Леанід Маракоў: “Памяць пра нашых продкаў — падмурак будучыні Беларусі”

Не першы год журналіст, пісьменнік, гісторык і энцыклапедыст Леанід Уладзіміравіч Маракоў займаецца сур’ёзнай працай — вывучэннем рэпрэсіяў у савецкай Беларусі.
Вось з якімі словамі звяртаецца ён да наведнікаў створанага ім сайта marakou.by:
“Вы зайшлі на адзіны ў свеце сайт, дзе размешчаны біяграфіі нашых продкаў — пакутнікаў, расcтраляных або закатаваных у турмах НКВД, і тых нямногіх, што пакалечанымі вырваліся з ленінска-сталінскіх канцлагераў. Гэта больш за 4000 настаўнікаў, 3000 каталіцкіх і праваслаўных святароў, 1500 медыцынскіх і ветэрынарных работнікаў, больш за 1000 літаратараў і навукоўцаў, многія тысячы іншых дзеячаў культуры, грамадства, прамысловасці Беларусі.
У бліжэйшыя часы планую пазнаёміць вас з
біяграфіямі 20000 рэпрэсаваных беларускіх інтэлігентаў, а гэта фактычна
ўся інтэлектуальная эліта крывавых 1920—1950-х гадоў. Усяго ж на сёння сабраны
звесткі пра больш як 130 тысяч рэпрэсаваных жыхароў Беларусі.
Памяць пра нашых продкаў — падмурак,
на якім мы зможам бараніць будучыню Беларусі, яе Свабоду і Незалежнасць!”
За апошнія гады Леанід Уладзіміравіч выдаў некалькі новых кніг на гэтую тэму:
Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960
Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. Том I
Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. Т. II
На сайце можна атрымаць поўную інфармацыю пра выданні і азнаёміцца са спісам усіх кніг, выдадзеных Леанідам Мараковым.
Набыць гэтыя ды іншыя кнігі можна, звязаўшыся з аўтарам праз адмысловую форму.
Прэсавая служба СБП