Леаніда Маракова ўспомнілі ў Мінску (фота)

Барыс Пятровіч

Вядучым вечара выступіў старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, які пазнаёміўся з Леанідам у пачатку 1990-х у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", пераклаў на беларускую мову і надрукаваў першае мастацкае апавяданне спадара Маракова.

Больш за 30 выдадзеных тамоў і больш за 20 000 адкрытых і апісаных персаналій ахвяр і катаў сталінскіх рэпрэсій -- плён працы спадара Леаніда ўражвае.

"Ён адзін зрабіў тое, што пад сілу хіба што цэламу навукова-даследчаму інстытуту", -- падкрэсліваў у сваім выступе кожны, хто ведаў пісьменніка, супрацоўнічаў з ім. Успаміналі таксама і неўтаймоўны характар, энергічнасць Леаніда, яго імкненне ўвесь час кудысьці спяшацца, працаваць за камп'ютарам содні напралёт -- відаць, менавіта дзякуючы гэтаму Маракоў так шмат паспеў.

Акрамя Барыса Пятровіча, падзяліліся сваімі ўспамінамі пра пісьменніка і даследчыка ягоныя калегі, тыя, хто з ім супрацоўнічалі і падтрымлівалі яго ў розны час: Уладзімір Арлоў, Ганна Запартыка, Міхась Скобла, Віктар Шніп.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org