Лекцыя Марціна Путны адбылася ў Мінску: рэпартаж

Medium?1399545003

Прафесар Карлавага ўніверсітэта, чэшскі культуролаг і даследчык літаратуры Марцін Путна выступіў з лекцыяй па гісторыі сярэднееўрапейскай літаратурнай крытыкі. Сустрэчу, якая прайшла ў офісе ПЭН-цэнтра, зладзіў сайт bookster.by. Падчас лекцыі спадар Марцін прызнаўся, што баяўся ехаць у Беларусь, здолеў нясумна паглыбіць слухачоў у гісторыю еўрапейскай крытыкі, а адказваючы на пытанні, няўзнак згадаў, што амаль на кожную чэшскую кнігу выходзіць нешта каля 10 – 15 рэцэнзій. 

«Я баяўся ехаць у Беларусь, мяне пужалі, што тут я сутыкнуся з нечым страшным. Але ўжо тры дні я збіраю новыя ўражанні і матэрыял для роздумаў. Што да мяне, то я ўжо былы літаратурны крытык, бо кінуў гэтае рамяство. Магчыма, праз тое, што пачаў займацца гісторыяй літаратуры. Мне падалося, гэта больш гаворыць пра яе сутнасць».

«Напачатку патлумачу, чаму я не кажу толькі пра чэшскую крытыку, а менавіта пра крытыку Сярэдняй Еўропы і адкуль гэты панятак узяўся. У 1980-х гадах генерацыі Вацлава Гавэла, апазіцыйным пісьменнікам і інтэлектуалам Чэхіі, а таксама Славакіі, Польшчы, Літвы, Славеніі ды іншых краінаў, якія належалі да сацыялістычнага лагера, надакучыла, што калегі з Заходняй Еўропы і Амерыкі называюць іх Усходняй Еўропай. У якасці такога акта самаабароны і культурнага пратэсту яны пачалі падкрэсліваць, што ўсе краіны паміж Усходам і Захадам маюць агульнае, у тым ліку ў літаратуры і крытыцы XIX-XX стст. Сярэдняя Еўропа – гэта нешта паміж Захадам і Усходам, паміж нямецкімі імперыялістычнымі ідэямі і рускімі. У 1990-я гады ўсе пісьменнікі падкрэслівалі, што яны сярэднееўрапейскія аўтары, для якіх страчаным залатым стагоддзем з'яўляецца якраз перыяд Аўстра-Вугорскай імперыі, што насамрэч парадокс, бо гэтыя незалежныя дзяржавы ўзніклі на яе руінах. Прапаведнікамі ідэяў Сярэдняй Еўропы, апроч Гавэла, былі Мілан Кундэра і Петэр Эстэрхазе. Сёння панятак Сярэдняй Еўропы выйшаў з моды. Але ў цяперашніх варунках я думаю, што гэтая ідэя не такая ўжо мёртвая, якой падавалася ў 1990-я".

"У эпоху нацыянальных адраджэнняў літаратурная крытыка грала ролю службовую, падчыненую, прапагандысцыцкую. Яна прапагандавала нацыянальную літаратуру, якая павінная служыць нашаму нацыянальнаму адраджэнню. Крытык ухваляў тое, што важна для стварэння ідэалізаванага вобраза народа, тое, што ён хацеў бы, каб ведаў свет пра ягоны народ. А ці добрай якасці твор – не так ужо важна. Апявалася нашая вёска, маральная чысціня людзей у ёй, наш фальклор, песні і тое, што наш народ самы пакутны народ у свеце, наш лёс – самы гаротны на зямлі. Я бачу, што вы ўжо недзе гэта чулі". 

"У 20-х гадах Прага стала адным з цэнтраў рускай эміграцыі. Тут адбыўся Пражскі лінгвістычны гурток, сябрамі якога былі чэшскія хатнія мовазнаўцы і літаратуразнаўцы, а таксама рускія эмігранты Трубяцкі, Якабсон і іншыя лінгвісты. Яны развілі іншы напрамак крытыкі – крытыкі як навукі, у якой не браўся пад увагу ўжо сацыялагічны кантэкст, а толькі сам тэкст, які павінен быць абсалютна аб'ектыўна прааналізаваны. Яны стварылі такую магутную плынь, як структуралізм, дзе асноўнай ідэяй было тое, што аўтара не існуе, але і крытыка не існуе таксама, ён толькі інструмент для аналізу тэкста. Так што амерыканскі структуралізм пачаўся дзякуючы рускім эмігрантам у Празе".

"У 20-30-я гады сфармаваўся адказ на гэтае навуковае разуменне крытыкі, абсалютна адваротны – крытыка гэта мастацтва. Асоба крытыка — на першым плане, ён павінен быць мастаком слова, свае меркаванні крытык можа тлумачыць толькі ўласным аўтарытэтам: «Я напісаў так, бо маю аўтарытэт, бо я крытык». Гэты кірунак распрацоўваў легендарны чэшскі крытык Францішак Ксавер Шалда, чыё імя пасля стала такім збіральным паняткам для ўяўнага ідэальнага крытыка. Ён заснаваў свой крытычны часопіс, які называўся "Нататнік Шалды", які ён напаўняў нумар за нумарам толькі сваімі рэцэнзіямі, а, на жаль, таксама і сваімі вершамі. Сёння калі б Шалда жыў, то напэўна, ён меў бы свой блог". <...>

<...> "Але што раптам здарылася? Здарылася тое, што нават інтэлектуальныя слаі грамадства страцілі цікавасць да літаратуры, хаця выходзілі бліскучыя раманы. Літаратура постмадэрнізма стала цікавіцца толькі сама сабой, унутраным жыццём суполак і літаратурных плыняў, а для шырокага грамадства ўсё гэта стала нецікава. Тады ўзнік канцэпт, калі крытыка засноўвалася на прынцыпе негатыўнасці, судзіць – гэта асуджаць, знішчаць, прыніжаць. Тады я зрабіў такі скандал (я за сваё жыццё зрабіў шмат скандалаў). У адным артыкуле я вырашыў разабрацца ў гэтым крытычным негатывізме, які карыстаецца структуралістычнымі метадамі, але за аб'ектыўнасцю і навуковасцю схаваныя персанальныя і ўнутрылітаратурныя разборкі. Я прыдумаў гіпатэтычную анкету для крытыка, якую парэкамендаваў публікаваць перад кожнай рэцэнзіяй. Па анкеце бачна якія стасункі звязваюць крытыка і аўтара. Пытанні былі такія: "Ці вы асабіста знаёмыя з аўтарам твора? Ці былі ў вас у мінулым спрэчкі асабістыя альбо ідэйныя? Ці належыце вы да той жа літаратурнай плыні, што і аўтар, альбо да супольнасці, якая з ёй канфліктуе? Выдавец вашага часопіса – той жа, што выдавец гэтага твора?" І г.д. Скандал быў страшны". <...>

Працяг лекцыі, а таксама болей фота глядзіце на сайце bookster.by.

Фота Зарыны Кандрацьевай