаць, беспрабудна-нязводныя. Тэматыка такіх вершаў запатрабаваная і пакуль яшчэ выйгрышная. Таму можна толькі вітаць падобныя творчыя пасылы і заўважныя ўдачы. 

Іна Снарская жыве ва Ўкраіне. Яе нізка «Ад сэрца да сэрца — дарога…» вызначаецца глыбокай жаночай душэўнасцю і лірычнай жарстлівасцю. Адчуваецца ў яе вершах і фальклорны нацыянальны пачатак. Але не абыходзіцца і без праяў неўсвядомленай парывістасці і пачуццёвага хаасу, якія ў некаторых месцах разбураюць агульнае паэтычнае ўражанне.

Адна з найбольш адметных і глыбокіх падборак вершаў — «Голас крыві» Вікі Трэнас. Адчуваецца творчы рост паэткі, якая яшчэ нядаўна запаміналася слухачам найбольш свістам са сцэны, чым мастацкім узроўнем чытанага. І рост гэты ўглыб (у сябе), а не ўшыр (на публіку), заўважны разам з філасофскім асэнсаваннем жыцця, цвярозым поглядам на рэчы, людзей і час…

Ды не знаеш: ці ў вырай вярнуцца,
Ці з віра напіцца,
Ці жвірам засыпацца.
Перабіраеш горы драбніцаў.
Гора драбніцца.

Падборка Вікі, мабыць, самая малая па аб’ёму, але найбольш важкая па змесце. І гэта таксама кажа пра многае. Назоў агляду — цытата з яе верша.

Таленавітая і цікавая як паэтка Ганна Аўчыннікава. У яе нізцы «Кропля бурштыну» ёсць сваё ўнутранае святло, няяснае, але тым і прывабнае… Аднак хапае і выпадковых алагічных і эмацыйный выкідаў энергіі. Што ж, пажывём і праз пэўны час пабачым, «як спяць у вірах адбіткі збавення і веры» паэткі з Горадні.

Прыемна, што слабая палова нашай літаратуры, у прыватнасці, паэзіі, стала мужнець і мацнець — думаць глыбей і высноўваць аддаленей. У гэтым кантэксце і нізка Ганны Новік («Закаханы вандроўнік») падалася мне найбольш уражлівай з усяго мной прачытанага.

Запомніліся асобныя строфы маладой, але песімістычнай Веранікі Кашкан з яе запамінальна азагалоўленай нізкі «Не пакідай мяне, голас!».

Ну і нарэшце вартая вяртання і напаміну Любоў Турбіна (цяпер масквічка), вершы розных гадоў якой («У вечнасць пасланне») адмыслова пераклалі Л. Сільнова, С. Сыс і Г. Дубянецкая. 

Што да іншых публікацый, то сярод іх ёсць цікавыя, як для чытання, так і для роздуму. Бальшыня з іх даволі будзённыя, пазнавальныя і нават сям-там казённыя. Яны выяўлены з пекла і пекнаты нашага зусім нядаўняга жыцця. Сённяшнія аўтары аказаліся вельмі дакладнымі індыкатарамі дня ўчарашняга. Ці то пішуць яны пра свае ўласныя дзеі і ўчынкі, ці то пра чужыя, ці то яны інфармуюць нас, ці то спавядаюцца, ці то наракаюць на лёс, ці то звяртаюцца да сумлення або аточваюцца сумненнямі… 

Аляксандр Лукашук піша партрэтную эсэістыку (тонкую, празрыстую, іранічную, у нечым блізкую да стылю У. Арлова), якая неўпрыкмет зацягвае і хмеліць… Аднак, працверазеўшы пасля чытання, не-не, ды і развядзеш рукамі, прачытаўшы, скажам, «эпілог» да выдрукаваных у часопісе заўчасных успамінаў «Зкімбы — зімбы»: бо навошта ж аўтару было гарод гарадзіць з зашыфроўкай герояў, калі напрыканцы іх ініцыялы расшыфроўваюцца немаведама з якой прычыны…

Алесь Усеня нанёс мне, чытачу, аж пятнаццаць нажавых ранаў, роўна столькі, колькі нанёс беднаму парсючку, перад забіццём якога ён кляўся, што ў яго не хапае духу нават муху прыхлопнуць… Гэта я пра завяршальны яго цыкл успамінаў «Мой лістапад…». Па вялікім рахунку, вельмі цікавае чытанне і напісана з талентам… каб жа не парсючок той… шкада мне яго… «Жадаць чалавеку смерці можна не толькі ад лютай нянавісці, але і ад вялікай любові…» — піша аўтар у іншым месцы. Дык то ж чалавеку. А парсючок то ў чым вінаваты?!. 

Маладыя дзяўчаты Анастасія Грук і Яўгенія Руль, якія выступілі з кароткімі аповедамі ў рубрыцы «дэбют», пішуць пакуль наіўна і відорысна. Але нешта ў іх ёсць, нешта ім муляе на ўсходзе іх жыцця, значыць, па часе з’явяцца і па-сапраўднаму мастацкія праявы тых «нацёртых мазалёў» на нявінных душах… Яўгенія піша: «Ніхто не сумняваўся ў праўдзівасці сваіх думак». А вось гэта дарма. Мастак павінен падвяргаць сумненню нават уласнае сумленне… Спадзяюся, і гэта прыйдзе. Удачы дзяўчатам!

