Леанід Дранько-Майсюк: Рыгор Барадулін – гэта з’ява беларускай прыроды

Рыгор Іванавіч Барадулін. Фота labadzenka.by

Леанід Дранько-МайсюкВельмі сумная падзея адбылася 2 сакавіка – памёр Рыгор Барадулін. Гэта той паэт, які ўвайшоў у маё жыццё, паэт усяго жыцця.

Я памятаю, як мяне зачаравала кніга “Вяртанне ў першы смех” Рыгора Барадуліна, якую я прачытаў яшчэ школьнікам. Гэтая кніга мяне вельмі здзівіла. Мусіць, сапраўдная літаратура, паэзія, прымушае сэрца і душу здзівіцца. І так праз усё жыццё тыя кнігі, якія я чытаў – а былі нават кнігі Рыгора Барадуліна, якія я рэдагаваў, працуючы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, – здзіўлялі мяне сваёй нечаканай паэзіяй, метафарыстыкай, беларускасцю і тым, што ў гэтых кнігах была агучана патаемная праўда пра наш беларускі народ. І гэтая праўда была аптымістычная. Яна прыкладна гучала так: “Нягледзячы ні на што, мы ёсць, мы былі і будзем”. І ў гэтым сэнсе будзе заўсёды гучаць паэзія Рыгора Барадуліна.

РР: Нядаўна, літаральна пару гадоў таму, Кася Камоцкая і Віктар Корзун знялі фільм “Эпоха Рыгора Барадуліна”. Адзін з герояў кажа, што мы ўсе мелі шчасце, бо жылі ў эпоху Рыгора Барадуліна. Як лічаце, ці не перавялічаны гэтыя словы?

Леанід Дранько-Майсюк: Не. Гэта насамрэч так. У нашай нацыянальнай культуры і літаратуры ёсць эпоха Рыгора Барадуліна. Бо ва ўсіх паэтычных жанрах у філасофіі нашага існавання ён пакінуў вызначэнні, нейкія імператывы. Напрыклад, згадваюцца 4 радкі:

Мы ў смак наеліся эрзацу, 
І наслужыліся панам,
Адно, што застаецца нам, -
На роднай мове агрызацца.

Гэта і ёсць формула нашага існавання. І такіх афарызмаў у ягонай паэзіі дастаткова. Можна разгарнуць любую яго кнігу, чытаць і здзіўляцца той беларускай праўдзе, якая жыве ў нашай крыві, але мы пра яе не здагадваемся. І гэтая нацыянальная праўда прыходзіла да нас з вуснаў Рыгора Барадуліна, са старонак яго кніг. Хачу нагадаць яго верш “Анёл, які на лютні грае”:

Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае,
Калі забытыя сляды
Згадае сцежка маладая.

Калі гады, нібы дзяды,
На прызбу стомы сядуць з краю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.

Калі не позірку бяды,
А зноў душа паверыць раю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.

Гэта выдатнейшая паэзія, вельмі музычная. І той, хто казаў пра эпоху Рыгора Барадуліна, меў рацыю.

РР: Рыгор Барадулін сваю жыццёвую філасофію, свае глыбокія думкі падаваў людзям у такой форме, такой мовай, што такога майстэрства цяжка будзе камусьці дасягнуць.

Леанід Дранько-МайсюкМайстэрства Барадуліна – гэта асобная тэма. Ён настолькі шчодры быў у сваім майстэрстве, што я як чытач, як рэдактар ягонай паэзіі заўсёды здзіўляюся. Я 20 гадоў працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, маю пэўны рэдактарскі вопыт. Былі розныя аўтары, якім я як рэдактар нешта прапаноўваў, а яны вельмі крыўдзіліся. Нават калі я закрэсліваў нейкае адно непатрэбнае слова, з іхняга боку быў шквал эмоцый, каб я нічога не чапаў: як напісана, так і мусіць быць.

