Лекцыя з гітарай: спяваная паэзія па-беларуску

Паэт і перакладчык (а часам і выканаўца перакладзеных песень) цягам пяці сустрэчаў знаёміў публіку з найбольш значнымі для сябе амерыканскімі (Эдгар По), французскімі (Бадлер, Рэмбо, Малармэ, Апалінэр), польскімі (Галчыньскі, Мілаш, Герберт, Шымборска), беларускімі (Танк, Барадулін, Стральцоў) аўтарамі.

Сваю апошнюю лекцыю аўтар правёў у фармаце амаль акустычнага канцэрту, не толькі апавядаючы пра сваіх улюбёных паэтаў-музыкаў, – Сержа Гензбура, Уладзіміра Высоцкага, Яцака Качмарскага – але і спяваючы пад гітару свае пераклады іх песень.

http://budzma.by/wp-content/gallery/khad/IMG_0206.jpg

Вечарына пачалася хвілінай маўчання па народным паэце Нілу Гілевічу, пасля чаго перакладчык выканаў песню Качмарскага “Зброя”, прысвяціўшы яе памяці ўсіх “паэтаў-грамадзян”, што не баяліся й не саромеліся адстойваць свае ідэалы. Цэнтральны вобраз песні – латы, якія дасталіся нашчадку ў спадчыну. Латы яму відавочна завялікія (бо ўсе мы – карузлікі на плячах у волатаў), але яны маюць адну магічную здольнасць – прымушаюць расці таго, хто рызыкнуў іх прымерыць.

Далей перакладчык працягнуў знаёміць слухачоў з польскім бардам, робячы неабходныя біяграфічныя і культуралагічныя заўвагі да песень. Так, “Муры” параўноўваліся са сваім першаўзорам – “Слупом” каталонца Луіса Льяка, а “П’яніца” – з арыгінальнай версіяй бельгійскага паэта-барда Жака Брэля. Потым выступоўца перайшоў да расійскага творцы. Прагучала знакамітая “Лірычная” Высоцкага, а таксама ягоная “Песня пра абражаны Час” з культавага цыклу зонгаў для спектакля “Аліса ў краіне цудаў” паводле Льюіса Кэрала. Вечарына скончылася шэрагам беларускіх перастварэнняў Сержа Гензбура. Хадановіч звяртаў увагу на неабходныя вольнасці ў перакладзе, расказваў, як французскі наватвор “Аквабаніст” ператварыўся ў “Анахраніста” (бо герой на ўсе прапановы адказвае: “А на храна”), а перакласці песню “Ces petits rien” дапамагла назва крамы “Тысяча драбніцаў”.

Аповеды і спевы суправаджаліся відэашэрагам, знанымі і не вельмі знанымі здымкамі паэтаў. Прысутныя маглі пачуць арыгіналы Гензбура і Качмарскага (арыгіналы ж Высоцкага, на думку лектара, і так усім у нашых шыротах добра вядомыя).

На пачатку сустрэчы Андрэй заўважна хваляваўся, падглядаў у паперах забытыя словы, але зычлівая публіка сустракала песні вельмі цёпла, і гэтая пазітыўная энергетыка перадалася выканаўцу – і далей пайшло лепей і лепей. Канцэрт доўжыўся ўжо дзве гадзіны, калі паэт-перакладчык запытаўся, ці можа паказаць яшчэ дзве песні. Нястомныя слухачы дазволілі праспяваць тры.

БОЛЬШ ФОТА НА BUDZMA.BY