Ніл Гілевіч працягвае публікацыю выбраных старонак з дзённікаў («Год дзве тысяча першы»). Як і ранейшыя запісы, тэксты інфармацыйныя, роздумныя, сямейныя, афіцыёзныя, у меру суб’ектыўныя, сёе-тое, думаю, у сяго-таго будзе напрошвацца на палеміку…

Найбольш упадабаныя мной, зробленыя па-мастацку, літаратурныя дзённікавыя згадкі Алеся Жука, цытатай з якіх я і пачаў гэты агляд. Мог бы працытаваць яшчэ што, ды аб’ём не дазваляе. Будзем чакаць працягу.

Кастусь Цвірка ў сваім стылі апісвае цяперашні побыт роднай радавой вёскі на Старадарожчыне. Тут і жывыя людзі, і іх мова, звычкі, традыцыі, духоўныя ўзвышэнні і паўсядзённыя прыніжэнні… Зацягвае… 

Шмат матэрыялаў выдрукавана да юбілею Міколы Купрэева (успаміны блізкіх людзей, архіўныя фотаздымкі і захаванае яго сынам невядомае апавяданне). Пастараліся дзеля гэтай годнай публікацыі Ц. Чарнякевіч і аўтар гэтага опуса. 

Сяргей Абламейка («Палац акном у восень») спрабуе падаць свой погляд на гісторыю Беларусі і беларускай праваслаўнай царквы, а таксама на Унію ды іншыя дзеі, даты і пазнакі старадаўняй і сучаснай беларушчыны. «Я не рускі, не праваслаўны, не брат суседзям, не казак, не купаюся ў палонцы на Вадохрышча і г.д. Я люблю рэшткі еўрапейскага ў Беларусі, якія наш народ цяпер актыўна знішчае…» — піша аўтар. Яму нельга не верыць і не адчуваць яго болю.

Наша дзіцячая казачніца Алена Масла гутарыць са шведскай перакладчыцай і крытыкам дзіцячай літаратуры Янінай Арлоў. Раю пачытаць. Нязмушаная, даведачная інфармацыя ад дасведчаных людзей для ўсіх зацікаўленых актуальнай тэмай — выхаваннем новага пакалення.

Валер Прычынец гутарыць з паэтам Віктарам Жыбулем. Аснова гаворкі — праблемы сучаснай літаратуры і самога Жыбуля ў прыватнасці, асабістае жыццё якога тут таксама фігуруе… Канечне, тут больш прадстаўленне паэта на публіку, чым прадстаўлення паэтам сваёй абазнанасці ў запатрабаваннях гэтай публікі. Асоба навыраст…

Напрыканцы часопіса чарговая гутарка Кацярыны Безмацерных з сям’ёй маладых мастакоў Глебам і Веранікай Герасімавымі. Артыкул «Галоўная вуліца Мінска» вядомага пісьменніка і дакументаліста Леаніда Маракова. Рэч вядзецца пра сталічную вуліцу Савецкую (былую Захар’еўскую). Прывабліваюць у артыкуле вельмі цікавыя і невядомыя архіўныя дакументы ды і сам, цягам азнаямлення набыты, аўтарскі досвед. Прынамсі, гэта ўсяго толькі прадмова да новай кнігі.

Малады крытык Дзяніс Марціновіч разважае над творчымі і надзённымі праблемамі Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра ў сваім даволі аб’ёмным і аргументаваным артыкуле «Музычны тэатр. Час адраджэння?»

Ала Петрушкевіч піша пра ўзаемасувязі і пераклічку лёсаў дзвюх выбітных паэтак Беларусі Ларысы Геніюш і Наталлі Арсенневай. 

Тамара Кароткая рэзка крытыкуе энцыклапедыю «Максім Багдановіч» («Асцярожна:псеўдаэнцыклапедыя!»), выдадзеную ў «Энцыклапедыі імя П. Броўкі» ў 2011 годзе. Як аказалася, для гэтага ёсць процьма падстаў.

Юрась Пацюпа — наадварот — ухвальна паставіўся да выхаду ў свет «Вялікага слоўніка беларускай мовы», складзенага Ф. Піскуновым, дарэчы натуралістам, а па адукацыі хімікам («Адна галава добра, а дзве лепш…»). Наклад слоўніка: 20 асобнікаў. Не паспеў з’явіца, а ўжо — рарытэт!

Уладзіслаў Ахроменка ў рубрыцы «Практыкум» прапануе расповед «Як артысты «Харошак» танчылі для сына белагвардзейскага палкоўніка». Намешана ўсяго, але ўсё чытэльна. З вычуваннем стылю, часу і гумару. Па такой спякоце і смех не грэх. Гэткая во аглабельная ад Ахроменкі на развітанне з чарговым нумарам «Дзеяслова». То і добра. Да новай сустрэчы!

 

Леанід Галубовіч, "Дзеяслоў" № 58