А Барадулін?! Ён імгненна прымаў любую прапанову, ён згаджаўся з кожнай праўкай. І кожны рукапіс перад тым, як здаць у рэдакцыю паэзіі, Барадулін даваў спачатку чытаць свайму сябру Міхасю Стральцову. Яны днямі сядзелі, і Стральцоў чытаў яго вершы. Майстар чытаў майстра. І Рыгор Барадулін прымаў любую прапанову, заўвагу Міхася Стральцова. І пасля іх, калі я чытаў рукапісы, і нават калі ў мяне ўзнікалі нячастыя, але ўсё ж рэдактарскія прапановы, Барадулін іх імгненна задавальняў. І гэта мяне здзіўляла. Ён быў пластычны. Як віртуоз, мог на адзін свой верш хутка даць некалькі варыянтаў.

Калі я яшчэ вучыўся ў Маскве, у Літаратурным інстытуце, тады студэнты і літаратурныя крытыкі казалі, што беларускі паэт Рыгор Барадулін – гэта паэт, які носіць за плячыма вялізны мех рыфмаў і метафар. Магчыма, у гэтым выказванні была нейкая іронія, але разам з тым была і праўда. Бо метафарычная, вобразная шчодрасць Рыгора Барадуліна проста бясконцая. 

РР: Але гэта і доказ яго сапраўднай велічы. Ён разумеў, што натхненне – гэта адно, а праца рэдактара – гэта другое. І ніколькі не зменіцца вага яго верша, калі рэдактар выкажа тую ці іншую заўвагу.

На шчасце, я некалькі разоў у жыцці спаткаў яго. З аднаго боку, ведаеш, што ён вялікі паэт, гігант, а з доугога боку, ад яго ішло нейкае цяпло. Мне падаецца, што паміж ім і людзьмі не было бар’еру. Нездарма ўсе пачалі зваць яго дзядзькам Рыгорам.

Леанід Дранько-Майсюк: Ну, так. Ён не быў у баку ад людзей, ніколі не выходзіў з чалавечага прастору, а быў заўсёды ў цэнтры.

Ён быў і добрым, і злым. Ён імгненна мог стварыць добры настрой нейкім жартам ці нечаканым анекдотам. Напрыклад, узгадваюцца яго бліскучыя радкі верша “Выезд на прыроду”:

Уранні хапала 
Пітва i запалу,
Пад вечар сказаць бы маглі:
“Нага чалавечая тут не ступала”,
Бо паўзалі ўсе па зямлі.

Ён умеў жыць, ён ўмеў працаваць. Дарэчы, я вельмі здзіўляўся: Барадулін сам працаваў рэдактарам, сам чытаў мора чужых рукапісаў. Часам ён сам перапісваў аўтараў, не шкадуючы свайго часу. Ды паспяваў ствараць сваё. Паспяваў жартаваць, вандраваць ад Амерыкі да Кітая, па ўсім былым Савецкім Саюзе. Тады яго хапала на ўсё.

Ён быў рэдактарам маіх першых кніжак. Барадулін мне як рэдактару ў многім дапамог. Таму яго акіянічна-вулканічная існасць адчувальная і такой будзе заўсёды, бо гэта чалавек-агонь, які не шкадаваў сябе.

Але разам з тым ён быў розны. Я бачыў яго ў розных сітуацыях. І ён ніколі не хаваў сваіх пачуцяў. Міхась Стральцоў казаў: “О, у Рыгора востры язычок”. І часам шмат хто трапляў на яго востры язычок, здараліся нават канфлікты і спрэчкі. Без гэтага ён бы не быў тым Барадуліным, якога мы ведаем. Рыгор Барадулін – гэта з’ява беларускай прыроды. Наша шчасце, што такія творцы ёсць у нас. 

РР: Так. І пасля яго застануцца яго кнігі, вершы, да некаторых з іх напісана музыка.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя