Лекцыя памяці Рыгора Барадуліна ў Віцебску — 31 мая

“Голас і Логас Рыгора Барадуліна”. Лекцыя з чатырма лірычнымі адступленнямі

Калі: 31 траўня, 17.00

Дзе:  Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5)

Родныя мясціны для творцы маюць выключнае значэнне, гэта не проста блізкія сэрцу краявіды – ёсць у іх нешта сакральнае. У іх — крыніца натхнення, прычына радасці, смутку і болю, у родных мясцінах – вытокі тых сілаў, якія  дапамагаюць паэту дашуквацца глыбінных сэнсаў роднага Слова.

Паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла звернецца да прысутных з пытаннямі, на якія мы, напэўна, будзем шукаць адказы не адно дзесяцігоддзе. Ці ацанілі мы напоўніцу, з кім жылі побач? Як разгадаць мову Барадуліна? У чым таямніца і чараўніцтва вобраза Маці ў барадулінскай паэзіі? Наколькі ж сапраўды беларусы ведаюць свайго Паэта – як асобу, як творцу, наколькі разумеюць глыбіню і сутнасць ягонага слова?

“Барадулінская паэзія акумулявала ў сабе і беларускую мудрасць, і беларускую дабрыню, і беларускі досціп. Усё наша шматпраяўнае быццё адлюстравалася ў ёй, і глядзім мы з радасным здзіўленнем на тое адлюстраванне: а мы, аказваецца, і цікавыя, і самадастатковыя, і нябедныя, і хадзіць нам у пазыкі да чужога дзядзькі не варта. Паводле сваёй метафорыкі, вобразатворчасці сваёй Барадулін папросту не мае сабе роўных. Беларусі ён дадзены як бы навырост. Чытаючы і спасцігаючы яго, мы будзем расці – і духоўна, і нацыянальна”, — сказаў у інтэрв’ю напярэдадні мінскай лекцыі Міхась Скобла.

Але з Віцебскам звязаная асаблівы кантэкст, заўважае лектар:

«Барадулін – паэт сусветнага маштабу, паэт глыбінна беларускі, але ж найперш Барадулін – віцебскі. Ён быў галасніком менавіта “Віцебшчыны, лёсам не выпешчанай” (рыфма – барадулінская) . Віцебшчына вагома прысутнічае ў яго паэзіі – тапанімікай, сюжэтамі, прыслоўямі (“Здубавецце” і Вушацкі словазбор” – гэта ж моўныя нерушы Віцебшчыны). Сваю малую радзіму Барадулін ператварыў у вялікую – у літаратурным вымярэнні. Віцебшчына столькі дала яму як паэту, а ён усё ёй вярнуў – як доўгатэрміновую пазыку, з залатымі адсоткамі сваёй паэзіі. Сімвалічна і тое, што для вечнасці паэт выбраў Віцебшчыну – свае родныя Вушачы»

Запрашаем да спазнання Рыгора Барадуліна!..

Лекцыя адбудзецца 31 траўня ў залі Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5), пачатак а 17.00. Уваход вольны!

Больш інфармацыі пра лекцыі “Гораду і Свету” на старонцы: http://fly-uni.org/urbi-et-orbi

fly-uni.org