Леанід Дранько-Майсюк напісаў "Кнігу для спадарыні Эл"

“Кніга для спадарыні Эл” Леаніда Дранько-Майсюка выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Вось што кажа аўтар пра сваю новую кнігу і яе галоўнага персанажа:

“Спадарыню Эл ідэальнай беларускай ніяк не назавеш. Гэты сацыяльны тып узнік на мяжы XX і XXI стагоддзяў, псіхалагічна і партрэтна (вонкава!) ён ужо сфармаваўся.

Такіх жанчын, вядома, не тысячы і тысячы, але іх ужо шмат, асабліва ў Менску, і яны даволі прыкметныя, гэтыя глянцавітыя кветкі “салодкага” гламуру і порсткага капіталізму.

Кніга складаецца з пяці раздзелаў, і гэта менавіта кніга, а не зборнік.

У першым раздзеле, які мае назву “Нервовы раман” сабраны ці не ўсе алюзіі і ці не ўсе матывы астатніх чатырох раздзелаў, таму ўсе тэксты (вершаваныя, перакладныя, празаічныя і г.д.) так ці інакш датычныя спадарыні Эл.

“Кніга для спадарыні Эл” арыгінальна ўпарадкавана і ў першую чаргу жанрава ўпарадкавана.

Ад першай да апошняй старонкі кнігу яднае аўтарскі стыль”. 

 

Кніга для спадарыні Эл: проза, вершы, п'еса / Леанід Дранько-Майсюк. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 200 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 27).

 

“Кніга для спадарыні Эл” ужо пятнаццатая ў творчай біяграфіі аўтара. Першая – зборнік вершаў “Вандроўнік”, які ўбачыў свет у 1983 годзе. І ўсё ж найважнейшай для сябе аўтар называе апошнюю.

“Мяркую, важнейшая для мяне ўсё ж такі “спадарыня Эл”, бо яна мае ўжо свой лёс. З 2005 года, калі існаваў яшчэ адзіны Саюз пісьменнікаў, кніга знаходзілася ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у якім я, дарэчы, працаваў да жніўня 2002 года.

Кнігу паставілі ў план, на яе сабралі наклад (памятаю, было 1500 асобнікаў), зрабілі вёрстку, выканалі мастацкае афармленне…

Але за сем гадоў кнігу так і не выдалі.

Чаму?

Ды таму, што аўтар знаходзіўся ўжо не ў тым творчым калектыве, не ў той, як сказаў бы адзін малады празаік, зборнай”.

 

Пра аўтара:

Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў Давыд-Гарадку, што на Гарыні. Скончыў давыд-гарадоцкую сярэднюю школу № 2 (1974). Працаваў на мясцовым заводзе слясарна-мантажнага існтрументу (1974-1976). Дзякуючы расійскай пісьменніцы Лідзіі Абухавай, паступіў на завочнае аддзеленне маскоўскага Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага ў паэтычны семінар Д. Кавалёва (1975). Быў прызваны на службу ў армію (1976). Адслужыўшы, перавёўся ў Літаратурным інстытуце на вочнае навучанне ў семінар - спачатку С. Смірнова і У. Мількова, а пазней - Я. Ісаева і У. Мількова (1978). Па вучобе з Масквы пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у выдавецтве "Мастацкая літаратура" (1982). Са жніўня 2002 года - на вольнай працы. Сябар ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" за нізку апавяданняў у часопісе "Дзеяслоў (2005).

Прэсавая служба СБП