Леаніду Дайнеку — 75!

Шаноўны Леанід Мартынавіч! Прыміце нашыя сардэчныя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, плёну ў штодзённай працы і творчай дзейнасці, радасці і гармоніі Вам і Вашым блізкім!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Леанід Дайнека нарадзіўся 28.1.1940 у вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972-89 адказны сакратар часопіса "Маладосць". З 1989 -- у выдавецтве "Мастацкая літаратура".
Друкуецца з 1961 года. Аўтар зборнікаў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі ("Галасы", 1969, "Бераг чакання", 1972, "Мая вясна саракавая", 1979, "Вечнае імгненне", 1985), зборнік апавяданняў "Бацькава крыніца" (1976). Раманная дылогія "Людзі і маланкі" (1977) і "Запомнім сябе маладымі" (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі, станаўленння беларускай дзяржаўнасці ў 1917-19.
Тэму горада асэнсоўвае ў рамане "Футбол на замініраванным полі" (1987). Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гістарычным рамане "Меч князя Вячкі" (1987, Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. Мележа, 1987).
Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей - герой гістарычнага рамана "След ваўкалака" (1988, разам з папярэднім раманам атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя К. Каліноўскага, 1990). Ранні этап станаўлення старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага - адлюстраваў у гістарычным рамане "Жалезныя жалуды" (1990). Аўтар фантастычнага рамана "Чалавек з брыльянтавым сэрцам" (1992). Некаторыя вершы Дайнекі пакладзены на музыку.
Беларускія гарады
Дзеці славы і дзеці бяды -
Беларускія гарады.
Менеск, Вітбеск, Полацк і Рша…
Аблятае стагоддзяў іржа.
Невядомасць знікае, як сон.
Зноў стаю каля вашых акон.
Люд працуе, шуміць, месіць цеста,
Малаткамі ў кавадлы б'е…
Людзі Горада, Людзі Места,
Я люблю вас, мяшчане мае.
Ўсё было - і веліч, і слава,
Магдэбургскае права.
Гараджанкі ў прыгожых строях
Сустракалі з бітвы герояў.
Адганяючы груганоў,
Плыў над вамі покліч званоў.
Апетытна і ганарліва
З медных кубкаў лілося піва.
Прагіналі сталы прысмакі -
Сцёгны, рулькі, каўбасы, ракі…
З'еў, крычыш: "Падавай яшчэ!"
(Верш пішу, і слінка цячэ).
А мяшчаначка за сталом
Русяватым варушыць брывом.
І на шыйцы жылка дрыжыць.
Ах, панове, як хочацца жыць!
Леанід Дайнека
Цікаўцеся навінамі з творчага жыцця пісьменніка на афіцыйным сайце Леаніда Дайнекі.
Прэсавая служба СБП